СЛУХАЦЬ:
Нагадаем: 2 красавіка недалёка ад галоўнай алеі ў Курапатах заўважылі раскапаную магілу. На наступны дзень высьветлілася, што на адлегласьці некалькіх мэтраў ад яе раскапана яшчэ адна магіла. Парэшткі, фрагмэнты вопраткі і абутак забітых у 30-я гады людзей злачынцы пакінулі на жвіры.
Расьсьледаваньнем справы і пошукам злачынцаў, якія раскапалі ў мэмарыяльным комплексе Курапаты дзьве магілы, будуць займацца сьледчыя міліцыі Менскага раёну.
Сьледчы пракуратуры Менскага раёну Сяргей Брэль выяжджаў 3 красавіка ў Курапаты і зьбіраў матэрыялы, зьвязаныя са злачынствам. Група экспэртаў сабрала ўсе парэшткі, якія былі раскіданыя злачынцамі на жвіры, каб зрабіць экспэртызу. Заключэньне будзе гатовае не раней як праз тры тыдні. Пасьля гэтага парэшткі будуць перазахаваныя ў тыя ж магілы, адкуль іх выкапалі невядомыя злачынцы.
Крымінальная справа паводле факту злачынства ў Курапатах распачатая. Сьледчыя пакуль ня вызначыліся канкрэтна, паводле якога артыкулу Крымінальнага кодэксу яна будзе весьціся.
Сьледчы пракуратуры Менскага раёну Сяргей Брэль паведаміў “Свабодзе”:
“Пытаньне, распачынаць паводле 364 ці 346 артыкулу — альбо наўмыснае пашкоджаньне ці зьнішчэньне помнікаў гісторыі і культуры, альбо апаганьваньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Могуць быць і яшчэ нейкія артыкулы таксама ўжытыя.
Гэтым будзе займацца міліцыя, бо гэта іх падсьледнасьць. Наконт парэшткаў у нас няма сумневу, што гэта людзі, якія загінулі ў той пэрыяд. Але для парадку прызначылі судова-мэдычную экспэртызу. Потым мы перадамо іх для перазахаваньня. Міліцыя будзе весьці сьледзтва пад нашым кантролем”.
Актывіст Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі ня верыць, што сьледчыя знойдуць злачынцаў:
“Калі ніякай рэакцыі праваахоўных органаў на гэта ня будзе, калі яны ня знойдуць тых, хто зьдзейсьніў чарговае злачынства, калі ня будзе створана нармальная ахова, то за сваю прафэсійную непрыдатнасьць службовыя асобы павінны будуць папросту вызваліць свае пасады.
Калі яны атрымліваюць грошы падаткаплатнікаў, то мусяць прафэсійна выконваць свае абавязкі. На гэтыя сродкі там павінен быць стацыянарны пункт аховы. Няма праблемаў, каб паставіць відэаназіраньне”.
Паплечнік Алеся Чахольскага, прэсавы сакратар партыі Валер Буйвал выказаў сваё меркаваньне:
“У лістападзе мінулага году фронтаўцы злавілі двух вандалаў, што ламалі крыжы. Пацьвердзілася наша меркаваньне, што ўсё гэта зьдзяйсьняецца расейскімі фашыстамі.
Мы мусім зьвяртацца да грамадзтва, каб была наладжана абарона курапацкай сьвятыні ды іншых месцаў пахаваньня і пакутніцтва нашага народу”.
Акты вандалізму ў Курапатах адбываліся й раней. Акрамя таго, што невядомыя апаганьвалі магілы, ламалі “лаву Клінтана”, малявалі фашысцкія свастыкі на крыжах і іконах, адбываліся раскопы магіл.
2 траўня 1995 году, на Радаўніцу, невядомыя раскапалі больш за дзясятак магіл. Паўсюды былі раскіданыя парэшткі людзей. Была распачата крымінальная справа, але вынікі яе невядомыя. У 1998 годзе злачынцы выкапалі з магілы парэшткі людзей, перазахаваныя пасьля эксгумацыі магіл прадстаўнікамі сьледчай камісіі. Праз год у Курапатах раскапалі яшчэ 6, а праз тры гады — 4 магілы.