Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Волчак супраць Ксенафонта Суперфасфатава


Алег Волчак
Алег Волчак

Сёньня ў Савецкім раённым судзе Менску пачнецца разгляд пазову праваабаронцы Алега Волчака да рэдакцыі газэты адміністрацыі прэзыдэнта “Советская Белорусия”. Празь дзень пасьля публікацыі ў гэтай газэце павесілася Яна Палякова з Салігорску. Там жа прагучалі і крыўдныя словы на адрас Алега Волчака.

Алег Волчак патрабуе ад “Советской Белорусии” 70 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за маральную шкоду і абвяржэньня зьвестак, якія ён лічыць хлусьнёй і зьнявагай. Гаворка пра артыкул, які зьявіўся ў газэце 6 сакавіка. Аўтар артыкулу пад імем Ксенафонт Суперфасфатаў прывёў Алега Волчака ў якасьці прыкладу чалавека, які нібыта разьдзімае сваю папулярнасьць недазволенымі прыёмамі. Быў згаданы выпадак, які адбыўся з праваабаронцам яшчэ ў 2003-м годзе, калі на паркоўцы яго зьбіў грамадзянін. Паводле Ксенафонта Суперфасфатава, Алег Волчак паведаміў, што яго зьбіў прадстаўнік спэцслужбаў, і заявіў на гэтай падставе пра перасьлед з боку ўлады.

Спадар Волчак кажа, што ніколі такога не заяўляў. Асабістай зьнявагай праваабаронца лічыць і высновы, якія зрабіў аўтар ў канцы артыкулу. Што “праваабаронцы ў нас... нейкія леваабаронцы”.

Алег Волчак гатовы прадставіць суду доказы хлусьні на ягоны адрас з боку “Советской Белорусии” і панесеных ім стратаў.

Як ставіцца да судовай пэрспэктывы галоўная дзяржаўная газэта? Два дні таму адвакат Волчака сустракаўся ў судзе зь юрыстам, які прадстаўляе рэдакцыю. Высьветлілася, што газэта мірыцца не зьбіраецца. Алег Волчак невысока ацэньвае свае шанцы на перамогу, але ня мае намеру саступаць “Советской Белорусии”.

“Ёсьць апека дзяржавы, і таму, што б ні пісалі ў гэтай газэце, яе журналісты ведаюць, што на іх баку будуць суды і праваахоўныя органы. Які б прыгожы пазоў мы не пісалі на гэта, вынік прадказальны”.

Паводле Алега Волчака, “у любым выпадку будзе карысным” праверыць, ці магчыма абскардзіць праз суды абразу, нанесеную прадстаўніку грамадзянскай супольнасьці дзяржаўнымі СМІ. Праваабаронца нагадаў, што ў тым жа артыкуле Ксенафонта Суперфасфатава былі абразы і на адрас праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай, якая празь дзень пасьля гэтага павесілася.

Раней Алег Волчак зьвяртаўся ў рэдакцыю “Советской Белорусии” з просьбай паведаміць сапраўднае імя аўтара артыкулу, але яму адмовілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG