Мерапрыемствы, як заўсёды, ладзяцца і на бліжэйшыя выходныя да і перад 25 сакавіка, калі, як, сёлета, сьвята прыпадае на працоўны дзень.
У выходныя напярэдадні сьвята 22 сакавіка сьвяточныя імпрэзы ў ЗША правёў Беларускі Моладзевы Рух Амэрыкі. Нядаўна створаная беларуская студэнцкая суполка ў Рыме з нагоды Дня Волі ўшанавала памяць беларусаў, якія загінулі пры Монтэкасіна ў 1944 годзе.
У Лёндане набажэнства і сьвяткаваньне адбудзецца ў суботу 28-га сакавіка ў Бібліятэцы імя Францішка Скарыны. 29 сакавіка плянуюцца сьвяточныя імпрэзы Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня ў ЗША і Згуртаваньня беларусаў Канады ў Таронта. Беларусы Квэбеку і Атавы плянуюць сёлета сьвяткаваць 4 і 5 красавіка.
Сьвяткуюць і дакладна 25 сакавіка
25 сакавіка беларускія сьвяточныя імпрэзы адбудуцца ў ЗША, Нямеччыне, Бэльгіі, Францыі, Польшчы, Літве, Эстоніі.
Мітынгі і сьвяточныя шэсьці плянуюцца ў Нью-Ёрку, Бэрліне, Брусэлі, урачыстыя набажэнствы за Беларусь адбудуцца ў Вільні, Антвэрпэне, Рыме. У Вільні плянуецца ускладаньне кветак да помнікаў айцоў БНР на Росах і прэм'ерны канцэрт хору пад кіраўніцтвам Кірылы Насаева ў Акадэміі музыкі і тэатра .
Каго Дзень Волі аб'яднаў
Пытаньне, якое паўтараецца з году ў год – ці аб'яднае беларускую дыяспару Дзень Волі – можна перайначыць: ці супрацоўнічаюць замежныя беларускія арганізацыі і ці заўважны плён? І вось тут сапраўды можна адказаць станоўча – супольныя праекты, якія тым ці іншым чынам лучыць ідэя Дня Волі, сёлета ёсьць.
У ліку сёлетніх сьвяточных імпрэзаў з нагоды Дня Волі у ЗША – беларуская выстава “Мастацтва супраць дыктатуры”, супольная ініцыятыва беларусаў з Эўропы і Амэрыкі разам з мастакамі і актывістамі зь Беларусі, якую ужо пабачылі некалькі краін.
Ідэя нарадзілася на Кангрэсе новай дыяспары ў Таліне у сакавіку летась, і, паводле задумы, выстава пачала свае падарожжы па кантынэнтах. Яна складаецца з 30 прац беларускіх мастакоў і скульптараў і задуманая як перасоўная экспазыцыя. Выстава, якая прадстаўлялася ў эстонскім парлямэнце, і будзе паказаная яшчэ ў іншых парлямэнтах Эўропы, цяпер знаходзіцца ў ЗША.
У лютым было ўрачыстае адкрыцьцё экспазыцыі ў Вашынгтоне ў штаб-кватэры Фонду Маршала ў ЗША з удзелам прадстаўнікоў 13 дыпляматычных місій, акрэдытаваных у ЗША, а таксама прадстаўнікоў Рады БНР і беларусаў ЗША і Канады.
22 сакавіка выстава адкрылася ў Нью-Ёрку, у Беларускім музэі ў Брукліне, пасьля ўся экспазыцыя будзе зноў прадстаўленая ў Вашынгтоне.
Выстава – адзін з вынікаў аб'яднаньня моладзевых актывістаў ЗША зь Беларускага моладзевага руху Амэрыкі і з Эстоніі – тамтэйшых каардынатараў “Трэцяга Шляху”, палітычных уцекачоў, якія ініцыявалі Кангрэс новай дыяспары і нядаўна стварылі разам з мясцовымі беларусамі эстонскую арганізацыю “Valgevene Uus Tee” – “Новы шлях для Беларусі”.
Імпрэзы да Дня Волі ў беларусаў за мяжой праходзяць цягам некалькіх тыдняў.
Самае папулярнае
1