Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Сапелка: “Аўтуховіч трымаецца высілкам волі”


Мікалай Аўтуховіч, фота з архіву Свабоды
Мікалай Аўтуховіч, фота з архіву Свабоды

Паводле адваката Паўла Сапелкі, больш як 70 дзён у менскім сьледчым ізалятары галадуе на знак пратэсту прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч. Амэрыканец Эмануіл Зэльцэр, які галадаў болей за 2 тыдні, часова прыпыніў акцыю пратэсту.

Адвакат Павал Сапелка, які бачыўся з Аўтуховічам тры дні таму, сьцьвярджае, што пайшоў 74-ы дзень галадоўкі Мікалая Аўтуховіча, які пратэстуе супраць незаконнага, як ён лічыць, крымінальнага перасьледу.

“Пачуваецца стабільна дрэнна. У яго зьявілася новая праблема: яму трэба лячыць зубы. Зьнешне ён значна схуднеў, але зьбіраецца працягваць галадоўку”, – кажа Сапелка.

Ёсьць меркаваньне, што столькі дзён галадаваць немагчыма без ужываньня народных сродкаў, кшталту мёду, ці кропельніцы. Я спытаў пра гэта ў адваката. Наконт кропельніц адвакат сказаў, што ня мае падобных зьвестак. Магчымасьць для Аўтуховіча неяк падсілкавацца падчас галадоўкі адвакат Сапелка пракамэнтаваў гэтак:

“Не, не прымаў ён нічога з харчоў, бо яму туды нічога не перадаецца. Калі чалавек абвяшчае галадоўку, яму нічога не перадаюць, толькі ваду. Такі парадак”.

Адвакат Павал Сапелка назваў свайго падабароннага Мікалая Аўтуховіча “надзвычай мужным чалавекам, які не прывык адступаць і можа трымацца намаганьнямі волі”.

Аўтуховіча падазраюць ў падпале дома міліцыянта, а таксама ён фігуруе ў крымінальнай справе адносна незаконнага абыходжаньня са зброяй. Ці выстаўленае абвінавачаньне Мікалаю Аўтуховічу паводле зброі, пакуль невядома. Адвакат кажа, што абедзьве справы на Аўтуховіча аб’яднаныя і перададзеныя з гарадзенскай міліцыі ў сьледчую ўправу МУС. На будучым тыдні стане вядома, ці падоўжаць зноў расьсьледаваньне справы Мікалая Аўтуховіча, якое цягнецца ужо амаль 5 месяцаў.

Мікалаю Аўтуховічу выставілі абвінавачаньне ў падпале, які адбыўся яшчэ ў 2005 годзе. Між тым, за гэта злачынства ўжо адбыў пакараньне іншы чалавек, а сам пацярпелы ня мае прэтэнзіяў да Аўтуховіча. У садзейнічаньні прадпрымальніку падазраюць ягонага былога намесьніка Юрыя Лявонава і былога вайскоўца Ўладзімера Асіпенку, які заступаўся за Аўтуховіча, калі працаваў у Ваўкавыскай падатковай інспэкцыі. Лявонава і Асіпенку таксама трымаюць у менскім сьледчым ізалятары. Паводле сваякоў, зь Лявонавым і Асіпенкам ужо болей за 3 тыдні не было ніякіх сьледчых дзеяньняў.
Эмануіл Зэльцэр

Як справы ў Эмануіла Зэльцэра, амэрыканскага грамадзяніна, які таксама трымаў галадоўку пратэсту? Адвакат Зэльцэра Зьміцер Гарачка паведаміў, што ягоны падабаронны з 25 чэрвеня прыпыніў галадоўку. “Ён сказаў, што прыпыніў галадоўку часова, да 30 чэрвеня. Калі зь ліпеня ў ягонай справе зрухаў ня будзе, ён гатовы аднавіць акцыю”, – паведаміў адвакат. Прычыны, якімі кіраваўся ягоны падабаронны, Зьміцер Гарачка не камэнтуе.

Нагадаю, амэрыканец пратэставаў супраць незаконнай, як ён лічыць, затрымкі ўжываньня адносна яго амністыі. Адвакат Зьміцер Гарачка мяркуе, што амністыя да 65-годзьдзя вызваленьня Беларусі, якая цяпер праходзіць у турэмнай сыстэме, цалкам законна можа быць ужытая і адносна Эмануіла Зэльцэра. Летась Зэльцэр быў прызнаны вінаватым у камэрцыйным шпіянажы і пакараны трыма гадамі калёніі.

Брат Эмануіла Зэльцэра Марк, які жыве ў Нью-Ёрку, мяркуе, што ён стаў ахвярай інтрыг вакол спадчыны заўчасна памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Паводле Марка Зэльцэра, на гэтую спадчыну прэтэндуе расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі, які нібыта справакаваў арышт Зэльцэра. Барыс Беразоўскі абвяргае сваю датычнасьць да гэтай справы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG