Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ці спужаліся ўлады пацяпленьня стасункаў з Эўропай?”


Адмена візыту ў Менск эўракамісара Фэрэры-Вальднэр стварае новы кантэкст дачыненьняў афіцыйнага Менску з Эўразьвязам. Ці прыпыніла кіраўніцтва Беларусі рух у бок Эўропы? Што ўплывае на адносіны Менску з Брусэлем? Ці дзейнічае тут “рука Масквы”?

Удзельнікі: cтаршыня зарэгістраванага ў Польшчы Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў і рэдактар аналітычнага бюлетэня “Беларускі тыдзень” Аляксандар Класкоўскі.

Ці прыпыніла кіраўніцтва Беларусі рух у бок Эўропы?


Валер Карбалевіч: “Кіраўніцтва ЭЗ стаіць напярэдадні прыняцьця важных рашэньняў па Беларусі: пытаньне аб зьняцьці з найвышэйшых беларускіх чыноўнікаў візавых санкцый, якія былі прыпыненыя на шэсьць месяцаў, і пытаньне аб уключэньні Беларусі ў праграму “Ўсходняе партнэрства”. У эўрапейскіх палітычных колах ідуць дыскусіі, якое рашэньне прыняць. У такой сытуацыі афіцыйны Менск павінен быў бы рабіць нейкія захады, якія залагодзяць кіраўніцтва ЭЗ, ці хоць бы не рабіць нічога, што магло б сапсаваць дачыненьні.

Але складаецца ўражаньне, што беларускія ўлады ўсё робяць наадварот. Вось гэтымі днямі ў Менск павінна была прыехаць камісар Эўразьвязу ў зьнешніх сувязях і эўрапейскай палітыцы Бэніта Фэрэра-Вальднэр. Магчыма, менавіта ад гэтага візыту залежаў лёс рашэньняў ЭЗ па Беларусі. Паводле лёгікі, беларускія ўлады павінны былі арганізаваць гэты візыт і сустрэчы на самым высокім узроўні.

Але напярэдадні Лукашэнка нечакана паляцеў у Армэнію, знаходзіцца там тры дні. Значэньне для замежнай палітыкі Беларусі дачыненьняў з Эўропай і з Армэніяй — несувымернае. Складаецца ўражаньне, што гэта дыпляматычны дэмарш Менску. Ягоны сэнс палягае ў наступным: ня надта нам патрэбная гэтая Эўропа. То бок кіраўніцтва Беларусі само спужалася лішне хуткіх крокаў насустрач ЭЗ і ўключыла тармазы?”

Чатыры варыянты

Ігар Лялькоў: “Найперш хацеў бы зрабіць рэмарку, што ўсе нашы разважаньні носяць гіпатэтычны характар, бо ва ўмовах недахопу інфармацыі з крыніцаў прыняцьця рашэньняў цяжка разважаць пра тое, што насамрэч адбываецца. Ёсьць некалькі варыянтаў тлумачэньня апошніх падзей.
Ігар Лялькоў

Першы варыянт. У кіраўніцтве Беларусі існуюць рознагалосьсі па пытаньнях замежнай палітыкі. Магчыма, тая групоўка, якая выступае за працяг палітыкі ізаляцыянізму, узяла верх.

Другі варыянт. Ня ўсе ў Эўропе ставяцца адназначна да працэсу хуткага далучэньня Беларусі да эўрапейскіх працэсаў і праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Не выключаю, што візыт Фэрэры-Вальднэр мог суправаджацца новымі патрабаваньнямі да Беларусі. І каб унікнуць выслухоўваньня гэтых патрабаваньняў, кіраўніцтва Беларусі зрабіла такі арыгінальны крок.

Трэці варыянт. Кіраўніцтва Беларусі вырашыла, што і так занадта далёка краіна прасунулася насустрач Эўропе за апошнія месяцы. Таму, можа, варта зрабіць паўзу і зафіксаваць той стан, які ёсьць на сёньня.

Чацьвёрты варыянт. Падчас нядаўняга візыту Лукашэнкі ў Сэрбію ён пазнаёміўся з тамтэйшым досьведам рэформаў, якія таксама праходзілі ў кантактах з ЭЗ. І, магчыма, сэрбскі досьвед падаўся Лукашэнку занадта рызыкоўным, каб перанесьці яго на беларускую глебу”.

Новыя ўмовы?

Класкоўскі: “Думаю, у Брусэлі дамінуе думка, што трэба любым коштам уцягнуць Беларусь у агульнаэўрапейскія працэсы, праграму “Усходняе партнэрства”. Днямі я ўдзельнічаў у кулюарнай размове з уплывовым прадстаўніком эўрапейскага палітычнага істэблішмэнту. Я задаў пытаньне, ці ёсьць канкрэтныя ўмовы далучэньня Беларусі да праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Ён адказаў, што няма ніякіх умоваў.
Аляксандар Класкоўскі

Іншая рэч, што ў Брусэлі вымушаны рэагаваць на крытыку, якая гучыць апошнім часам з боку беларускай апазыцыі і эўрапейскай грамадзкасьці. Бо беларускія ўлады апошнім часам зрабілі шэраг крокаў, якія сталі халодным душам для ЭЗ. Маю на ўвазе разгон вулічных акцыяў, арышты ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, трагічную гісторыю праваабаронцы Яны Паляковай. Сымптаматычна тое, што за некалькі дзён да гэтага сарванага ці перанесенага візыту Фэрэра-Вальднэр заявіла, што Беларусь мусіць болей зрабіць у сэнсе рэформаў.

І, магчыма, беларускім уладам гэта не спадабалася і яны вырашылі паказаць нораў. Маўляў, куды вы дзенецеся. Так было восеньню, калі, нягледзячы на недэмакратычныя выбары, ЭЗ пракаўтнуў гэта, прыпыніў візавыя санкцыі і працягнуў ангажаваньне Беларусі. Ня выключана, што цяпер Менск хоча паўтарыць такі ход”.

Расейскі чыньнік

Карбалевіч: “Магчыма, пасьля атрыманьня новых крэдытных грошай ад Расеі і Кітаю дачыненьні з Эўропай ня надта і патрэбныя кіраўніцтву Беларусі?”

Лялькоў: “Ня думаю, што гэта такая наўпроставая прычына. Бо беларускія ўлады глядзяць на дачыненьні з ЭЗ хоць прагматычна, але далёкасяжна. Гэтых расейскіх і кітайскіх грошай хопіць не надоўга. Таму Беларусь зацікаўленая ў гарантыях атрыманьня крэдытаў таксама і з Захаду.

Існуе расейскі чыньнік. Масква не зацікаўленая ўвогуле ў праграме “Ўсходняе партнэрства” і, у прыватнасьці, ва ўдзеле ў ёй Беларусі. Расейская дыпляматыя дзейнічае ў гэтым кірунку і ўнутры ЭЗ. Думаю, ёсьць пасылы ў гэтым сэнсе і да беларускага боку. Магчыма, Масква прапануе дадатковыя эканамічныя прэфэрэнцыі ў абмен на дыстанцыяваньне Менску ад гэтай праграмы.

Лічу, што цэнтры тармажэньня дачыненьняў Беларусі з ЭЗ знаходзяцца і ў Расеі, і ў Менску, і на Захадзе. Ёсьць пазыцыя асобных краінаў ЭЗ. Існуе пазыцыя Польшчы наконт новай хвалі рэпрэсіяў супраць непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі. Магчыма, што гэтая пазыцыя была зафіксавана ў праграме візыту Фэрэры-Вальднэр у Менск. А гэта было вельмі недаспадобы беларускім уладам”.

Карбалевіч: “Газэта “International Herald Tribune” выказвае думку, што гэтыя зьмены ў замежнай палітыцы Беларусі адбываюцца пад ціскам Расеі. Але нармалізацыя дачыненьняў з Захадам пачалася менавіта з-за таго, каб пазбавіцца ад ціску Расеі, каб мець яшчэ адно вонкавае апірышча, акрамя расейскага, каб балянсаваць паміж Расеяй і Захадам. І, дарэчы, такая палітыка ўжо дала плён, Беларусь атрымоўвае крэдыты і з Усходу, і з Захаду”.

Дыялёг, але на чыіх умовах?

Класкоўскі: “Беларускае кіраўніцтва ня хоча тарпэдаваць працэс нармалізацыі дачыненьняў з ЭЗ. Бо калі Расея дае толькі чарговую дозу допінгу, то Эўропа можа даць інвэстыцыі, дапаможа мадэрнізаваць краіну, што важней.

Сымптаматычным зьяўляецца выступ намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Еўдачэнкі на сумесным сэмінары з АБСЭ па інвэстыцыях. Ён казаў, што краіне вельмі патрэбныя заходнія інвэстыцыі, і прапанаваў ЭЗ падпісаць новае пагадненьне аб партнэрстве і супрацы. То бок Менск хоча паставіць адносіны з Эўропай на трывалы грунт.

Іншая рэч, што Лукашэнка імкнецца заслупаваць свае ўмовы дачыненьняў з ЭЗ. Гэта, зь яго гледзішча, павінен быць прагматычны дыялёг без усялякіх “эфэмэрных” пытаньняў дэмакратыі і правоў чалавека. І сваім дэмаршам, пра які мы казалі, ён хоча паказаць ЭЗ, што “кланяцца Эўропе ня будзем”. Ён баіцца паўтарыць шлях гарбачоўскай перабудовы.

Зь іншага боку, каб не раздражняць Маскву, Лукашэнка хоча асабіста дыстанцыявацца ад працэсу разьвіцьця дачыненьняў з ЭЗ. Мне вядома, што ў Брусэлі прапрацоўваецца сцэнар, калі ў Прагу на саміт праграмы “Ўсходняе партнэрства” запрашаюць міністра замежных спраў Беларусі Мартынава ці прэм’ер-міністра Сідорскага. Гэта ніяк не паўплывае на лёс удзелу Беларусі ў гэтай праграме, бо ня мае значэньня, хто падпісаў дамову ад імя дзяржавы. Разам з тым Лукашэнка можа сказаць, што я нічога не падпісваў, і выглядаць чысьценькім перад Масквой.

І, як ні парадаксальна, такі варыянт усіх задаволіць. У Масквы няма падставы для раздражненьня. Лукашэнка выходзіць сухім з вады. Беларуская апазыцыя задаволіць свае амбіцыі — маўляў, мы патрабавалі, каб нас не пускалі, вось да нас прыслухаліся. І ЭЗ выходзіць зь няёмкага становішча, бо не дадуць Лукашэнку магчымасьці прыехаць у Прагу трыюмфатарам. Думаю, само пытаньне аб улучэньні Беларусі ва “Ўсходняе партнэрства” прадвырашана”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG