Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея не прывабная для колішніх хаўрусьнікаў


Вядучыя заходнія экспэрты — немец Ганс-Генінг Шродэр і швэд Андэрс Ослунд — пэсымістычна ацэньваюць цяперашні стан СНД.


Яны мяркуюць, што Расея на сёньняшні дзень малапрывабная для постсавецкіх краін як палітычна, так і эканамічна. Магчыма, у пэрспэктыве 20—30 гадоў штосьці і зьменіцца, аднак не цяпер.

Як піша на старонках брытанскай The Financial Times вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту міжнароднай эканомікі імя Пэтэрсана (са штаб-кватэрай у Вашынгтоне) Андэрс Ослунд, сёньня “нават Беларусь, найбольшая саюзьніца Расеі, па горла сытая Крамлём і шукае іншых варыянтаў”.

Паводле Ослунда, праблема Расеі ў тым, што яна праводзіць няўдалую ў шырокім сэнсе палітыку ў сваім блізкім замежжы. Масква проста ня ведае, як змагацца са сваімі постсавецкімі суседзямі.

Мэты розных расейскі лобі кепска спалучаюцца паміж сабой. Так, Газпром хоча манапалізаваць пастаўкі і збыт газу. Бізнэсоўцы імкнуцца да пашырэньня ўласных карпарацый. Расейскія нацыяналісты праводзяць палітыку нэаімпэрыялізму, папулісты пры падтрымцы электарату актыўна нападаюць на сваіх суседзяў.

“У выніку дзяржавы, якія ўзьніклі пасьля распаду СССР, імкнуцца разьвіваць стасункі з кім заўгодна, акрамя Расеі”, — мяркуе швэдзкі экспэрт. Ён лічыць, што Захаду варта зрабіць з гэтага выснову.

Тым часам аналітык з бэрлінскай Фундацыі навукі і палітыкі, прафэсар Ганс-Генінг Шродэр у інтэрвію радыё Deutsche Welle адзначыў, што ў цяперашняй канкурэнцыі з ЭЗ ды Кітаем, да якіх разьвярнуліся былыя саюзныя рэспублікі, Расея прайграе. “Калі ж яна будзе і надалей прэтэндаваць на выключную ролю супэрдзяржавы, то ў выніку застанецца ў адзіноце”, — падсумоўвае нямецкі навуковец.

Гаворачы пра выхад Грузіі з Садружнасьці Незалежных Дзяржаў, прафэсар мяркуе, што гэта ня будзе мець нейкага сур’ёзнага ўплыву на СНД. Аналітык увогуле ня бачыць аніякага сэнсу ў далейшым існаваньні гэтай структуры. Зразумела, Масква будзе імкнуцца збэрсаць з рэштак СССР нейкі альянс і нават стварыла з гэтай мэтай шэраг рэгіянальных структур кшталту ЭўрАзЭС ці АДКБ. Аднак усе яны не ідэнтычныя з СНД. У працы некаторых з новых арганізацый не бярэ ўдзелу Ўкраіна, а сяброўства Беларусі — фармальнае. У выніку ніводная з гэтых структураў не працуе як мае быць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG