У лесе недалёка ад вёскі у 1937-1941 гадах на загад НКВД расстралялі некалькі сотняў жыхароў вакольных вёсак. Пра гэта распавядаюць старэйшыя з мясцовых жыхароў, аднак афіцыйна гэтае месца ня мае мэмарыяльнага статусу. Адно што на знак памяці пра тыя трагічныя падзеі на ўзьлеску ўзбоч шашы Віцебск-Лёзна стаяць тры сымбалічныя крыжы, пастаўленыя ў розныя гады віцебскімі актывістамі.
Першы крыж, які быў усталяваны тут у 1989 годзе, не захаваўся. Пад пагрозай зьнішчэньня былі апынуліся і пазьнейшыя тры крыжы: дарожна-будаўнічыя службы пашыралі тут аўтатрасу, і была небясьпека, што памятныя сымбалі проста зьнясуць. Аднак рэканструкцыя дарогі не закранула тое месца на ўзьлеску, затое крыжы сталі лепш відаць усім, хто праяжджае міма.
Больш за дзясятак прадстаўнікоў розных партый да грамадзкіх арганізацый зьехаліся, каб добраўпарадкаваць месца масавых расстрэлаў. Пасьля хлопцы павязалі на крыжы чорныя жалобныя стужкі, а дзяўчаты ўсклалі да іх першыя пралескі, сабраныя тут жа ў лесе.
Кіраўнік абласной суполкі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў распавёў, што некалькі гадоў таму партыйцы накіравалі зварот у Віцебскі аблвыканкам, каб улады далі распараджэньне стварыць у Паляі мэмарыял на знак памяці пра бязьвінна расстраляных землякоў. Але ў адказ атрымалі адмову: маўляў, няма дакумэнтальных сьведчаньняў пра тутэйшыя расстрэлы. Сапраўды, навукоўцы-гісторыкі гэтыя мясьціны не дасьледавалі. Аднак віцебскія апазыцыянэры яшчэ гадоў 20 таму зьбіралі ўспаміны паляёўскіх старажылаў, а таксама жыхароў вакольных вёсак, якія былі сьведкамі трагічных падзеяў. На сёньняшні дзень тых, хто пра гэта распавядаў, ужо няма ў жывых. Пайшлі з жыцьця і першыя сябры Беларускага Народнага Фронту, якія ініцыявалі ўшанаваньне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у гэтых мясьцінах — Роза Пушкарова, Сяргей Цярэнцьеў, Уладзімер Плешчанка.
Хвілінай маўчаньня сёньня ўшанавалі і іхную памяць, і памяць расстраляных тут бязьвінных людзей.