Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Становішча Лукашэнкі вельмі складанае”


А.Лукашэнка заявіў, што Беларусь ня будзе “ў корані” пераглядаць стратэгічныя кірункі ўнутранай і зьнешняй палітыкі, аднак не выключае “своечасовую кропкавую і гнуткую карэктыроўку” асобных падыходаў. На ўчорашняй нарадзе ў Менску з кіраўнікамі беларускіх замежных устаноў ён заявіў, што апошнім часам з боку Расеі для Беларусі выяўляецца “пагроза цяжкавагавай дзяржаўнасьці”. Затое Нямеччыну, Італію і Францыю ён назваў “сапраўднымі магутнымі лякаматывамі па ўцягваньні Беларусі ў агульнаэўрапейскія працэсы”. Як камэнтуюць у Менску заявы А.Лукашэнкі?


Кіраўнік блізкага да адміністрацыі прэзыдэнта аналітычнага цэнтру “Экоом” Сяргей Мусіенка адзначыў, што “пагроза цяжкавагавай дзяржаўнасьці” з боку Расеі існавала заўсёды.

“Гэта, на жаль, застарэлая іхняя хвароба. Калі выкарыстоўваюцца любыя нагоды то па малацэ, то па мясе, надуманыя ці не надуманыя, але любыя нагоды абвастрыць стасункі. Але ж гэта сыходзіць не ад нас. Натуральна, гэта выклікае непаразуменьне ў любога чалавека. Мы заўважылі, што мяняецца стаўленьне да Эўропы, і якраз на фоне расейскай малочнай вайны. Расея сама сабе робіць мядзьведжую паслугу, пэдалюючы такія пытаньні, надаючы ім занадта вялікую значнасьць. Народ паварочваецца, пачынае глядзець у бок Эўропы ў разьвіцьці стасункаў”.

Паводле Андрэя Фёдарава, праяваў расейскай “цяжкавагавай дзяржаўнасьці” апошнім часам было вельмі шмат.

“Дапяклі, я думаю, браты. І нават пры ўсім жаданьні захаваць гэтую саюзную дзяржаву ці рабіць выгляд, што яна захоўваецца, становіцца ўсё цяжэй і цяжэй”.

Паводле спадара Фёдарава, больш пазытыўныя ацэнкі на адрас Захаду зьвязаныя менавіта зь фінансава-эканамічным крызісам.

“Захад у выглядзе МВФ даволі моцна падтрымаў беларускую эканоміку, і А.Лукашэнка неаднаразова аддаваў належнае ЗША, якія ня выказаліся супраць гэтых дзеяньняў МВФ. Так што гэта адна з найважнейшых падстаў для такіх выказваньняў”.

Экспэрты кажуць, што А.Лукашэнка чакае зьняцьця эканамічных санкцыяў з боку ЗША, але пры гэтым адзначаюць, што афіцыйны Менск “першым гатовы працягнуць руку дапамогі для аднаўленьня клімату паразуменьня і даверу”.

Палітоляг, старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў адзначыў:

“На маю думку, гэта таксама пытаньне грошай. Ужо ня раз выказваліся такія падазрэньні, што замарожваньне з боку ЗША актываў пэўных прадпрыемстваў і пэўных банкаўскіх рахункаў — можа, пра частку зь іх мы і ня ведаем — гэта ёсьць тое, што вельмі моцна паўплывала на паводзіны Лукашэнкі. І наагул увесь гэты геапалітычны паварот у значнай ступені пачаўся пасьля ўвядзеньня гэтых амэрыканскіх санкцый. Відаць, тут ёсьць нейкія падводныя рэчы, што амэрыканцы маюць фінансавыя рычагі ўплыву на Лукашэнку. І, фактычна, гэтымі выказваньнямі Лукашэнка дэманструе ЗША тое, што настаў ужо час адпусьціць, што ён выканаў мінімальныя патрабаваньні”.

Адносна стасункаў з Эўразьвязам А.Лукашэнка выказаўся, што яны павінны будавацца “на раўнапраўнай аснове безь якіх-колечы патрабаваньняў і ўмоў”. Спадар Лялькоў назваў гэта рыторыкай.

“Для таго каб удзельнічаць у любых дастаткова прасунутых праектах з ЭЗ, усё ж такі трэба мінімальна адпавядаць пэўным умовам. На мінімальным узроўні гэтыя перамены будуць патрэбныя”.

Камэнтуючы выказваньні А.Лукашэнкі, палітоляг Кірыл Коктыш сказаў, што становішча кіраўніка краіны складанае.

“Беларусь страціла палову зьнешніх рынкаў, і пакуль ня бачна, за кошт чаго яна здолее гэта кампэнсаваць. Бо крэдыты — гэта адрэзаць вяроўку ў адным месцы і прывязаць да іншага. І пэрспэктывы нейкіх іншых рынкаў застаюцца пакуль вельмі туманнымі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG