Хуткая дапамога была выкліканая да сьпевака ўчора апоўдні. Яго завезьлі ў шпіталь, дзе празь некалькі гадзін была зафіксаваная сьмерць ад спыненьня сэрца.
Каля дома Джэксана зьбіраюцца тысячы прыхільнікаў яго таленту са сьвечкамі ў руках.
Майкл Джэксан пасьля працяглага перапынку ў выступах на сцэне рыхтаваўся да канцэртнага турнэ, што, паводле ягоных блізкіх, магло прычыніцца да стрэсу, які аслабіў яго падарванае здароўе.
Жыцьцё сьпевака было поўнае праблемаў і супярэчнасьцяў. Апошнія гады ён жыў фактычна хаваючыся ад усяго сьвету.
Майкл Джэксан нарадзіўся 29 жніўня 1958 году ў горадзе Гэры, штат Індыяна, у беднай чарнаскурай сям’і. Ён быў сёмым з дзесяцярых дзяцей. У чатыры гады стаў удзельнікам сямейнага гурту "Jackson Five".
Майкл Джэксан
З 1970-х гадоў пачалася сольная кар’ера. Першы Джэксанаў альбом "Off the Wall" выйшаў у 1979 годзе, ён разышоўся накладам, большым за 20 мільёнаў паасобнікаў. За адну з песень гэтага альбому сьпявак атрымаў першую прэмію “Грэмі”.
Альбом "Thriller" (1982) займаў першае месца на чарце "Billboard 200" цягам 9 месяцаў і прынёс сьпеваку восем прэміяў “Грэмі”. У 1985 годзе гэты альбом трапіў у кнігу рэкордаў Гінэса як найбольш прадаваны альбом – у сьвеце было прададзена 104 мільёны копіяў.
Джэксан карыстаўся вялізнай папулярнасьцю, яго імя абрасло легендамі і чуткамі. Яго назвалі мэсіяй, гаварылі пра ягоную цягу да наркотыкаў, пра тое, што ён шмат траціў на плястычныя апэрацыі, каб памяняць колер скуры на белы.
У прэсе публікавалі здымкі спэцыяльных баракамэраў, у якіх Джэксан нібыта спаў, каб не пастарэць.
У 2003 годзе Джэксана арыштавалі паводле абвінавачаньня ў пэдафіліі. Але ў 2005 годзе суд яго апраўдаў.
Джэксан нейкі час быў жанаты з дачкой Элвіса Прэсьлі Лайзай Мары. У сьпевака засталося трое дзяцей.