Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе жыць лепей: у горадзе ці ў вёсцы?


Кожны чалавек мае права выбіраць, дзе яму жыць лепей — у горадзе ці ў вёсцы. Але на практыцы не заўсёды так атрымліваецца, бо ёсьць і суб’ектыўныя фактары — ад наяўнасьці жытла ці неабходнасьці працаваць па разьмеркаваньні да пачуцьця патрыятызму і нават каханьня. 70% насельніцтва Беларусі цяпер жыве ў гарадах. На мінулым тыдні група незалежных эканамістаў прэзэнтавала “Рэйтынг гарадоў Беларусі: умовы разьвіцьця чалавечага капіталу”. Дзе жыць лепей і чаму?

Усе рэйтынгі маюць крыху суб’ектыўны характар — у гэтым прызнаюцца і распрацоўшчыкі рэйтынгу гарадоў. Вынікі дасьледаваньня даволі нечаканыя:

Заслаўе
Заслаўе выйшла на першае месца, і толькі за ім апынулася сталіца. Невялікія гарады Фаніпаль, Смалявічы, Лагойск, Дзяржынск апярэдзілі абласныя цэнтры. Замыкаюць рэйтынг гарады Чарнобыльскай зоны. А на апошнім 134-м месцы даволі заможнае мястэчка — Давыд-Гарадок. Але гарады ацэньваліся паводле афіцыйных статыстычных дадзеных з улікам шэрагу паказчыкаў: сярэдні налічаны заробак, доля занятых на малых прадпрыемствах, прырост насельніцтва, міграцыйны прырост, транспартная даступнасьць, выкіды шкодных рэчываў у атмасфэру.

Старшыня гарвыканкаму Заслаўя Ніна Бухавец матэрыялаў дасьледаваньняў пакуль ня бачыла, а пра лідэрства ў рэйтынгу чула ад людзей:

“Калі гэта сапраўды так, то вельмі прыемна, мы свой горад вельмі любім. Па-першае, мы і гістрарычна старэйшыя, сталіца яшчэ маладая ў параўнаньні з намі. Канечне, калі вядучыя спэцыялісты прызналі наш горад больш прыдатным для жыцьця, тым больш пасьля выступленьня прэзыдэнта (ён сказаў, што Заслаўе будзе горадам-сатэлітам Менску), канечне, гэта ўдвая прыемней”.

Выснова, якую зрабілі дасьледчыкі — існуе так званая сталічная агламэрацыя. Гаворыць адзін з распрацоўнікаў рэйтынгу эканаміст Зьміцер Бабіцкі:

Зьміцер Бабіцкі
“Тыя гарады, якія знаходзяцца блізка ад Менску — гэта Заслаўе, Фаніпаль, Лагойск, Дзяржынск — уваходзяць у першую дзесятку. У першыя 40 гарадоў уваходзяць таксама тыя гарады, якія знаходзяцца ў радыюсе 100 кілямэтраў ад Менску. Першая зона характарызуецца вельмі высокім узроўнем жыцьця, высокім узроўнем даходаў, высокім разьвіцьцём малога бізнэсу. У прынцыпе, гэтую зону трэба разглядаць як адзіную адміністрацыйную адзінку”.

Але не заўсёды жыцьцё віравала вакол Менску. Дый наагул, бальшыня насельніцтва ня толькі Беларусі, але і сьвету традыцыйна жыла ў сельскай мясцовасьці. У Эўропе ўрбанізацыя пачалася ў 13-м стагодзьдзі. Што да Беларусі, гісторык Алесь Краўцэвіч распавёў:

Алесь Краўцэвіч
“Мы заўсёды былі аграрным прыдаткам Эўропы. У нас гарады былі рэдкія, нешматлікія. Самыя вялікія гарады ў Вялікім Княстве Літоўскім — гэта Вільня і Магілёў. Полацак быў буйным горадам. Адносна буйным горадам былі Горадня і Берасьце. Але колькасьць насельніцтва складала там каля 10 тысяч чалавек. У той час як Вільня, Магілёў — гэта 30 — 40 тысяч чалавек. Магілёў — гэта наагул унікальны выпадак у гісторыі ўвогуле ўсёй Эўропы, калі найдалей на Ўсход пакладзены праваслаўны эўрапейскі горад. А далей ішла Масковія — гэта такая татарска-турэцкая правінцыя”.

Дарэчы, Магілёў у рэйтынгу на 11-м месцы, узгаданыя Полацак на 24-м, Горадня — на 8-м, Берасьце — на 7-м.

Паводле гісторыка Алеся Краўцэвіча, у Беларусі гарады пачалі дамінаваць толькі ў 60-я гады 20 стагодзьдзя, калі пачалася індустрыялізацыя. Хутка пачалі разьвівацца прамысловыя цэнтры. Але цяпер далёка ня ўсе яны пасьпяховыя. Прывабна выглядаюць тыя, дзе ёсьць прадпрыемствы нафтахіміі ці вырабляецца канчатковая прадукцыя, што ідзе на экспарт. У прамысловых цэнтрах малы і сярэдні бізнэс разьвіты значна горш, чым у абласных цэнтрах і Менску.

Зьміцер Бабіцкі: “Некаторыя з прамысловых цэнтраў, такія, як Бабруйск, Пінск, Слонім, Сьветлагорск увогуле знаходзяцца ў другой палове рэйтынгу. У гэтых гарадах ня вельмі спрыяльная экалягічная сытуацыя, усе яны не знаходзяцца на значных транспартных артэрыях”.

На гэтыя гарады дасьледчыкі раяць зьвярнуць увагу. Яшчэ яны вызначылі праблемную зону — далёкія сатэліты сталіцы, якія пакуль займаюць даволі высокія месцы ў рэйтынгу — Жодзіна, Стоўбцы, Узда, Маладэчна, што ў першай 20-цы, а таксама Барысаў, Чэрвень, Мар’іна Горка — вакол якіх можа зьявіцца так званы “пояс бядноты”, бо іхных жыхароў прываблівае больш сталіца, куды яны езьдзяць працаваць.

Навошта патрэбны такі рэйтынг? Каму ён можа быць карысны? Перш за ўсё — мясцовым уладам: яны могуць параўнаць сябе з суседзямі, знайсьці слабыя месцы, паспрабаваць выправіць сытуацыю. Ён патрэбны для выпрацоўкі правільнай рэгіянальнай палітыкі, лічыць Зьміцер Бабіцкі:

“Дзяржаве, відавочна, неабходна дасканалая сыстэма маніторынгу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця рэгіёнаў. Пакуль што гэта раздроблена паміж рознымі міністэрствамі і ведамствамі і няма нейкага аднаго цэнтру гэтага маніторынгу. Таксама неабходная пастаянная пляцоўка для абмену інфармацыяй паміж цэнтральнай і мясцовай уладай, дасьледчымі акадэмічнымі асяродкамі і мясцовай супольнасьцю. Таксама Беларусі патрэбны заканадаўчыя мэханізмы рэагаваньня на ўзьніклыя рэгіянальныя дыспрапорцыі”.

У рэйтынгу сапраўды шмат цікавых нечаканасьцяў і высноваў, якія могуць стаць роздумам для гарадзкіх адміністрацыяў. Дарэчы, навуковы калектыў паабяцаў разаслаць матэрыялы ўсім старшыням рай- і гарвыканкамаў.

Прызнана ва ўсім сьвеце, што карысьнейшая і здаравейшая атмасфэра ў вёсцы, у Заходняй Эўропе і Амэрыцы заможныя людзі імкнуцца жыць ня ў цэнтры мэгаполісу, а ў прыгарадзе, а многія наагул перасяляюцца ў сельскую мясцовасьць. Беларусы пакуль імкнуцца пераважна жыць у горадзе.

Алесь Краўцэвіч: “Што да пытаньня, дзе чалавеку лепей жыць — у горадзе ці ў вёсцы, то ёсьць такая заканамернасьць: чым чалавек багацейшы, тым ён больш імкнецца мець дом у вёсцы і жыць ня ў горадзе. Чалавек, які выходзіць зь вёскі, імкнецца ў кватэру, у шпакоўню гэтую”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG