Як паведаміў “Свабодзе” старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, зарэгістравалася больш за 220 дэлегатаў.
На абмеркаваньне вынесена тры пытаньні – аб сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў Беларусі, аб геапалітычным выбары і аб магчымым удзеле партыі ў прэзыдэнцкай кампаніі.
Па першым пытаньні выступіў намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. Віншаваньні сходу даслалі паэт Рыгор Барадулін, старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч, выступілі таксама экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, адзін з лідэраў беларускай сацыял-дэмакратыі Мікола Статкевіч, Леў Марголін ад АГП.
Удзельнікі сходу, выступаючы з трыбуны, казалі, што сапраўды стан беларускай эканомікі цяпер значна адрозьніваецца ад таго, што было яшчэ год таму, людзі сталі жыць значна горш і трэба скарыстаць гэтую сытуацыю -- менш займацца агульнымі праблемамі, а ісьці да людзей і размаўляць зь імі не пра высокія матэрыі, а пра канкрэтную сытуацыю.
Прагучала і крытыка на адрас кіраўніцтва партыі. Спадар Панамароў з Клецку зазначыў, што за 4 апошнія гады ніхто зь кіраўнікоў Партыі БНФ не прыехаў ані ў Клецк, ані ў Нясьвіж.
Удзельнікі сходу прысьвяцілі гэтую падзею першаму зь’зду БНФ, які адбыўся 20 гадоў таму ў Вільні..