Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суботнік. Адчуй сябе рабом!


Арцём Агафонаў з сынам Федзем
Арцём Агафонаў з сынам Федзем
agafon-bel

Арцём Агафонаў, 32 гады. Да 19 гадоў жыў у гарах Алтаю (казахстанскай яго часткі), пасьля чаго панаехаў у Беларусь. Былы нелегальны імігрант, студэнт, журналіст, чыноўнік, кандыдат у дэпутаты і прадпрымальнік (ужо таксама амаль былы). Жыву за 150 км ад Менску ў правінцыйным горадзе Любані, дзе гандлюю кампутарамі, займаюся палітыкай і пішу ў ЖЖ.

1. Навошта я пішу блог

Чатыры гады назад сябар распавёў мне пра сэрвіс Livejournal. Тады вырашыў паспрабаваць і дагэтуль не магу спыніцца. Для мяне блогі – гэта і навінавы рэсурс, і дыскусійны клюб, і проста сродак камунікацыі. Усё ў адным. Мой блог здорава мне дапамог у самарэалізацыі. Калі я яго ствараў, то быў досыць звычайным дробным прадпрымальнікам, а цяпер – публічны палітык. І не ў апошнюю чаргу дзякуючы сваёй пісаніне ў ЖЖ.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Цікавых і ўдумлівых суразмоўцаў, якія прапануюць сьвежыя думкі. Зусім не абавязкова, каб гэтыя думкі супадалі з маімі. Нават наадварот, прыемна гутарыць зь людзьмі, якія паважаюць і сябе, і апанэнта — у такіх спрэчках удасканальваеш сваю аргумэнтацыю, даведваесься багата новага, а часам і прызнаеш рацыю суразмоўцы, атрымліваючы магчымасьць па-новаму зірнуць на рэчы. Карацей, люблю спрэчкі, у якіх нараджаецца ісьціна. Яшчэ ў ЖЖ вялізны асартымэнт ідэяў. Туды піша куча людзей з самымі арыгінальнымі і экзатычнымі поглядамі. Я іх нават калекцыяную ў сваёй фрэндстужцы – нацыяналістаў, анархістаў, падкарпацкіх і сыбірскіх сэпаратыстаў, камуністаў усіх адценьняў, лібэралаў і кансэрватараў, нават тых, каго ўвогуле немагчыма ўпісаць у традыцыйную схему. Часам нават самыя экзатычныя фрыкі выказваюць вельмі цікавыя ідэі, якія пасаромеліся б агучыць больш рэспэктабэльныя аўтары.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Хамства і самалюбаваньне, агрэсію і абмежаванасьць.

Яшчэ не люблю, калі людзі выцягваюць усім на пагляд сваё прыватнае жыцьцё.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

pessimist2006

deeplake

zelanton

kurt-bielarus

palitekanom


Заўтра — суботнік. Улада абяцае сабраць рэкордную колькасьць удзельнікаў. Мільёны людзей па ўсёй краіне зноў будуць бясплатна працаваць дзеля рэалізацыі амбітных плянаў кіраўніка дзяржавы. Настаўнікі ня будуць вучыць, лекары — лячыць, чыноўнікі — кіраваць. Усе яны будуць месьці, капаць і фарбаваць. Зрэшты, наконт апошніх — можа, яно і на лепшае. Мяркуючы па якасьці прыманых рашэньняў, некаторыя зь іх хоць раз на год змогуць заняцца справай, адпаведнай іхнім здольнасьцям.

Я ня супраць адраджэньня вёскі, якому прысьвечана цяперашняе мерапрыемства. Але на тое, як яго можна адрадзіць, у мяне ёсьць свае ўласныя погляды. Я не разумею, навошта трэба ўкладаць у час крызісу мільярды даляраў у будаўніцтва новых дамоў у вёсках, калі там поўна пустых дамоў, скупіць і адрамантаваць якія абыдзецца нашмат таньней. Я не разумею, нашто працягваць будаваць гэтыя дамкі там, дзе і раней пабудаваныя не ўдалося засяліць. Я не разумею, чаму ствараюцца спачатку дамы, а потым інфраструктура і працоўныя месцы для тых, хто ў гэтых дамах будзе жыць. Я ўвогуле шмат чаго не разумею ў нашай аграрнай палітыцы.

Уражвае эфэктыўнасьць суботнікаў. У леташнім узялі ўдзел 5 мільёнаў чалавек. І на палову выручаных сродкаў было куплена аж 15 рэанімабіляў, коштам па 480 мільёнаў рублёў кожны. Няцяжка падлічыць, што ўдзельнікі суботніку зарабілі для дзяржавы аж па 3 тысячы рублёў кожны. І варта дзеля гэтага прымусова (так-так, прымусова, дакумэнты ёсьць, і чаму да іх няма справы пракуратуры — я таксама не разумею) зганяць на прыніжальныя працы мільёны людзей? Калі б яны заставаліся на працоўных месцах і проста плацілі падаткі — вынік быў бы лепшы.

Гэта ў Менску суботнік адзін. Чым далей ад сталіцы і бліжэй да вёскі — тым цікавей. Суботнікі бываюць яшчэ абласныя, раённыя і г.д. Дзе-нідзе іх бывае па 10 на год — і ня толькі па суботах. Бывае, ідзеш пасьля чарговага суботніка па бальнічны (зьбіраць лён уручную ў сьнежні ня надта карысна для здароўя), а ў больніцы працуюць толькі рэгістратура і дзяжурны лекар — астатнія дапамагаюць вёсцы. Прычым ісьці даводзіцца пешкі — грамадзкі транспарт развозіць памагальнікаў. Колькі краіна страчвае ад гэтага — ніхто не лічыў. Але відавочна больш, чым набывае.

Я бачу толькі адзін сэнс у суботніках — прымусіць кожнага грамадзяніна хоць раз на год адчуць сябе рабом. Нягледзячы на адукацыю і кваліфікацыю, прымусіць бясплатна выконваць самую брудную і некваліфікаваную працу пад пагрозай штрафаў і праблемаў на асноўнай працы. І рабіць гэта часьцей, каб не расслабляліся і не ўспаміналі аб правах чалавека ці, у найгоршым разе, аб Працоўным кодэксе.

Кожны каштоўны на сваім месцы. Настаўнікі павінны вучыць, лекары — лячыць, дворнікі — месьці, сяляне — урабляць зямлю, а чыноўнікі — кіраваць, але так, каб нікому не даводзілася рабіць чужую працу. Інакш — хай лепш мятуць, а кіраваць знойдзецца каму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG