Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь ладзіць марш “За незалежнасьць”


Сёньня на 6 гадзінаў вечара ў цэнтры Менску заплянаваны марш “За незалежнасьць”, ініцыяваны актывістамі “Маладога фронту”. Іх намер падтрымалі сябры іншых моладзевых арганізацый і рухаў. У Англіі, Польшчы, Украіне, Расеі і Літве адбудуцца пікеты насупраць беларускіх амбасадаў з патрабаваньнем вызваленьня палітвязьняў у Беларусі і абароны незалежнасьці краіны.

Маладафронтаўцы паведамілі “Свабодзе”, што акцыя ня будзе вельмі масавай, бо гэта ня ставілася за мэту. Удзельнікі маршу хочуць нагадаць грамадзтву пра рэфэрэндум, які адбыўся 14 траўня 14 гадоў таму.

Менавіта зьмена нацыянальнай сымболікі на мадыфікаваную савецкую выклікала тады акцыі пратэсту ў студэнцкім асяродку. Пасьля таго, як кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Іван Ціцянкоў разарваў на шматкі бел-чырвона-белы сьцяг, студэнты і ліцэісты выйшлі на вуліцу, прайшлі каля адміністрацыі Лукашэнкі з паднятымі за галавой рукамі, а потым спалілі каля прыбіральні сьцяг БССР. Акцыю жорстка разагналі, зьбілі затрыманых удзельнікаў, а таксама мінакоў, сярод якіх былі школьнікі, якія шлі дадому.

За палітычную дзейнасьць студэнтаў пачалі адлічаць з вучобы. Пазьней за бел-чырвона-белы сьцяг сталі прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці.

Пасьля таго рэфэрэндуму стала скарачацца колькасьць беларускіх школаў і беларускамоўных аддзяленьняў на гуманітарных факультэтах.

Актывісты моладзевых рухаў выйдуць сёньня нагадаць грамадзкасьці пра тыя падзеі.

Гаворыць Наста Палажанка:

“Мы ня маем ілюзіяў на той конт, што акцыя будзе шматтысячнай. Але, безумоўна, для нас галоўнае, каб кожны чалавек, які туды патрапіць, адчуў, што ён такім чынам сваім удзелам бароніць свае нацыянальныя сымбалі і сваю нацыянальную мову”.

Мікола Дземідзенка будзе сярод тых, хто прыйдзе а 6 вечара на Кастрычніцкую плошчу:

“У сёньняшняй акцыі будзе ўдзельнічаць у асноўным “Малады фронт”, канешне, але такія арганізацыі як “Джынс за свабоду” і “Ініцыятыва” пацьвердзілі свой удзел у акцыі.

А 18 гадзіне мы плянуем сабрацца на Кастрычніцкай плошчы, але калі яна будзе перакрыта, то ў нас ёсьць альтэрнатыўнае месца збору, дзе мы будзем намагацца сабрацца. У любым выпадку акцыя будзе годнай, і мы ня пойдзем маршрутам, якім, магчыма, нас будзе намагацца выціскаць АМАП, а будзем прытрымлівацца заплянаванага маршруту да плошчы Незалежнасьці”.

Актывіст “Маладога фронту” Павал Кур’яновіч будзе сёньня раніцай у судзе Першамайскага раёну. Яго затрымалі 12 траўня за распаўсюджваньне ўлётак з заклікам удзельнічаць у маршы. Учора ў суд не прыйшлі сьведкі-міліцыянты. Таму іх паказаньні заслухаюць сёньня.

Павал спадзяецца, што будзе мець магчымасьць удзельнічаць у акцыі:

“Там на акцыі будзе шмат маіх сяброў, якія не глядзелі на надвор’е і “агітку” на гэтую акцыю. Мы хочам нагадаць беларускай грамадзкасьці, у якой сытуацыі апынулася беларуская мова, беларускія нацыянальныя сымбалі, зь якімі нашы продкі здабывалі шмат перамогаў”.

Марш “За незалежнасьць” пачнецца а 6 вечара на Кастрычніцкай плошчы. Адначасова ў Польшчы, Англіі, Украіне, Літве і Расеі студэнты-беларусы і партнэры беларускіх моладзевых арганізацый разгорнуць пікеты насупраць беларускіх амбасадаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG