Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея больш ня хоча бабруйскага мяса


Мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы Магілёўшчыны, каб утрымацца на расейскім рынку, вымушана прадаюць сваю прадукцыю ніжэй за сабекошт.

Вынік такога гандлю — шматмільённыя страты. Хто іх будзе кампэнсаваць, невядома. Невядомымі застаюцца наагул пэрспэктывы продажу беларускага мяса расейцам.

Пяць месяцаў Бабруйскі мясакамбінат прадае сваю прадукцыю ў Расею па зьніжаных коштах. Эканамісты ацэньваюць страты прадпрыемства ў паўтара мільярда рублёў:

“Тое, што мы прадавалі ніжэй за сабекошт — адбіўся крызіс, калі не было грошай і ў нас была вялікая колькасьць мяса на складзе. Вось яго й давялося прадаць згодна з указам прэзыдэнта. А чаму затарылася — бо ў студзені Расея наагул не набывала наша мяса. Доўг, калі ўтварыўся ў студзені, ён і будзе існаваць”, — тлумачыць сытуацыю супрацоўнік адміністрацыі мясакамбінату.

У красавіку “Свабода” ўжо паведамляла пра аб’ёмы затаваранасьці складу бабруйскага прадпрыемства. Незапатрабаванага мяса тады было каля трохсот тон. У лютым жа — у два разы болей. Якім чынам мясьнікам удалося скараціць складзкія запасы ў красавіку, даведацца не ўдалося.

“Сёньня сытуацыя, на жаль, іншая. Расея больш ня хоча нашага мяса. Тую квоту, якую далі мы, ужо закрылі. Расейская фэдэрацыя задэкляравала сто пятнаццаць тысяч тон мяса купіць у Беларусі. Гэтая квота выбіраецца, і ўсё. А далей працяг — гэта ўжо пытаньне не ў маёй кампэтэнцыі”, — зазначае супрацоўнік мясакамбінату.

Што гэта за квота, у Міністэрстве сельскай гаспадаркі й харчаваньня высьветліць не ўдалося. Нявысьветленымі застаюцца і пытаньні пэрспэктываў гандлю беларускім мясам у Расеі.

Магілёўскі эканаміст Пётар Мігурскі мяркуе, што гэтыя пэрспэктывы ня надта сьветлыя. Паводле яго, беларускае кіраўніцтва пераацэньвае значнасьць беларускай прысутнасьці на рынку Расеі.

Пётар Мігурскі
“Мець валавы прадукт, які не перавышае трох працэнтаў расейскага валавага ўнутранага прадукту, і заяўляць пры гэтым, што мы ледзь ня кормім усю Расею, — гэта ўжо занадта. Нашыя магчымасьці нізкага сабекошту — яны забясьпечаныя шмат у чым ня столькі эфэктыўнасьцю беларускай сельскай гаспадаркі, колькі тымі датацыямі ад энэрганосьбітаў”.

Эканаміст не выключае, што бліжэйшым часам беларускія вытворцы мясной прадукцыі сутыкнуцца з тымі ж праблемамі, што і іхныя калегі-малочнікі. Мясны канфлікт — гэта пытаньне часу, цьвердзіць Пётар Мігурскі.

Мясныя канфлікты між Беларусьсю й Расеяй не такія ўжо й рэдкія. Пры канцы мінулага году расейскія санітарныя службы часова забаранілі ўвозіць у сваю краіну мясную прадукцыю, бо засумняваліся ў яе якасьці. Тады канфлікт удалося залагодзіць. Паводле беларускіх экспэртаў, расейцы традыцыйна выкарыстоўваюць свае інструмэнты дзеля пратэкцыянізму — каб бараніць свайго вытворцу.



За першыя чатыры месяцы году Беларусь экспартавала 54 тысячы тон мяса й мясапрадуктаў, зь іх у Расею — 53,9 тоны. Экспарт у Расею ў фізычным аб’ёме вырас на 42 працэнты ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG