Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадкі сустрэчы Лукашэнкі з амэрыканскімі заканадаўцамі


Чаму Лукашэнка запатрабаваў скасаваць “Акт аб дэмакратыі для Беларусі”? Чаму публічны дыялёг з ЗША наагул распачаўся? Чаму кіраўнік Беларусі сустрэўся з амэрыканскімі парлямэнтарамі, а не з прадстаўнікамі выканаўчай улады?

Аляксандар Лукашэнка ў размове з амэрыканскімі сэнатарамі і кангрэсмэнамі вылучыў дзьве ўмовы аднаўленьня паўнавартаснай амэрыканскай дыпляматычнай прысутнасьці ў Беларусі – гэта поўнае скасаваньне амэрыканскіх санкцый і скасаваньне “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі”, як прававой асновы такіх санкцыяў. А ці не занадта? Чаму ў абмен на звычайныя нармальныя міждзяржаўныя адносіны патрабуецца фактычна карэнная адмова ад усёй ранейшай палітыкі? І Лукашэнка спадзяецца, што Вашынгтон капітулюе?

Напачатку бакі заўсёды агучваюць, што яны хочуць дасягнуць па максымуму
Наўрад ці. Але гэта – хіба ня першая за доўгі час публічная сустрэча Лукашэнкі з прадстаўнікамі амэрыканскай улады, у дадзеным выпадку заканадаўчай. Амэрыканскія эмісары з сакрэтнымі місіямі наведвалі Менск і раней, але тут важная публічнасьць сустрэчы. Менавіта з-за гэтага беларускі кіраўнік агучыў максымальную “пазыцыю запыту”. Як, дарэчы, і ягоныя амэрыканскія суразмоўцы старшыня Хэльсынскай камісіі Кангрэсу Бэнджамін Кардэн сказаў: “Беларусь не адпавядае патрабаваньням АБСЭ, і мы гэта сказалі прэзыдэнту Лукашэнку”. Паводле Бэнджамін Кардэна, разьвіцьцё эканамічнага супрацоўніцтва і крэдыты будуць магчымыя толькі калі будуць выкананыя ўмовы Акту. Вы скасуйце Акт аб дэмакратыі. А вы выканайце яго патрабаваньні. Вось і пагаварылі. Напачатку бакі заўсёды агучваюць, што яны хочуць дасягнуць па максымуму.

Ну а чаму дыялёг наагул распачаўся? Якія фактары тут дзейнічаюць на карысьць пазыцыі афіцыйнага Менску?

Магчыма, беларускі лідэр спрабаваў “прадаць” сваім суразмоўцам геапалітычны тавар – сваю здольнасьць супрацьстаяць ціску Масквы
Па меншай меры два – новая палітыка партнэрства Эўропы з Беларусьсю і зьмена ўлады ў ЗША. Барак Абама імкнецца да больш шчыльнага ўзаемадзеяньня з эўрапейскімі саюзьнікамі, гэтыя самыя саюзьнікі даволі пасьлядоўна мяняюць адносіны зь Беларусьсю. Новы амэрыканскі лідэр не зьяўляецца закладнікам палітыкі свайго папярэдніка – Абама робіць ці гаворыць пра “перазагрузку” адносінаў з многімі краінамі сьвету. Патрабаваньні Лукашэнкі, якія прагучалі на сустрэчы з амэрыканскімі парлямэнтарамі – і пасланьне і праверка: наколькі на Амэрыку ўплывае фактар новай эўрапейскай палітыкі, наколькі далёка можа адысьці ад спадчыны Джорджа Буша Вашынгтон Барака Абамы. Зьвяртае на сябе ўвагу, што сустрэча Лукашэнкі з амэрыканскімі заканадаўцамі адбылася напярэдадні візыту Абамы ў Маскву. Магчыма, беларускі лідэр спрабаваў “прадаць” сваім суразмоўцам геапалітычны тавар – сваю здольнасьць супрацьстаяць ціску Масквы, ў тым ліку і ў пытаньні непрызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Пэўнае зьдзіўленьне выклікае фармат сустрэчы: з аднаго боку – кіраўнік дзяржавы, з другога – дэпутаты парлямэнту. Некалькі гадоў таму Лукашэнка адмовіў у сустрэчы і нават у візе сэнатару Джону Маккэйну. А чаму зараз прыняў Бэнджаміна Кардэна, Крыса Сьміта і Дыка Дэрбіна?

потым яны сустрэнуцца з дзяржсакратаром Клінтан і ў ЗША будуць думаць над тым, што можна памяняць у палітыцы
Магчыма, таму, што зараз і ў Вашынгтону, і ў Менску ёсьць намер і патрэба палепшыць адносіны. І візыт амэрыканскіх парлямэнтараў да Лукашэнкі – гэта своеасаблівая разьведка. Мяркую, што потым яны сустрэнуцца з дзяржсакратаром Клінтан і ў ЗША будуць думаць над тым, што можна памяняць у палітыцы, каб дасягнуць максымальнага эфэкту. Мне здаецца, што нездарма былі запрошаныя вострыя крытыкі беларускай улады. Гэта і дэманстрацыя, што дыялёг, прынамсі яго пачатак, магчымы нават паміж бакамі, што прытрымліваюцца палярных пазыцыяў, і ўлік таго, што палітыкі, якія прытрымліваюцца жорсткіх пазыцыяў, у любым выпадку будуць уплываць на прыняцьце рашэньняў. Таму варта, каб яны ацанілі і межы магчымых кампрамісаў, і эфэктыўнасьць непахіснасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG