Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два тыдні працягваецца галадоўка за кратамі Мікалая Аўтуховіча


16 красавіка ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч абвесьціў галадоўку ў менскім сьледчым ізалятары. Ён патрабуе перадаць справу ў суд, або зьмяніць меру стрыманьня яму і яго калегам Юрыю Лявонаву і Уладзіміру Асіпенку. Усіх трох арыштавалі 8 лютага ў Ваўкавыску і даставілі ў турму на Акрэсьціна ў сталіцы, іх падазраюць, у прыватнасьці, у падпале маёмасьці чыноўнікаў у райцэнтры. Што мяркуюць у Горадні наконт галадоўкі Мікалая Аўтуховіча?

У Горадні былы палітвязень Валеры Леванеўскі, наколькі магчыма, сочыць за лёсам ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча.

Леванеўскі: “Я думаю, што галадоўка ў турме — сам па сабе крок мужны. А ўлічваючы, што ў яго стан здароўя, наколькі мне вядома, складаны, я думаю, што гэта крок адчаю, бо ён нават не разумее — за што сядзіць. Хаця, з майго пункту гледжаньня, яго проста ўзялі для постраху іншым, для запалохваньня насельніцтва, каб не было пратэстных настрояў”.

Былы палітвязень працягвае гаварыць пра становішча Мікалая Аўтуховіча, які галадае за кратамі:

“А што датычыць самой яго галадоўкі, на жаль, яна вельмі мала адлюстравана ў СМІ. Я думаю, яго сытуацыя — прадмет гандлю далейшага. Я яго па-людзку выдатна разумею і спачуваю. Там, дзе ён цяпер знаходзіцца, вельмі складана. Там вельмі многа людзей, недабразычліўцаў, я б сказаў, сыстэма прэсінгу, яна вельмі моцная, асабліва ў “СІЗО”.

Валеры Леванеўскі мяркуе, што без шырокай грамадзкай падтрымкі галадоўніку Аўтуховічу будзе вельмі складана. Але, на жаль, палітычныя дзеячы апазыцыі не агучваюць шырока, што чалавек проста сядзіць нізавошта, кажа Валеры Леванеўскі.

Грамадзкі праваабаронца з Горадні Сяргей Мальчык зазначае: Мікалай Аўтуховіч раней паказаў, што ўмее трымаць галадоўку. Але спадар Мальчык лічыць неабходным падкрэсьліць:

“У дадзеным выпадку галадоўка можа мець рэзананс тады, калі яна будзе падтрымана грамадзкасьцю, калі будуць пратэсты грамадзкасьці, калі будзе падтрымана міжнароднай супольнасьцю, карацей, калі гэта будзе мець вялікі рэзананс. Калі не, то галадоўка — вельмі вялікая небясьпека для жыцьця, ці, па крайняй меры, яна можа быць проста малаэфэктыўнай”.

Сяргей Мальчык удакладняе сваю думку:

“Я ня думаю, што ў цяперашніх палітычных умовах Аўтуховіч прыняў правільнае рашэньне ісьці на крайнюю меру, таму што пры цяперашнім стане сродкаў масавай інфармацыі, пры эканамічным становішчы ў краіне, пры адносінах Эўразьвязу да цяперашняга рэжыму, я ня думаю, што яна будзе мець дастаткова вялікі розгалас, каб Аўтуховіч змог дамагчыся таго, чаго ён дамагаецца сваёй галадоўкай, гэта — справядлівасьці і законнасьці ў дачыненьні да яго”.

Варта зазначыць, што і Сяргей Мальчык, і Валеры Леванеўскі ведаюць пра галадоўку не з чужых словаў, яны раней неаднаразова галадалі самі на знак пратэсту, калі апыналіся пад арыштам за кратамі.

Паводле адваката Паўла Сапелкі, стан галадоўніка Мікалая Аўтуховіча пагоршыўся, ён знаходзіцца ў мэдчастцы сьледчага ізалятару.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG