“Насьпела гэтая адстаўка асабліва пасьля таго, як быў узяты курс на, так бы мовіць, моўную, тэрміналягічную лібэралізацыю ў краіне.
Наяўнасьць такіх людзей, як Навумаў, каля ўлады стварала такое ўражаньне, што там ідзе жорсткая дыскусія паміж “галубамі” і “ястрабамі” — прыхільнікамі паляпшэньня стасункаў з Эўразьвязам і іх праціўнікамі.
Гэтая адстаўка павінна паказаць, што гэтая лібэралізацыя — сапраўды нейкі важны пункт, і гэта пацьвярджаецца асобамі людзей, якія прысутнічаюць каля ўлады.
Да таго ж за Навумавым цягнуўся шлейф непрыемных сытуацый, момантаў, якія ўвесь час падкрэсьлівала апазыцыя падчас кангрэсаў, самітаў у Страсбуры, Брусэлі ды іншых гарадах.
Таму, відаць, вырашылі адрэзаць гэта як частку мінулага і паспрабаваць надаць сілавым структурам нейкі іншы выгляд. Каб мы не рабілі дэмаршаў, калі сюды прыяжджалі сілавікі зь Літвы ці Польшчы, каб выпіць шампанскага. Калі будзе нейкі Сідараў ці Ягораў, то такіх пратэстаў можа й ня быць, і камунікацыі будуць аблегчаныя.
Думаю, што такія парады маглі даваць тыя, хто цяпер працуе з Лукашэнкам ня толькі ўнутры Беларусі, але й за яе межамі.
Так што Аляксандар Рыгоравіч застаўся апошнім. Хутка, відаць, і яму давядзецца сыходзіць”.