Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С. Гайдукевіч: “Падзеі ў Іране насьпявалі даўно”


У Тэгеране адбыліся збройныя сутычкі паміж паліцыяй і прыхільнікамі іранскай апазыцыі. Паводле крыніцаў ва ўрадзе Ірану, падчас супрацьстаяньня загінулі блізу двух дзясяткаў чалавек, сотні параненыя. Апанэнты ўладаў дамагаюцца перагляду афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Як можна ацаніць выбух актыўнасьці іранскай апазыцыі? Ці ёсьць шанец на перамогу ў таталітарнай краіне?


Цягам выходных у Іране ўзятыя пад варту блізу паўтысячы ўдзельнікаў маніфэстацый. Аднак лідэр апазыцыі Мірхасэйн Мусаві заявіў пра намер працягваць барацьбу за скасаваньне вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, нягледзячы на патрабаваньні ўладаў спыніць пратэсты. Выступаючы перад сваімі прыхільнікамі, Мусаві заклікаў іх абвясьціць агульнанацыянальную акцыю непадпарадкаваньня, калі яго арыштуюць.

Нагадаем, што масавыя выступы ў Тэгеране пачаліся пасьля абвешчанай уладамі 12 чэрвеня перамогі Махмуда Ахмадзінэджада на выбарах прэзыдэнта. Апазыцыя сьцьвярджае пра масавыя падтасоўкі.

Ці можна на прыкладзе Ірану казаць пра чарговую “каляровую рэвалюцыю”, гэтым разам у сэрцы мусульманскага сьвету? Вось што з гэтай нагоды кажа каардынатар грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя-97” Зьміцер Бандарэнка:

“Звычайна выказваньне “чарговая каляровая рэвалюцыя” ўжываюць прыхільнікі розных дыктатураў; гэта тэрміналёгія, якая сёньня сыходзіць з Масквы. А ва ўсім сьвеце людзі змагаюцца за свабоду, і ў гэтым ёсьць агульнасьць таго, што адбываецца ў Іране. Бо гэта мае сусьветнае значэньне — змаганьне за свабоду. Безумоўна, там ёсьць свая спэцыфіка, бо гэта нават ня сьвецкая дзяржава, там ёсьць духоўныя кіраўнікі. Але мы бачым, што ў падзеях у Іране ўдзельнічаюць і людзі, якія працавалі ва ўрадзе пры аятале Хамэнэі, шмат духавенства. То бок змаганьне за свабоду ня мае нацыянальнасьці, ня мае геаграфічна нейкага аднаго пункту. У гэтым сэнсе, безумоўна, людзі хочуць жыць пры дэмакратыі, хочуць жыць у свабодзе”.

Карэспандэнт: “Ці прадказальныя сілавыя акцыі — зноў жа, з улікам спэцыфікі?”

“Тое, што заўсёды ў Іране дзейнічалі так званыя “вартавыя ісламскай рэвалюцыі”, паліцыя і вайсковыя часткі — мы гэта ведаем, таму што шмат ужо студэнцкіх выступаў у розныя часы былі здушаныя. Тут выклікаюць зьдзіўленьне і павагу менавіта мужнасьць іранскага народу і ў першую чаргу іранскіх жанчын, што адзначаюць усе мэдыі, усе назіральнікі за падзеямі ў Іране. Неверагодная мужнасьць народу ў адстойваньні сваіх правоў і ў імкненьні да дэмакратыі”.

19 чэрвеня духоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі заклікаў суайчыньнікаў да спакою, заявіўшы, што мітынгамі нельга зьмяніць вынікі выбараў. Апроч таго, ён прызнаў законнай перамогу ў іх дзейнага прэзыдэнта Махмуда Ахмадзінэджада. Аднак апазыцыя вырашыла працягваць акцыі пратэсту.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, палітык Сяргей Гайдукевіч дастаткова добра знаёмы са спэцыфікай неспакойнага рэгіёну. Пачынаў вайсковым дарадцам на Блізкім Усходзе, наведваў у складзе афіцыйных дэлегацый розныя мусульманскія краіны. Лічыць, што такое разьвіцьцё падзеяў цалкам прагназавальнае:

“Усё рухаецца, усё зьмяняецца. Адназначна можна казаць, што гэтыя рэгіёны таксама зьмяніліся, бо грамадзянская супольнасьць мае ўласьцівасьць разьвівацца ўсюды. Ад гэтага ўцячы немагчыма. Падзеі, якія зараз адбываюцца, даўно ўжо насьпявалі. Справа ў тым, што больш прасунутым стала насельніцтва, грамадзтва рухаецца тэхналягічна — інтэрнэт, “талеркі”. Раней нічога гэтага не было. Я ж увесь Блізкі Ўсход аб’езьдзіў, і яшчэ гадоў 10 таму для рэгіёну ўсё гэта было вялікай рэдкасьцю, за выключэньнем хіба фэшэнэбэльных гатэляў у Арабскіх Эміратах ці Лібіі. З разьвіцьцём тэхналёгій зараз ідзе вельмі значнае інфармаваньне, што вельмі моцна ўплывае на грамадзянскую супольнасьць. Таму, безумоўна, усе гэтыя падзеі абавязкова накладуць нейкі адбітак, чым бы яны ні скончыліся. Маса людзей, якія выйшлі і пратэстуюць, застанецца пры сваёй думцы. Яны будуць усё роўна рабіць тое, да чаго імкнуцца. Будуць дабівацца таго, чаго яны хочуць. Гэта новае ў арабскім сьвеце. Але непазьбежнае”.

Між тым беларускае кіраўніцтва працягвае разьвіваць стасункі з афіцыйнымі ўладамі Ірану. Так, бліжэйшым часам плянуецца паседжаньне сумеснай беларуска-іранскай транспартнай камісіі. Дзеля перамоваў чакаецца візыт у Менск дэлегацыі Міністэрства шляхоў зносінаў Ірану на чале з кіраўніком ведамства. Гэтаксама сёлета заплянаваныя візыты ў Беларусь дэлегацый міністэрства прамысловасьці, сувязі і замежных спраў.

Апроч таго, сёньня ў ахоплены хваляваньнямі апанэнтаў Ахмадзінэджада Тэгеран выправілася дэлегацыя на чале са старшынёй Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Барысам Батурам. У склад групы ўвайшлі сэнатары, дэпутаты, а таксама кіраўнікі буйных прамысловых прадпрыемстваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG