Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ордэр на арышт Ёзаса Булькі пакуль не выдаваўся


На гэтым тыдні, цытуючы літоўскія і польскія СМІ, мы паведамілі, што літоўская юстыцыя выдала эўрапейскі ордэр на арышт 83-гадовага сьвятара зь Беларусі Юозаса Булькі, які абвінавачваецца ў генацыдзе.

СЛУХАЦЬ:


Паводле літоўскай пракуратуры, у 1950-я гады гэты сьвятар супрацоўнічаў з камуністычнымі ўладамі і дапамагаў ім адсочваць і забіваць партызанаў, так званых “лясных братоў”, якія змагаліся супраць Саветаў. Паводле літоўскага гісторыка Лаймонаса Абаруса, у 1950-я гг. Юозас Булька напачатку змагаўся на баку лясных братоў, а потым быў завэрбаваны органамі ГБ. У Булькі, паводле гісторыка, была мянушка “Бімба”. На яго сумленьні нібыта жыцьцё 56 чалавек, якіх ён выдаў спэцслужбам.

Інфармацыя адносна таго, што нібыта выдадзены эўрапейскі ордэр на арышт Ёзаса Булькі, не адпавядае рэчаіснасьці, але падобныя дзеяньні супраць беларускага ксяндза могуць быць ужытыя з боку Літвы.

Пракурор Першага адзьдзела па арганізацыі дасудовага расьследваньня асабліва цяжкіх злачынстваў Віленскай акруговай пракуратуры Вальдэмарас Баранаўскас паведаміў:

"Пра тое, што абвешчаны вышук, я сам сапраўды даведаўся толькі з DELFI (найбуйнейшы балтыйскі інфармацыйны партал) і з тэленавінаў, так адкуль гэтая інфармацыя, не магу сказаць. А рэальная сытуацыя такая: падобны крок, падобнае дзеяньне рыхтуецца, але на сёньня вышуку няма. Гэта сапраўды не адпавядае рэчаіснасьці, што абвешчаны вышук. Адкуль гэтыя зьвесткі ўзяліся, не ведаю. Адносна таго, што нібыта цяпер абвешчаны вышук Ёзаса Булкі - такога дакладна няма няма".

Прадстаўнікі каталіцкай царквы Літвы заявілі, што пакуль не могуць нічога сказаць адносна справы Ёзаса Булькі, хаця ў Віленскай архібіскупскай курыі памятаюць і ведаюць ксяндза Ёзаса Бульку, які меў прыход у адным з віленскім касьцёлаў у раёне Зьвярынца (Жверінаса).

Аб тым, што ксёндз Ёзас Булька – шчыры каталік, раней заявіў найстарэйшы ў сьвеце паляк, які жыве ў Літве, прэлат Юзэф Абрэмскі, у прыходзе якога Ёзас Булька працаваў у 1980-я гадох, і які даваў яму рэкамэндацыю для рукапалажэньня.

У Беларусі Булька карыстаецца вялікім аўтарытэтам. У вёсцы Мосар, дзе знаходзіцца яго прыход, сьвятар разгарнуў актыўную барацьбу з алькагалізмам. Зь ягонай ініцыятывы ў вёсцы быў адкрыты музэй барацьбы з п’янствам, а таксама помнік папу Яну Паўлу II і нават міні-заапарк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG