Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ рыхтуе новы фільм для БТ?


У кватэру бацькоў лідэра незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Дашкевіча ўварваліся людзі ў цывільным зь відэакамэрамі. Яны здымалі ў пакоях і нават у санвузьле. Спробы зьняць на стужку жытло бацькоў актывіста рабіліся і раней. Учора ж супрацоўнікі КДБ прымушалі актывіста Антона Русіна прачытаць перад камэрай падрыхтаваны службістамі тэкст з мэтай дыскрэдытацыі арганізацыі.

Бацькі Зьмітра Дашкевіча, якія жывуць у Старых Дарогах, заявілі “Свабодзе”, што будуць зьвяртацца ў пракуратуру са скаргай на дзеяньні людзей у цывільным.

Вольга Дашкевіч апавяла, што адчыніла дзьверы на званок — і адразу яе асьляпіла сьвятло ад камэраў.

“Хацела дзьверы зачыніць, а міліцыянт падставіў нагу. Усе як уваліліся мужыкі! Пабеглі па хаце. Мяне стала калаціць... “Пакажыце дазвол, што вы маеце права тут здымаць. Для каго здымаеце?” А яны кажуць: “Для свайго начальства”. “Для якога начальства? Для раённага?” А яны мне кажуць: “Не, для міністэрства”.

Прыбіральню адчынілі, ванную адчынілі... Божа! Я кажу: “Добра! Адчыняйце шафы ў залі, у спальні, здымайце там усю бялізну, адзеньне... Усё здымайце!” Няможна было выгнаць іх. Я дагэтуль не магу супакоіцца”.

Вячаслаў Дашкевіч распавёў, што яму людзі з камэрамі таксама не прад’явілі ніякіх пасьведчаньняў і не далі папераў, зь якіх вынікала б, што яны дзейнічаюць у межах закону.

“Вісіць сьцяг бел-чырвона-белы, на люстэрку — герб “Пагоня”, ягоны фотаздымак. Ну, усё здымалі недзе з паўгадзіны... І ванную, прыбіральню, кухню.

Міліцыянт кажа: “Вось, не зусім чыстая ў вас прасьціна”. А я яму: “Для нас яна чыстая. Можа, яшчэ й трусы хочаце паглядзець?” “Мы ўлада, мы можам усё правяраць. Мы маем права праверыць, як вы жывяце, ваш быт”.

Запытваю: “Вы ўсіх правяраеце?” — “Каго захочам, таго й правяраем”.

Гэта была другая спроба зрабіць здымкі дома ў бацькоў лідэра “Маладога фронту”. За тыдзень да гэтага ў кватэру пазванілі. Вячаслаў Дашкевіч адчыніў дзьверы і ўбачыў жанчыну. За ёй стаяў чалавек з камэрай. Жанчына пасьпела зайсьці ў кватэру, а апэратара сп.Дашкевіч не пусьціў.

“Яна пачала лямантаваць, што наш сын уцягвае ў сваю арганізацыю яе 15-гадовага сына. Я адразу ж набраў тэлефон сына, і яна яму таксама гаварыла. Крычала мне і, напэўна, яму, што павесіцца і гэта будзе на нашым сумленьні”.

Зьміцер Дашкевіч лічыць, што здымкі ў кватэры бацькоў рабіліся адмыслова, каб прадэманстраваць гледачам першыя кадры пра тое, што гэта сапраўды кватэра бацькоў актывіста, а потым даць апэратыўныя відэаматэрыялы з прытонаў, каб такім чынам дыскрэдытаваць усю сям’ю.

“Супрацоўнікі КДБ рыхтуюць новыя фільмы пра беларускую апазыцыю, каб дыскрэдытаваць лідэраў і актывістаў дэмакратычнага руху. На Беларускім тэлебачаньні даўно ўжо няма журналістаў, адтуль сышлі ўсе прыстойныя людзі.

Мы памятаем гэтыя фільмы пра актывістаў “Маладога фронту”. Нядаўна пра Арцёма Дубскага круцілі ды пра іншых. Раскідваюць апэратары бэтэшныя разам з кэдэбэшнікамі нейкія кількі, бутэлькі, анкеты “Маладога фронту” падкідваюць.

Гэта тыя мэтады, якімі карыстаюцца дзяржаўныя прапагандысты”.

Павал Севярынец выказаў сваё меркаваньне:

“Разьлік ідзе на тое, што бацькі тых маладых людзей, якія ўступаюць у “Малады фронт” ці гатовыя ўступіць, будуць дадатковым чыньнікам ціску на моладзь. Выкарыстоўваецца гэтая дастаткова небясьпечная ўзроставая мяжа без аніякага сораму. Гэбісты лезуць у далікатныя сямейныя стасункі, спрабуючы распаліць нянавісьць паміж старэйшымі і маладзейшымі.

Ніколі да дабра гэта не даводзіла. Тая нянавісьць, якую спрабуюць культываваць гэбісты, абернецца супраць іх”.

Моладзевыя актывісты лічаць, што супрацоўнікаў КДБ падціскаюць тэрміны здачы фільму. Пра гэта ўскосна сьведчыць учорашні інцыдэнт. Актывісту “Маладога фронту” Антону Русіну пагражалі, што ў яго будуць праблемы ў жыцьці, а ягоную маці звольняць з працы, калі ён адмовіцца перад камэрай прачытаць гатовы тэкст пра тое, што лічыць памылкай сваё сяброўства ў “Маладым фронце”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG