Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Любань: разбураная драўляная сынагога, ідзе змаганьне за другую


Сынагога, якую разбурылі
Сынагога, якую разбурылі

У Любані мясцовыя ўлады разбурылі старадаўнюю драўляную сынагогу, не зважаючы на пратэсты грамадзкасьці. Зараз кіраўнікі рэлігійных і грамадзкіх аб’яднаньняў намагаюцца захаваць ад зьнішчэньня яшчэ адзін культавы будынак.


Будынак драўлянай сынагогі ў Любані ХІХ стагодзьдзя, які грамадзкасьць спрабуе захаваць
Будынак драўлянай сынагогі ў Любані – гэта ўнікальны помнік культавай габрэйскай архітэктуры пачатку ХХ стагодзьдзя. Зараз такіх у Беларусі засталіся адзінкі. Ягоная ўнікальнасьць зьвязаная таксама зь дзейнасьцю Мошы Файнштэйна – аднаго з самых вядомых рабінаў ХХ стагодзьдзя. Пратэсты на разбурэньне старадаўняга помніка культуры загадчыца мясцовага музэя Натальля Сіняк не разумее:

“Сінагога тут была гадоў 10-15. У 1921 годзе гэты будынак быў ператвораны ў клюб, пасьля вайны тут быў дом піянэраў, а затым санэпідэмстанцыя. І тут сынагогі, фактычна, не было. Звонку ў гэтым будынку няма ніякіх рысаў юдэйскага храму. Знутры ён таксама перабудаваны. Пра што гаворка я не разумею? Гэта ня помнік ні гістрыі, ні культуры, ні архітэктуры. І ня толькі Моша Файнштэйн варты памяці”.

Разбурэньню драўлянай сынагогі папярэднічаў безвыніковы зварот кіраўніка Ўсясьветнай арганізацыі беларускіх габрэеў Якава Гутмана да Аляксандра Лукашэнкі, які папярэджваў пра небясьпеку антысэмэтызму. Старшыня Саюза беларускiх яўрэйскiх грамадзянскiх арганiзацый i суполак Леанiд Левiн ня схільны драматызаваць сытуацыю і зьнішчэньне будынку тлумачыць гэтак:

Леанід Левін
“Мясцовыя ўлады, безумоўна, нясуць адказнасьць за тое, што было зроблена. Але ёсьць жа і гэнэральны плян горада, зроблены ў 80-х гадах і гэтыя будынкі былі вызначаныя пад знос. А горад забудоўваецца паводле гэнпляну. Больш за тое, яны зьвярталіся ў аблвыканкам, каб дапамаглі ўзяць будынак пад ахову, але ніякага адказу не атрымалі. І яны рабілі тое, што на сваім узроўні меркавалі магчымым рабіць”.

Паводле спадара Левіна, зараз стаіць пытаньне захаваньня яшчэ адной унікальнай драўлянай сынагогі ХІХ ў Любані. У ёй таксама працаваў Моша Файнштэйн, а зараз тут месьціцца дзіцячая школа мастацтваў. З гэтай мэтай старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч вядзе доўгае ліставаньне з уладамі Любані. Гэткім чынам ён спрабуе дамагчыся ад мясцовых чыноўнікаў ініцыятывы аб наданьні будынку статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Аднак усе намаганьні пакуль ня маюць плёну, кажа ён:

Антон Астаповіч
“Яны паклалі адзін будынак ХХ стагодзьдзя, сынагогу, дзе гарантыя, што не пакладуць другі? Адпаведна, трэба за яго змагацца, трэба ініцыяваць перадачу яго пад ахову дзяржавы. Я рэкамэндаваў, каб Любаньскі райвыканкам сам гэта зрабіў. А сваёй адмоваю яны яскрава выказалі сваю пазыцыю ў гэты пытаньні: пазыцыю неадукаваных людзей, пазыцыю нахабных чыноўнікаў. Інакш я гэта патлумачыць не магу”.

Яшчэ стагодзьдзе таму толькі ў Горадні дзейнічалі 44 сынагогі. Зараз у Беларусі захавалася каля 100 такіх старадаўніх храмаў. Драўляныя сярод іх—адзінкі.

За апошнія некалькі год зьнішчаныя былыя габрэйскія храмы на вуліцах Дзімітрава і Няміга ў Менску, пахаваньні ў Горадні і Мазыры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG