Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Становішча ў Лукашэнкі не зайздроснае»


Юры Чавусаў
Юры Чавусаў

Пасьля візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Расею сёньня ў Менску заплянаваная сумесная калегія міністэрстваў фінансаў Расеі і Беларусі. Паводле прэсавай сакратаркі расейскага прэзыдэнта Натальлі Цімаковай, на гэтай калегіі будуць далей абмяркоўвацца пытаньні “прадстаўленьня крэдытаў і іншыя формы эканамічнага ўзаемадзеяньня”. Чакаецца візыт у Менск віцэ-прэм’ера, міністра фінансаў Расеі Аляксея Кудрына. Ці можна казаць пра новы этап у беларуска-расейскіх стасунках? І чым давядзецца Беларусі плаціць за расейскія пазыкі? Алесь Дашчынскі гутарыць з палітолягам Юрыем Чавусавым.

Дашчынскі: Паводле афіцыйных крыніцаў, асноўная тэма на перамовах паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі тычылася антыкрызісных мераў. На сустрэчы гаворка ішла пра тое, каб “задзейнічаць дадатковыя фінансавыя інструмэнты дзеля мінімізацыі нэгатыўных тэндэнцый ў эканоміках абедзьвюх краінаў”. Атрымоўваецца, што Беларусь зноў мае патрэбу ў крэдытах?

Чавусаў: “Пытаньне выжываньня беларускай народнай гаспадаркі залежыць ад таго, ці здольны Аляксандар Рыгоравіч забясьпечваць укіданьне вось гэтых мільярдаў у фінансаваньне адмоўнага замежнаэканамічнага сальда, падтрыманьне курсу беларускага рубля.

Аляксандар Рыгоравіч нясе пэрсанальную адказнасьць, што кожны месяц мільярд на гэтыя рахункі будзе капаць. А зараз ужо падобна на тое, што для дасягненьня гэтых мэтаў і мільярда не хапае.

Іншая справа, што за гэтыя крэдыты даводзіцца аддаваць. На той нядаўняй сустрэчы было аддадзенае неба, пытаньне аб адзінай сыстэме супрацьпаветранай абароны было вырашана, і дзякуючы гэтаму мы атрымалі чарговы крэдыт. Зараз гаворка ідзе ўжо пра 100 мільярдаў расейскіх рублёў. І за гэта таксама трэба нешта аддаць”.

Дашчынскі: Магчыма, Масква чакала нейкіх тлумачэньняў ад афіцыйнага Менску адносна актывізацыі на эўрапейскім вэктары. Адкладзены візыт эўракамісаркі Бэніты Фэрэра-Вальднэр афіцыйны Менск можа трымаць для Масквы, як яшчэ адзін козыр, пра запас. Дарэчы, паведамляецца, што А.Лукашэнка і Дз.Мядзьведзеў абмеркавалі пытаньні ўзаемадзеяньня Расеі і Беларусі з Эўразьвязам...

Чавусаў: “Беларускі бок будзе тлумачыць сваю пазыцыю дачынна запрашэньня Беларусі ва Ўсходняе партнэрства, то бок беларускі бок вітае гэтае запрашэньне, але трэба перад сваім галоўным стратэгічным партнэрам апраўдацца.

Не сакрэт, што Ўсходняе партнэрства шмат хто ў Эўразьвязе пазыцыянуе ў якасьці такога чарговага варыянту Вышаградзкай групы, то бок сыстэмы працы з тымі краінамі, якія патэнцыйна могуць быць запрошаныя ў склад ЭЗ. А гэта наўпрост закранае інтарэсы Расеі, у тым ліку і ў ваенна-стратэгічным аспэкце. Бо мінулыя два пашырэньні ЭЗ адбываліся такім чынам, што краіны ўступалі адначасова ці папярэдне ў НАТО, а потым ў ЭЗ. Так што тут ёсьць што патлумачыць Аляксандру Рыгоравічу, і становішча ў яго не зайздроснае.

У прынцыпе, мы бачым, што гэты ўсясьветны эканамічны крызіс прысьпешвае некаторыя працэсы геапалітычнага кшталту. Мы практычна забываемся пра той сцэнар батлейкавай расейска-беларускай інтэграцыі, які быў закладзены ў сярэдзіне 90-х, і зараз ужо новы раўнд – трохкутнік Эўропа, Беларусь, Расея. І тут усё значна больш сур’ёзна”.

Дашчынскі: А што азначае гэтае ажыўленьне на расейскім напрамку? Магчыма, нешта Лукашэнка паабяцаў Расеі?

Чавусаў: “У эканамічнай сфэры – гэта не сакрэт. Гэта зьняцьцё ўсіх гандлёвых абмежаваньняў для расейскага капіталу дзеля працы ў Беларусі. І, безумоўна, тое, што Расея зараз таксама прасоўвае – гэта наданьне расейскаму рублю статуса рэгіянальнай валюты. Гэта азначае наўпроставае ўключэньне Беларусі ў расейскую рублёвую прастору. З фактычным падпарадкаваньнем беларускай эканомікі расейкай фінансавай сыстэме.

То бок разам з нафта-газавай удаўкай на Беларусь накінута з расейскага боку ўдаўка фінансава-эканамічная, у тым ліку крэдытная. Гэта досыць небясьпечна. Тая ліхаманкавасьць, зь якой беларускі бок набірае па ўсім сьвеце крэдыты, прымушае задумацца. Такое адчуваньне, што беларускі бок лічыць, што гэтыя крэдыты аддаваць не яму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG