Якое месца ва ўмовах гэтага супрацоўніцтва будуць займаць пытаньні грамадзянскіх і палітычных свабод у Беларусі? Ці ня можа цяперашняя палітыка нармалізацыі адносінаў умацаваць як незалежнасьць Беларусі, гэтак і цяперашні рэжым?
Удзельнікі — галоўны рэдактар аналітычнага бюлютэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі, выдавец БДГ, сябра Рады пры адміністрацыі прэзыдэнта Пётар Марцаў і экспэрт Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў.
Дракахруст: Да саміту "Ўсходняга партнэрства" засталося менш за тыдзень. Ужо стала вядома, хаця гэта магчыма і не канчатковая інфармацыя, што Беларусь на ім будуць прадстаўляць першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка і міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў. Так што тэма, вакол якой ламаліся дзіды апошнім часам вырашылася кампрамісам: Беларусь - у партнэрстве, Лукашэнка ў Прагу ня едзе.
Але так выглядае, што многія засяродзіліся на гэтай насамрэч псэўдапраблеме, каб ня думаць і не разважаць над больш важнай і глыбокай праблемай – якія формы прыме цяперашняе збліжэньне Беларусі з Эўропай як у межах партнэрства, гэтак і за яго межамі, што зьменіць у беларускім грамадзтве і беларускай дзяржаве? Я прапаную паразважаць менавіта над гэтым.
Самое "Ўсходняе партнэрства" не накладае на Беларусь асаблівых абавязкаў, але і няшмат ёй абяцае.
І танныя візы, і зоны свабоднага гандлю, і іншыя інстытуцыянальныя формы збліжэньня і супрацы патрабуюць інстытуцыянальных жа дамоўленасьцяў. Якімі яны маглі б быць, якім бы мог быць парадак і ўмовы іх заключэньня , “дарожная мапа”, як модна зараз казаць? Якімі маглі б быць, на ваш погляд, і якімі будуць практычна, зыходзячы з пазыцыяў і інтарэсаў Эўразьвязу і афіцыйнага Менску? Дзяніс Мельянцоў.
Д.Мельянцоў
Мельянцоў: Я ня думаю , што канчаткова вырашылася пытаньне з паездкай Лукашэнкі ў Прагу. Пакуль гэтае пытаньне падвешанае, цалкам магчыма, што ён туды паляціць, бо ён ад гэтага нічога не губляе, толькі выйграе. Калі казаць пра тое, ці зьменіцца ў Беларусі нешта з прыняцьцём яе ва "Ўсходняе партнэрства", то я б засьцярог ад таго, каб чакаць радыкальных зьменаў. Нічога асабліва ня зьменіцца, будуць толькі пэўныя дамоўленасьці з Эўразьвязам.
Насамрэч "Усходняе партнэрства" - гэта не зусім інстытуцыйнае збліжэньне, эўрапейцы ўжываюць такую формулу, што партнэрства і наагул палітыка эўрапейскага добрасуседзтва гэта “ўсё, акрамя інстытутаў”. То бок гэта супрацоўніцтва з краінамі-суседзямі, якое не дазваляе ім уваходзіць у ЭЗ. Усходняе партнэрства сапраўды прапануе вельмі мала, у ім вельмі маленькі бюджэт, асабліва для Беларусі. І гэта азначае, што ЭЗ проста ня ў стане накладаць нейкія палітычныя абумоўленасьці, ў тым ліку і на Беларусь, паколькі пернік тут занадта маленькі і, мабыць, не зусім салодкі.
Што можа адбывацца паміж ЭЗ і Беларусьсю, калі праграма Ўсходняга партнэрства будзе запушчаная афіцыйна? Гэта, па-першае, ініцыяваньне падпісаньня новай дамовы аб супрацы і партнэрстве, паколькі ранейшая, якая была падпісаная ў 1995 годзе, не ўступіла ў сілу, і зараз легальная база адносінаў паміж Беларусьсю і ЭЗ вельмі вузкая, яе фактычна няма.
Менск шмат чаго чакае ад "Усходняга партнэрства", ён чакае грошай, інвэстыцыяў у інфраструктуру, па аналёгіі з тым, якая дамова была заключаная паміж Украінай і ЭЗ, Менск чакае допуску да эўрапейскіх рынкаў, адмены квотаў і г.д. ЭЗ тым, што адмовіўся ад палітычнай абумоўленасьці і наагул ад палітычнага рэфармаваньня Беларусі, засьведчыў тое, што адзіная рэалістычная палітыка на сёньняшні дзень - гэта палітыка ўцягваньня.
Тут можна правесьці аналёгію з тым, як пачынаўся сам Эўразьвяз. Ён пасьля другой усясьветнай вайны распачынаўся з палітычнага і вайсковага праекту, якія былі пахаваныя ў 50-х гадах. Стала відавочным, што трэба пачынаць з малога, з эканамічных праектаў, якія потым ператворацца ў нешта больш значнае. Нешта падобнае адбываецца зараз і ў дачыненьнях ЭЗ з суседзямі, то бок эўрапейскія палітыкі зразумелі, што трансфармаваць беларускае грамадзтва і палітычную сыстэму праз упор на апазыцыю і грамадзянскую супольнасьць немагчыма, таму трэба паступова ангажаваць Беларусь праз эканамічныя праекты , каб далей уцягваць Беларусь пад палітычны ўплыў Эўразьвязу.
Хутчэй за ўсё пачнецца марудны працэс адаптацыі беларускага заканадаўства, пачынаючы з заканадаўства аб зьнешнім гандлі.
Дракахруст: Пётар Марцаў, а якім вам бачыцца гэты праект, якія формы можа можа прыняць гэтае супрацоўніцтва Беларусі з Эўропай? Прычым я падкрэсльваю – як у межах партнэрства, гэтак і за яго межамі. Зараз усе неяк засяродзіліся на сымбалічным і гучным праекце партнэрства. Але пэўнае збліжэньне пачалося яшчэ да таго, як гэтая ініцыятыва наагул узьнікла.
П. Марцаў
Марцаў: Я тут, напэўна, пагаджуся з Дзянісам, што асноўная мэта беларускіх уладаў - гэта эканамічныя кантакты, эканамічныя пераўтварэньні, якія магчымыя і, магчыма, будуць адбывацца бліжэйшым часам, але толькі яны і менавіта яны. Ацэньваючы тэзы Дзяніса пра тое, што гэта можа прывесьці да палітычнага ўплыву Эўропы, я быў бы асьцярожным у высновах.
Беларусь мае патрэбу ў заходніх рынках, у зонах свабоднага гандлю, у зьняцьці тарыфаў, і ў бліжэйшы час, напэўна, можна будзе казаць толькі пра гэта і ні пра што іншае - ані пра рэформу палітычнай сыстэмы, ані пра разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці. Тым ня менш я хацеў бы адзначыць, што так ці інакш пэўныя крокі ў гэтым накірунку давядзецца рабіць. Таму што такія ўмовы "Ўсходняга партнэрства" - збліжэньне ў тым ліку і каштоўнасьцевых арыентацыяў. Калі нехта гэтага ня ўбачыў, то гэта шкада, бяз гэтага нічога не атрымаецца. Я мяркую, што беларускае грамадзтва, беларуская дзяржава праз пэўны час будуць пастаўленыя перад неабходнасьцю трансфармацыі – найперш эканамічнай мадэлі, але і палітычнай таксама.
Дракахруст: Дзяніс ужо закрануў, і ў нашых перадачах не ўпершыню, тэму дамовы аб партнэрстве і супрацы. Яна была падпісаная ў 1995 годзе, але потым працэс ратыфікацыі яе ў Эўропе быў спынены пасьля сумнавядомага беларускага рэфэрэндуму 1996 году. А на гэтай дамове шмат чаго завязана: тое ж пытаньне коштаў візаў. Расейцы, украінцы, азэрбайджанцы плацяць за шэнгенскія візы 35 эўра, а беларусы – 60 эўра, выключна таму, што гэтыя краіны маюць з ЭЗ адпаведныя дамовы, а Беларусь – не. Такая дамова ёсьць у ЭЗ нават з Узбэкістанам, які зусім не ўзор дэмакратыі. Наколькі рэальнае заключэньне такой дамовы паміж ЭЗ і Беларусьсю?
Марцаў: Я мяркую так. І Беларусь тут выйграе. Ці трэба гэта Эўразьвязу? Я мяркую, што яму патрэбна паступовая заваёва ўплыву ў Беларусі і ЭЗ пойдзе на гэтыя ўмовы".
Дракахруст: Аляксандар Класкоўскі, а на ваш погляд, якія больш менш устойлівыя формы супрацы, формы, ў тым ці іншым , хаця б эканоміцы, абавязваюць бакі, могуць узьнікнуць паміж Беларусьсю і ЭЗ?
А. Класкоўскі
Яна, я мяркую, будзе заключаная, пра гэта нагадвае беларускі бок, у прыватнасьці, намесьнік міністра замежных спраў Еўдачэнка, які адказвае за эканамічны кірунак разьвіцьця дачыненьняў з ЭЗ. Так што гэта можна лічыць ужо вырашаная справа. Потым, як я разумею, мусіць быць двухбаковы дакумэнт Менск-Брусэль аб фармаце ўдзелу менавіта Беларусі ва "Ўсходнім партнэрстве", бо пакуль гаворка ідзе аб удзеле толькі ў шматбаковых праектах.
Гэтыя інстытуцыянальныя дакумэнты будуць уганяць афіцыйны Менск у пэўныя рамкі. Напрыклад, каб атрымалася зона свабоднага гандлю, трэба ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, трэба рэфармаваць эканамічнае заканадаўства. Карацей, гэта будзе цягнуць ланцуг пераўтварэньняў, трэба будзе адмаўляцца ад пратэкцыянізму, ад філязофіі імпартазамяшчэньня, ад штучнай занятасьці, ці дакладней – ад лятэнтнага беспрацоўя. І гэта ўжо будзе ломка нейкіх пастулатаў сыстэмы.
Цалкам імаверна, што Менск можа аддаць перавагу рэдукаванаму варыянту ўдзелу ва "Ўсходім партнэрстве", каб рэдукаваць палітычныя рызыкі. Транзыт, энэргетыка, трансмежавыя праекты – пра гэта звычайна гаворыць афіцыйны беларускі бок. Вынікі ўдзелу гэтых 6 краінаў у партнэрстве могуць аказацца вельмі рознымі.
Вы, Юры, у перадачы на Белсаце праводзілі паралель з натаўскай праграмай “Партнэрства дзеля міру”: Польшча , якая хацела ўступіць у НАТО, скарыстала гэтую прыступку, а ў Беларусі многія абываталі і ня ведаюць, што наша сінявокая ўжо партнэрствуе з злавесным монстрам ужо другі дзясятак гадоў.
Беларускую ўладу тут найперш будзе падштурхоўваць прагматычны інтарэс: атрымаць пэўныя фінансавыя, эканамічныя выгады і дзеля гэтага Менск можа пайсьці на нейкія дробныя саступкі, а колькасьць, можна спадзявацца, будзе пераходзіць у якасьць.
Цудаў тут сапраўды ня варта чакаць, але, думаю, што тут будуць адбывацца важныя мэнтальныя рэчы. Ужо за лічаныя месяцы, як паказвае незалежная сацыялёгія, намеціўся кволы эўрапейскі трэнд у масавай сьвядомасьці: на 5 працэнтных пунктаў узрасла доля тых, хто выступае за ўступленьне Беларусі ў ЭЗ, і зьменшылася колькасьць прыхільнікаў аб’яднаньня з Расеяй.
Вось праблема візавых бар'ераў – зараз 67% беларусаў ніколі не былі ў ЭЗ. Калі яны будуць масава ездзіць, калі тыя самыя чыноўнікі будуць удзельнічаць у нейкіх эўрапейскіх сэмінарах – гэта важна, чыноўнікі – таксама людзі. І вось гэты паступовы, кволы мэнтальны трэнд можа быць вельмі важным чыньнікам".
Дракахруст: Вы ўсе ў сваіх адказах ужо закраналі тэму месца ў збліжэньні Беларусі з Эўропай дэмакратыі і правоў чалавека. Паводле сёлетняй справаздачы "Freedom house" Беларусь паводле ступені свабоды словы знаходзіцца сярод самых рэпрэсіўных рэжымаў сьвету – у кампаніі з Узбэкістанам і Туркмэністанам.
І паводле іншых паказьнікаў грамадзянскай і палітычнай свабоды становішча ў краіне ня лепшае. Якое месца ў далейшым рэальным, а не сымбалічным збліжэньні, будуць займаць пытаньні грамадзянскай свабоды? На працягу апошняга году мы неаднойчы былі сьведкамі таго, як нейкія “чырвоныя лініі”, зьвязаныя з гэтымі пытаньнямі, гучна дэкляраваліся Эўропай, а потым пра іх сьціпла забывалі. Ці справа ў тым, што пакуль размова ішла пра сымболіку, пра агульную рамку супрацы, а калі справа дойдзе да рэчаў практычных, умовы стануць больш жорсткімі? Ці гэта Realpolitik у чыстым выглядзе і словы пра прагрэс у галіне дэмакратыі будуць і далей адно толькі рытуалам, хаця б таму, што Realpolitik адносна Беларусі – гэта выбар старой Эўропы, а грошы, груба кажучы, ў яе? Пётар, вам першаму пытаньне.
Марцаў: Насамрэч безумоўна гэтыя пытаньні будуць закранацца. Я мяркую, што менавіта ў палітычнай сфэры ў
П. Марцаў
Дракахруст: Аляксандар, а які Ваш адказ? Калі размова пойдзе пра сур'ёзныя рэчы, пра інстытуцыянальныя ўмовы супрацоўніцтва, калі размова пойдзе пра вялікія грошы, а не пра 21 мільён эўра, ці магчыма, што менавіта тады гэтыя ўмовы будуць выстаўленыя, ці гэта ўжо вялікі паварот і ўмовы што да правоў чалавека і дэмакратызацыі ня будуць выстаўленыя ніколі ці няхутка?
Класкоўскі: Эўразьвяз, зразумела, ня будзе пэдаляваць гэтыя пытаньні, бо Менск адразу натапырыцца.
А. Класкоўскі
У Эўропе гэта таксама разумеюць і будуць фонава нагадваць пра гэтыя ўмовы ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека. І той самы форум грамадзянскай супольнасьці, пра які зараз шмат гавораць, можа аказацца дэкаратыўным. Афіцыйны Менск скажа, што ў нас самая шматлікая арганізацыя “трэцяга сэктару” – гэта “Белая Русь”, давайце на 80% сфармуем беларускую дэпутацыю зь яе. Вось таксама ЭЗ цьмяна гаворыць пра нейкі міжпарлямэнцкі форум. Гэта таксама можа аказацца ня больш эфэктыўнай структурай, чым міжпарляменцкая асамблея Эўраазіяцкай эканамічнай супольнасьці. Але тым ня менш менавіта тут ёсьць рэальнае поле для палітычнай гульні. Дагэтуль Эўропа зьвярталася да Менску толькі палымянымі адозвамі Эўрапарлямэнту. І эфэкт быў нулявы. А зараз, напрыклад, пры фармаваньні таго самага форуму грамадзянскай супольнасьці могуць сказаць: “Добра, 4 чалавек з “Белай Русі”, але яшчэ 1 чалавека з БАЖ, аднаго – з БХК”. Гэта канкрэтны палітычны гандаль. Ён, зразумела, ня можа прынесьці вялікіх палітычных вынікаў, але эфэкт можа быць ужо не нулявым, а гамэапатычным.
Дракахруст: Дзяніс, напярэдадні перадачы вы мне распавялі пра гутарку ў Брусэлі, сьведкам і ўдзельнікам якой вы былі. Распавядзіце і нашым слухачам.
Мельянцоў: Гэта быў сэмінар у Цэнтры эўрапейскай палітыкі, дзе прысутнічалі і эўрапарлямэнтары, і навукоўцы,
Французы адстойвалі "Ўсходняе партнэрства" як інструмэнт ангажаваньня Расеі, а палякі адстойвалі неабходнасьць накіданьня афіцыйнаму Менску палітычных абумоўленасьцяў, каб прымусіць беларускія ўлады трымацца эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Хаця ж самі гэтыя польскія эўрадэпутаты яшчэ напачатку мерапрыемства прызналі, што папярэдняя эўрапейская палітыка адносна Беларусі цалкам правалілася, бо была засяроджаная толькі на каштоўнасьцевым моманце, які быў абсалютна непрымальным для афіцыйнага Менску.
Каштоўнасьці зразумела дэкляруюцца, гэта можна пабачыць і ў апошняй дэклярацыі аб "Усходнім партнэрстве", дзе каштоўнасьці былі названыя цэнтрам гэтай ініцыятывы, хаця ў папярэдніх праектах "Усходняга партнэрства" каштоўнасьці наагул не фігуравалі, гэта быў цалкам гэапалітычны праект, там было адкрыта напісана, што мэтай праекту зьяўляецца падвышэньне бясьпекі ўсходніх суседзяў ЭЗ пасьля вайны ў Грузіі. Але хаця каштоўнасьці ў праграму і дадаліся, яны дадаліся чыста рытарычна.
Эўрапейцы разумеюць, што Менск будзе адпужаны ад партнэрства, калі перабараць меру з абумоўленасьцямі. Зь іншага боку, яны вельмі зацікаўленыя ў тым, каб Менск удзельнічаў у праекце, бо Беларусь – дастаткова важная яго частка. Гэты праект можна назваць, калі хочаце, адбудовай “санітарнага кардону” паміж ЭЗ і Расеяй.
Што да таго, ці ёсьць гэта Realpolitik, то як сказаў адзін эўрапейскі палітык, лепш, каб у Беларусі быў Лукашэнка, чым нейкі маскоўскі губэрнатар. Гэта максымум, чаго мы можам чакаць ад ЭЗ, і гэта вельмі добра, таму што Эўразьвяз па вялікім рахунку нам нічога не павінен. І калі ён спрабуе ангажаваць Беларусь такім чынам і захаваць яе незалежнасьць, то мы павінны толькі дзякаваць яму".
Дракахруст: Дарэчы, тую самую думку вельмі хвостка сфармуляваў старшыня ТБМ Алег Трусаў, які падчас онлайну на сайце нашага радыё заявіў: “Лепш Лукашэнка, чым Пуцін”. Але ці ня можа атрымацца так, што вынік Realpolitik і будзе ў стылі Realpolitik – на вялікай шахматнай дошцы Эўропа не аддасьць Расеі пешку-Беларусь. І ўсё. А што да ўнутранай пабудовы гэтай “пешкі”, то фактычна гэтая новая палітыка Эўропы дасьць новае дыханьне ўладзе, па сваёй прыродзе антыэўрапейскай? Ці ня можа гэтая новая палітыка не наблізіць, а наадварот аддаліць перамены ў Беларусі?
Марцаў: Калі зараз Эўропа адыграе ў Расеі беларускую незалежнасьць, гэта ўжо будзе вялікі вынік. Калі ў Эўразьвяза атрымаецца схіліць беларускія ўлады да інстытуцыянальных зьменаў, у першую чаргу ў сфэры эканомікі, то гэта будзе той вынік, які Эўразьвязам і плянуецца.
Дракахруст: Пётар, усім зразумела, што лепш быць здаровым і багатым, чым бедным і хворым. А калі гэта вельмі жорсткая маральная дылема: атрымаецца ці не атрымаецца ўмацаваць незалежнасьць – невядома, але цаной гэтага стане ўмацаваньне беларускага рэжыму і ў пэўным сэнсе закрыцьцё Беларусі шляху да пераменаў. Ці Вы лічыце, што гэта наадварот яе адкрые?
Марцаў: Так, гэта і ёсьць шлях да пераменаў, бо ўлада на сёньняшні дзень да нейкіх пераменаў гатовая. А вось калі вы гаворыце - беларускі рэжым, што вы маеце на ўвазе? Пэрсанальна Лукашэнку? Калі так, то гэты палітычны лідэр яшчэ нейкі час будзе стаяць на чале дзяржавы. Пытаньне ў тым, што ён будзе рабіць. Пакуль у Беларусі няма іншых палітычных сілаў, палітычных групаў, якія могуць праводзіць у краіне эвалюцыйныя пераўтварэньні. А тое што Беларусь не гатовая да рэвалюцыйных пераўтварэньняў - гэта на мой погляд факт.
Дракахруст: Аляксандар, а на ваш погляд, ці ня можа быць наступствам гэтай палітыкі захаваньне незалежнасьці , отыгрыш пешкі-Беларусь, але зь іншага боку – ўмацаваньне беларускага рэжыму, які ў іншых абставінах можа і сышоў бы, а пры такой палітыцы атрымае другое дыханьне. Так ня можа быць?
Класкоўскі: Я б тут разважаў ад адваротнага – а якая была альтэрнатыва? Ну ўявім сабе, што ў Эўропе пачулі
Так, нармалізацыя дачыненьняў з Эўропай у пэўнай ступені мацуе пазыцыі дзейнай улады. Але галоўнае, што яна мацуе пэрспэктывы незалежнасьці і эўрапейскага выбару Беларусі. А астатняе – гэта поле для палітычнай гульні, гэта акно магчымасьцяў. Урэшце рэшт ня справа Эўропы і брусэльскіх бюракратаў высаджваць тут нейкі дэсант і ваяваць за дэмакратыю.
Дракахруст: Аляксандар, але ёсьць і іншыя аргумэнты. Вось вы кажаце, што калі пачнуць ізноў ціснуць, то Лукашэнка кінецца ў Расею. Днямі я прачытаў меркаваньне Анатоля Лябедзькі, які сказаў, што Эўропа ж патрабуе даволі простых рэчаў, напрыклад, правядзеньня свабодных выбараў. І сапраўды – хіба складана Лукашэнку іх правесьці, саступіць? І ў Расею кідацца не спатрэбіцца.
Класкоўскі: Вынікам стане тое, што проста гэты дыялёг перарвецца. Сёньня беларуская ўлада не гатовая пусьціць апазыцыю ў сыстэмную палітыку ні пад якай маркай. Гэта Лукашэнка неаднойчы дэкляраваў. Ён ужо казаў, што ў размовах з заходнімі палітыкамі задаваў пытаньне: “А вы мне можаце даць тое, што можа даць Расея?” У яго застаецца варыянт усходняга кірунку, а Эўропа тады страчвае ў гэтай геапалітычнай гульні ўсё. І разбураецца сама канструкцыя "Ўсходняга партнэрства". Бо ўсё ж задума была – стварыць суцэльны пояс з постсавецкіх краінаў, каб была буфэрная зона паміж Эўропай і Расеяй.
Дракахруст: Дзяніс, крытыкі новай палітыкі Эўропы кажуць, што Эўропа пачала саступаць менавіта ў той момант, калі трэба было яшчэ крышачку пратрываць і ранейшая палітыка дала б плён. Бо на Беларусь насоўваецца крызыс, велізарная патрэба ў крэдытах, пры гэтым беларуская ўлада разумее, што залежнасьць краіны ад Расеі блізкая да крытычнай. Можа менавіта ў гэты момант і трэба было Эўропе праявіць жорсткасьць, настаяць на ўмовах дэмакратызацыі і Менск быў бы вымушаны саступіць?
Мельянцоў: Такое меркаваньне мае права на існаваньне. Сапраўды, ЭЗ шмат у чым пайшоў на велізарныя саступкі Лукашэнку. Можна было крыху пратрываць і я ня ўпэўнены, што Лукашэнка адразу пабег бы на Ўсход прасіць яшчэ большыя крэдыты і здаваць беларускую незалежнасьць.
Іншая справа , што ЭЗ – гэта канглямэрат вельмі розных дзяржаваў, якому цяжка дамовіцца пра адзіную
Д. Мельянцоў
Калі казаць пра вынікі такога геапалітычнага ўцягваньня, то я пагаджуся, што ў кароткатэрміновай пэрспэктыве такая палітыка стабілізуе рэжым. Я б не сказаў – умацоўвае, ён і так дастаткова моцны. Але стабілізуе, гэта так, і дае магчымасьць палітычнага манэўру, ў тым ліку і адносна Расеі.
Марцаў: У нас, па-шчырасьці не было выбару. Бо калі б ня "Ўсходняе партнэрства", ня нейкія іншыя варыянты - мы б дакладна ўваліліся б у Расею. Па меншай меры ў пытаньні эканомікі выбару не было б.