Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У шэсьці ня ўдзельнічалі некалькі моладзевых структур


У “Чарнобыльскім шляху” ўзялі ўдзел каля тысячы чалавек. Удзельнікаў шэсьця магло быць значна болей, але пасьля таго як салдаты перагарадзілі дарогу дэманстрантам на праспэкце Незалежнасьці, актывісты як мінімум трох моладзевых арганізацый адмовіліся прайсьці маршрутам, прызначаным уладамі. Сёлета “Чарнобыльскі шлях” быў нешматлюдны і абышоўся без сур’ёзных інцыдэнтаў і затрыманьняў.

Пасьля таго як скончыўся мітынг і арганізатары заклікалі ўсіх перайсьці на другі бок праспэкту Незалежнасьці праз падземны пераход, маладыя людзі пачалі будаваць свае ланцугі. Анархісты сышлі апошнімі, стройнай калёнай пад грукат барабанаў.

Большасьць спэцназаўцаў у цывільным знаходзілася якраз каля натоўпу анархістаў. Актывісты руху “Маладая Беларусь” і кампаніі “Эўрапейская Беларусь” пайшлі калёнай у бок плошчы Якуба Коласа. Адразу праспэкт перакрылі салдаты ўнутраных войскаў, апранутыя ў форму спэцназу.

Міліцэйскае кіраўніцтва пачало перамовы з арганізатарамі і тымі ўдзельнікамі шэсьця, якія былі наперадзе калёны.

Віктар Івашкевіч (справа) вядзе перамовы
Дэманстранты папрасілі міліцыянтаў даць прайсьці праспэктам да плошчы Якуба Коласа, а адтуль вуліцай Веры Харужай да чарнобыльскай капліцы. Дамовіліся, што чакаюць вынікаў 10 хвілінаў.

Тым часам Віктар Івашкевіч зьвярнуўся да прысутных і заклікаў іх ісьці ў бок вуліцы Хмяльніцкага, менавіта тым маршрутам, які прапанавалі ўлады.

Віктар Івашкевіч патлумачыў “Свабодзе”: “Чарнобыльскі шлях” — гэта шлях. І мы павінны яго прайсьці да чарнобыльскай капліцы. Калі ўлады паказалі сваё “мурло” і перакрылі шлях сваімі мардаваротамі, то я лічу, як арганізатар, што ладзіць пабоішча ў гэты дзень няма ніякай патрэбы.

Мы пачакаем яшчэ хвілін 10 пакуль, можа, улада адумаецца. Калі не, я заклічу ісьці тым маршрутам, які прапанавалі ўлады, а менавіта вуліцай Хмяльніцкага ў бок чарнобыльскай капліцы, бо стаяць тут гадзіну няма сэнсу“.

Актывісты “Маладой Беларусі” пасьля гэтага згарнулі расьцяжкі і прыбралі сьцягі.

Артур Фінькевіч
Лідэр руху Артур Фінькевіч: “Ісьці тым маршрутам, які дазволілі беларускія ўлады, бессэнсоўна. Бессэнсоўна ісьці на Бангалор, паказваючы сваю слабасьць і бязьдзейнасьць”.

Актывісты кампаніі “Эўрапейская Беларусь” таксама адмовіліся прайсьці прызначаным маршрутам.

Яўген Афнагель
Яўген Афнагель: “Частка людзей пайшла на Бангалор, але безь сьцягоў. Мы не пайшлі, бо лічым, што дэманстрацыя, хай сабе й жалобная дэманстрацыя, павінна быць дэманстрацыяй. Яны павінна дэманстраваць нашы погляды, нашы ідэі тым людзям, якія яе бачаць.

Той маршрут, які быў прапанаваны гарвыканкамам, яшчэ горшы за той маршрут, які звычайна прапаноўваюць улады апазыцыі для масавых шэсьцяў. Я маю на ўвазе вуліцу Сурганава. Бо там тое ж самае, што мітынгаваць у двары ўласнага дома. Нас не задаволіў маршрут”.

Анархісты калёнай прайшлі па вуліцы Хмяльніцкага да скрыжаваньня з вуліцай Якуба Коласа. Там яны згарнулі свае сьцягі, якія былі на кароткіх дрэўках. Гэта працэдура выклікала ўвагу апэратараў-міліцыянтаў і КДБ. Адзін апэратар КДБ так захапіўся, што ўлез у цэнтар кола анархістаў, дзе стаяла сумка, у якую тыя клалі сьцягі і расьцяжкі.

Анархісты паведамілі, што рыхтаваліся да шляху, але вырашылі спыніць свой удзел, бо ня хочуць ісьці дарогамі ўздоўж будоўлі, дзе ніхто ня бачыць дэманстрантаў.

Спэцназаўцы ў цывільным суправаджалі анархістаў нават пасьля таго, як тыя разышліся дробнымі групамі.

Удзельнікі шэсьця прайшлі вуліцай Сурганава праз плошчу Бангалор да чарнобыльскай капліцы павольна і безь перашкодаў.

Такім чынам, сёлета на гадавіну Чарнобыльскай катастрофы сярод удзельнікаў акцыі не было затрыманых. Але за некалькі гадзінаў да яе правядзеньня міліцыянты затрымалі актывіста БХД Дзяніса Садоўскага, які выйшаў з офісу з вудамі.

У той момант, калі людзі пачалі зьбірацца каля Акадэміі Навук, міліцыянты ўварваліся ў офіс “Хартыі’97”. Яны патлумачылі, што паводле іх інфармацыі, там знаходзіцца скрадзены ровар. Пасьля непрацяглага ператрусу міліцыянты сышлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG