У Архікатэдральным саборы Найсьвяцейшай Дзевы Марыі ў Менску пачалася сустрэча кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі зь мітрапалітам Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.
Як заявіў журналістам перад пачаткам сустрэчы Тадэвуш Кандрусевіч, “сустрэча кіраўніка дзяржавы з сынодам Беларускай праваслаўнай царквы і наша сёньняшняя сустрэча кажуць пра тое, што дзяржава хоча разьвіваць добрыя дачыненьні і з праваслаўнай Царквою, і з каталіцкім Касьцёлам”.
Мітрапаліт адзначыў, што “ёсьць пэўная дынаміка ў супрацоўніцтве дзяржавы і Касьцёлу, ёсьць крокі ў рашэньні шэрагу праблемаў”. Сярод іх, у прыватнасьці, — будаўніцтва храмаў. “У Менску на 300 тысяч каталікоў ёсьць толькі 4 касьцёлы і 2 капліцы. Мы ўжо атрымалі дазвол на новае будаўніцтва”, — адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч.
Напярэдадні кіраўнік каталіцкага касьцёлу ў Беларусі заявіў:
“Касьцёл знаходзіцца ў вельмі цяжкай сытуацыі. 30% парафій ня маюць месца, дзе яны могуць цэлебраваць сьвятую імшу. Не заўсёды лёгка таксама атрымаць рэгістрацыю і яшчэ цяжэй — атрымаць дазвол на пабудову касьцёла, атрымаць нейкі пляц. Мне часамі гэта не заўсёды зразумела. Далей — вельмі цяжкая сытуацыя пэрсанальная. Сёньня ў нас працуе каля сотні сьвятароў: 2/3 зь іх — гэта грамадзяне Беларусі, і 1/3, альбо 30%, — замежнікі. І мне цяжка зразумець, што нам сёньня не дазваляюць, каб прыехалі сьвятары з-за мяжы. Я добра разумею і падзяляю клопат дзяржавы пра тое, каб былі мясцовыя сьвятары. Аднак гэта працэс. І не вінаваты каталіцкі касьцёл у тым, што калі цягам 70 гадоў тут, на гэтай зямлі, не было сэмінарыі, то скуль могуць узяцца гэтыя сьвятары вельмі хутка?”
10 красавіка падчас рабочага візыту ў Маскву А.Лукашэнка сустрэўся з патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам.