“Гэты дакумэнт абмяркоўваўся, але ў ім былі ацэнкі, зь якімі я катэгарычна ня згодзен. Яны не адпавядаюць рэчаіснасьці. Я лічу, што вельмі важна, каб мы, калі мы змагаемся за свабоду і праўду, пісалі праўду ў сваіх лістах, а ня толькі выказвалі свае эмоцыі. Такі ліст у такім зьмесьце падпісаны сапраўды ня мог быць”.
А.Мілінкевіч зьдзіўляецца, адкуль Лукашэнку стала вядома пра гэты факт, а пахвала ад Лукашэнкі яму неістотная. Асабліва на фоне таго, што ён абазваў ўсю апазыцыю ворагамі народу:
“Я не лічу, што ўвогуле сярод апазыцыі ворагі народу. Ёсьць розныя пазыцыі. Шчыра скажу, што я працую не на тое, каб атрымаць пахвалу ад улады, ад спадара Лукашэнкі. Шчыра веру ў тое, што гэта карысна для Беларусі, хацеў бы каб мяне пахваліў беларускі народ, каб падтрымаў маю пазыцыю. У ягоных вачах хацеў бы мець аўтарытэт”.