Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Сэрца цемры - Беларусь"


Чаму ў сьвеце ня ведаюць пра нямецкі генацыд супраць беларусаў і ўкраінцаў? Такое пытаньне апошнім часам уздымаюць у сваіх публікацыях два амэрыканскія навукоўцы-гісторыкі: прафэсар Ельскага ўнівэрсытэту Тымаці Снайдэр і прафэсар унівэрсытэту ў Нью-Джэрсі Аляксандар Матыль.

Адзін з апошніх артыкулаў на гэтую тэму Тымаці Снайдэра зьмешчаны ўчора ў вядучым англамоўным інтэлектуальна-літаратурным часопісе The New York Review of Books. Палемічныя нататкі Аляксандра Матыля апублікаваныя сёньня ў маскоўскім англамоўным выданьні The Moscow Times.

Агульнавядома, што Галакост — адно з найвялікшых злачынстваў нацысцкай Нямеччыны. Але генацыд супраць украінцаў і беларусаў, пра які ў сьвеце ведаюць значна меней, вельмі мала саступае злачынствам фашыстаў у дачыненьні да габрэяў. Тое, што сьвет ставіцца да гэтай гісторыі з поўнай абыякавасьцю, толькі паглыбляе трагедыю беларусаў ды ўкраінцаў, лічаць амэрыканскія дасьледчыкі.

Паводле прафэсара Снайдэра, які спэцыялізуецца ня толькі ў пытаньнях Усходняга фронту, але таксама і ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, “у часы Другой усясьветнай вайны палова насельніцтва Савецкай Беларусі была або зьнішчаная, або прымусова дэпартаваная. Нічога падобнага нельга сказаць ні пра якую іншую эўрапейскую краіну. Менавіта народы Ўкраіны і Беларусі — найперш габрэі, аднак ня толькі яны — пацярпелі болей за астатніх. Беларусь і Ўкраіна як частка СССР перажылі жудасныя сталінскія рэпрэсіі 1930-х і яшчэ горшыя нацысцкія рэпрэсіі 1940-х гадоў”.

Як адзначае Снайдэр, “акупацыйная палітыка Нямеччыны на крайнім усходзе Эўропы была непараўнальна дзічэйшай, чым на захадзе. Дадамо да гэтага гістарычныя факты пра страты абодвух народаў у часы сталінізму (1930-я), Першай усясьветнай вайны (1914-1918), грамадзянскай вайны ў Расеі (1918-1921) і польска-расейскай вайны (1919-1921)”.

Перафразуючы словы прафэсара-гісторыка з Калюмбійскага ўнівэрсытэту Марка Мазовэра, які назваў Эўропу “цёмным кантынэнтам”, Тымаці Снайдэр робіць выснову: “Украіна і Беларусь — сэрца гэтай цемры”.

Такім чынам, для Беларусі і Ўкраіны пэрыяд з 1914-га па 1953-ты (год сьмерці Сталіна) быў саракагодзьдзем пэрманэнтных зьнішчэньняў, сьмерцяў, разбурэньняў, піша амэрыканскі гісторык Аляксандар Матыль. За ўсе гэтыя злачынствы ў вялікай ступені адказныя як Савецкая Расея, так і Нямеччына.

“Але ж
„Унтэрмэншы засталіся ўнтэрмэншамі“ — эканамічна недаразьвітымі народамі з дурнымі культурнымі звычаямі.
Нямеччына, якая добра памятае свае злачынствы ў часы Галакосту, нашмат больш сарамліва ставіцца да прызнаньня сваёй віны перад беларусамі ды ўкраінцамі, якія загінулі ў 20-м стагодзьдзі. Чым можна патлумачыць падобную сьлепату?” — задае пытаньне прафэсар унівэрсытэту зь Нью-Джэрсі.

Як лічыць гісторык, часткова гэта залежыць ад агульнага невалоданьня сытуацыяй, якое склаліся, у прыватнасьці, і дзякуючы нямецкай мэдыйнай палітыцы. Нямецкія СМІ аддаюць вельмі мала ўвагі Беларусі ды Ўкраіне. Многія немцы ўвогуле “ня бачаць” ці ня ведаюць гэтых краін.

Амэрыканскі прафэсар прыводзіць у якасьці прыкладу падобнага мысьленьня ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Генрыха Бёля. У сваім рамане “Цягнік прыходзіць своечасова” (1949) выбітны пісьменьнік піша пра салдата вэрмахту, які вяртаецца з адпачынку на ўкраінскі фронт. Маршрут юнака праходзіць праз розныя ўкраінскія паселішчы, аднак размова ўвесь час ідзе пра палякаў, расейцаў, габрэяў, хоць пераважная большасьць насельніцтва гэтай зямлі — украінцы, якіх герой раману разам зь сябрамі-салдатамі штодня рабаваў.

“Чаму немцы „ня бачаць“ народаў, якія знаходзяцца навідавоку? У некаторай ступені гэта тлумачыцца тым, што „ўнтэрмэншы засталіся ўнтэрмэншамі“ — эканамічна недаразьвітымі народамі з дурнымі культурнымі звычаямі, якія або ня могуць дайсьці да згоды ў сваёй палітыцы (Украіна), або ганарацца тым, што яны адзіная дыктатура Эўропы (Беларусь)”, — адзначае прафэсар Матыль.

“Тым важнейшае тое тлумачэньне, што нямецкія эліты традыцыйна разглядаюць суседзяў на ўсходзе праз прызму вялікіх дзяржаў. Расея мацнейшая, а таму і патрабуе большай павагі. Яе кіраўнік можа быць дыктатарам, а яго палітыка можа быць нэаімпэрыялістычнай — гэтыя пытаньні лёгка ігнараваць”. Былы нямецкі канцлер Герхард Шродэр нават патрапіў назваць Пуціна “сапраўдным дэмакратам”, прычым якраз у той момант, калі той рабіў усё, каб здушыць “аранжавую рэвалюцыю” ва Ўкраіне. Зь нямецкага гледзішча Беларусь і Ўкраіна — “проста тэрыторыі з трубаправодамі, якія нясуць расейскі газ у дамы і прадпрыемствы Нямеччыны”, — піша амэрыканскі гісторык.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG