Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч:”Гэта проста спроба зьнішчэньня. Не атрымаецца”


Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч патрабуе абвергнуць зьвесткі, пададзеныя ў артыкуле “Отбеливатель-М”, надрукаваным у газэце “Народная воля” за 19 траўня 2009 года.


Спачатку артыкул пад такой назвай зьявіўся на сайце kompromatby.com яшчэ ў сакавіку. Праз два месяцы яго надрукавала газэта “Народная воля”. У артыкуле выказваецца вэрсія пра існаваньне нейкага эўрапейскага пляну “Саляна/Лукашэнка”. Згодна зь ім, прадстаўнік апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч нібыта будзе ўцягнуты ва ўладу, а Аляксандар Лукашэнка атрымае новы легітымны прэзыдэнцкі тэрмін. Эўрапейцы, у сваю чаргу, выйграюць спрыяльныя ўмовы для свайго бізнэсу ў Беларусі.

Паводле аўтара артыкула, на новых прэзыдэнцкіх выбарах А.Мілінкевіч стане адзіным кандыдатам-дублёрам, знакавым для Эўропы, атрымае 20—25% галасоў і зойме пасаду віцэ-прэм’ера. А Аляксандар Лукашэнка зноў трыюмфальна пераможа. Аўтар артыкула Міхаіл Падаляк абвінавачвае А.Мілінкевіча ў арганізацыі расколаў у партыях, у правакаваньні грамадзкіх арганізацыяў, у подкупе журналістаў. Маўляў, “Мілінкевіч атрымае добры вынік і стане часткай улады Лукашэнкі, астатняя “апазыцыя” ўмыецца рэшткамі сваёй крыві і сыдзе ў нябыт”. Аляксандар Мілінкевіч назваў артыкул “яўна паклёпніцкім і “зробленым на замову”. У лісьце да галоўнага рэдактара “Народнай волі” Ёсіфа Сярэдзіча ён запатрабаваў, каб “рэдакцыя прадставіла доказы альбо зьмясьціла абвяржэньне і прабачэньні”.

Галоўны рэдактар газэты Ёсіф Сярэдзіч сказаў, што гэты ліст будзе абавязкова надрукаваны:

Ёсіф Сярэдзіч
“Я 14 гадоў выдаю “Народную волю” і падобных лістоў не атрымліваў нават ад Лукашэнкі і ад яго адміністрацыі. Таму я проста зьдзівіўся, калі спадар Мілінкевіч, які лічыць сябе дэмакратам, прэтэндуе на нейкую пасаду ў дзяржаве, а піша лісты, як быццам яны ідуць з 37-га году. Пра якую замову можна весьці размову? Я ня ведаю, хто каму што замаўляе. Газэта вырашыла падняць лёсавызначальную праблему для агульнага нацыянальнага абмеркаваньня. І зыходнай кропкай стаў артыкул, сапраўды, Падаляка. Чаму артыкул абмяркоўваецца закулісна, на кухнях, у нейкіх тусоўках? А не абмяркоўваецца публічна? Хто забараняе гэта рабіць? Я лічу, што ў гэтую размову, дыскусію павінна ўключыцца ўся нацыя. Вельмі сур’ёзныя рэчы ставяцца. Потым, што такое паклёп на Мілінкевіча? Мне здаецца, толькі суд можа вызначыць, паклёп гэта ці меркаваньне аўтара. Ці гэта яго вэрсія. Ці гэта яго погляды. Вось я, як рэдактар, ня ўбачыў ніякага паклёпу абсалютна”.

Паводле спадара Сярэдзіча, А.Мілінкевіч павінен напісаць, якія факты газэта павінна абвергнуць.

Аляксандар Мілінкевіч запатрабаваў надрукаваць ягоны ліст і сваю сапраўдную пазыцыю, выкладзеную ў лісьце да дэмакратычных актывістаў.

“Увесь артыкул — гэта суцэльны паклёп. Гэта бруд. Гэта заказны артыкул. Гэта непрымальныя рэчы, гэта не дыскусія па пазыцыях, якая можа існаваць. А гэта проста спроба зьнішчэньня. Не атрымаецца. Я ведаю, што ў апазыцыйным асяродзьдзі, сярод журналістаў і экспэртаў гэта выклікае такую ж рэакцыю, як і ў мяне. Гэта зьмяншае нашы шанцы ў барацьбе за свабоду, калі мы канцэнтруемся на барацьбе між сабой, а не на барацьбе за правы чалавека.

Я вось зараз ежджу па рэгіёнах. І рэакцыя вельмі нэгатыўная. І ў далёкіх маленькіх гарадках людзі гавораць пра гэта. І кажуць: ну адкуль столькі злосьці ў апазыцыі, калі яна змагаецца сама з сабой? Так што рэакцыя нэгатыўная, і для мяне гэта дастаткова”.

Аляксандар Мілінкевіч сказаў, што калі ў Ёсіфа Сярэдзіча ёсьць сумленьне, то ён мусіць надрукаваць абвяржэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG