“Я лічу выхад кнігі Юрыя Дракахруста сапраўднай падзеяй у нашым грамадзкім жыцьці, і ня толькі таму, што, на мой погляд, Юры Аляксандравіч уваходзіць у тройку найлепшых журналістаў. Проста сёньня, пасьля выхаду друкаваных “Праскіх акцэнтаў”, словы экспэртаў больш ня будуць словамі-вераб’ямі. Сёньня бачна, хто што казаў, хто што думаў, хто меў рацыю, а хто — не. Да твараў усіх нас як экспэртаў прыставілі люстэрка, і мы, як тая казачная прыгажуня, можам убачыць, што з намі і нашымі прагнозамі стала зь цягам часу.
У Оскара Ўайлда ў “Партрэце Дарыяна Грэя” час пакідае свае адбіткі, адбіткі зьдзейсьненых чалавекам грахоў. Гэта слушна, але ж і бязьлітасна. Вось і Юры Аляксандравіч зрабіў слушную, але бязьлітасную працу. Гэта толькі ў песьні можна радавацца: “Когда мы были молодые и чушь прекрасную несли...” А калі час пройдзе і ты пачынаеш перачытваць, якую лухту ты нёс, часам становіцца сорамна... Дзякуй спадару Дракахрусту, што ён даў нам такую магчымасьць вярнуць тых вераб'ёў, якіх мы павыпускалі калісьці ў эфір Радыё Свабода”.