Брускова кажа, што трывожыцца сытуацыяй вакол яе дачкі, не разумее, чаму Ўладлену не вызвалілі пасьля таго, як яны адбыла пакараньне.
13 сакавіка амбасадар Расеі Аляксандар Сурыкаў папрасіў ў міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімера Навумава паскорыць працэс высылкі Функ.У МУС абяцалі дапамагчы, падае БелаПАН словы адваката Зьміцера Гарачкі.
Брускова і адвакат Функ накіроўваюцца ў Гомель, каб дамагчыся сустрэчы з прадстаўнікамі Ўправы па грамадзянству і міграцыі, а таксама наведаць у ізалятары часовага ўтрыманьня саму Функ.
Уладлену Функ вызвалілі з турмы ў Гомелі 12 сакавіка. У той самы дзень яна плянавала вылецець у ЗША. Аднак яе адразу затрымалі і адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. У яе пашпарце паставілі пячатку, якая забараняе ўезд на тэрыторыю Беларусі цягам 10 год. Функ паведамілі, што яна ўяўляе пагрозу для нацыянальнай бясьпекі Беларусі.
Прадстаўнікі МУС паабяцалі выслаць яе з краіны да 14 сакавіка. Аднак пазьней дату дэпартацыі адклалі на нявызначаны тэрмін.
Працэдура высылкі зь Беларусі Ўладлены Функ адбываецца ў межах закону, кажа начальнік Управы па грамадзянству і міграцыі УУС Гомельскага аблвыканкаму Аляксандар Гарленка.
“Пастанова пра высылку была працягнута на тэрмін, неабходны для высылкі”, - дадаў Гарленка.
31-гадовая Ўладлена Функ – сакратарка амэрыканскага юрыста Эмануіла Зэльцэра. 11 жніўня 2008 году суд прызнаў вінаватым Зэльцэра ў замаху на камэрцыйны шпіянаж і пакараў трыма гадамі пазбаўленьня волі.