Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Закрыцьцё беларускіх праграм — падзея сумная. Хаця не трагічная”


У швэдзкіх СМІ разгарнулася палеміка адносна рашэньня закрыць ад 1 верасьня беларускамоўныя праграмы швэдзкага радыё.


Аўтар артыкула “Што сапраўды баліць” у выданьні Norrköpings Tidningar — вядомы ў краіне міжнародны аглядальнік і папулярны блогер Ганс Стыгсан Міхайлаў.

У сваёй калёнцы “Michajlovs blogg” ён піша:

“Sveriges Radio спыняе вяшчаньне на беларускай мове. Падобнае рашэньне ў некаторых швэдаў выклікала гнеў ды абурэньне. Я не належу да гэтага кола, хоць я і шчыры прыхільнік дэмакратыі ў Беларусі.

Тым ня менш я не лічу, што швэдзкае радыёвяшчаньне на Беларусь, аб'ём якога складае пару з паловай гадзін у тыдзень, істотна паўплывае на дэмакратызацыю гэтай краіны. Але, у любым выпадку, закрыцьцё каналу — падзея сумная. Хаця не трагічная.

Нашмат большая праблема — тая, што швэдзкія мэдыі ўвогуле абыякавыя да Беларусі. Я згодны, што з закрыцьцём вяшчаньня беларусы ня змогуць атрымліваць больш інфармацыі пра Швэцыю, аднак, зь іншага боку, як жа мала атрымліваюць інфармацыі пра Беларусь швэды на сваёй роднай швэдзкай мове! Такое кепскае асьвятленьне падзеяў у гэтай ды іншых краінах не выклікае зьдзіўленьня.

З кожным годам замежных карэспандэнтаў, якія працуюць на швэдзкія СМІ становіцца ўсё меней.Затое колькі трыюмфальных перамог сьвяткуюць правінцыйныя журналісты!”

Norrköpings Tidningar — штодзённае выданьне лібэральнага кірунку, заснаванае ў 1758 годзе.

Першая беларускамоўная перадача на Радыё Швэцыя зьявілася 7 лістапада 2004 году. Праграмы выходзяць на кароткіх хвалях да 1 верасьня па панядзелках, аўторках, суботах і нядзелях ад 17.30-18.00 (частата 6 065 кГц, даўжыня хвалі 49 м) і ад 20.00-20.30 (частата 5 840 кГц, даўжыня хвалі 49 м) паводле Грынвічу.

Сваё рашэньне аб закрыцьці беларускамоўнага вяшчаньня кіраўніцтва SR International патлумачыла тым, што “сёньня да замежнага вяшчаньня трэба падыходзіць больш рацыянальна”, у тым ліку — “імкнуцца выкарыстоўваць адну мову для некалькіх краін”. Што да рэгіёну былога СССР, то тут, лічаць на Радыё Швэцыя, найшырэй разумеюць расейскую мову.

Гэта рашэньне выклікала пратэсты швэдзкіх палітыкаў і грамадзкасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG