Дэлегацыя адзначыла пазытыўны дыялёг Беларусі з Эўразьвязам і выказала спадзяваньне, што супрацоўніцтва з ЭЗ працягнецца і стане больш зьмястоўным.
Паводле спадара Суарыша, праведзены ў Менску сэмінар “Паляпшэньне ўмоваў для прыцягненьня замежных інвэстыцый” стаў важным крокам у супрацоўніцтве зь беларускім парлямэнтам.
“Дэмакратыя прадугледжвае ўдзел усіх сацыяльных груп. Дэмакратыі патрэбныя свабодныя і справядлівыя выбары, доступ да незалежных сродкаў інфармацыі і свабода сходаў. Дэмакратызацыя і эканамічнае разьвіцьцё ідуць поруч”, - заявіў Жуан Суарыш.
Паводле прэсавай службы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, кіраўніца рабочай групы Ута Цапф адзначыла:
“Беларусі ня трэба жывіць ілюзій. У бліжэйшай будучыні для Беларусі ня можа быць эканамічных перавагаў без важкіх рэформаў і іх ажыцьцяўленьня”.
Сэмінар быў арганізаваны сумесна зь беларускай дэлегацыяй ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ пры супрацоўніцтве зь нямецкім фондам імя Ф.Эбэрта і падтрымцы Офіса АБСЭ ў Менску.
Дэлегацыя правяла шэраг сустрэчаў у Менску, падчас якіх быў абмеркаваны “некаторы прагрэс адносна свабоды мэдыяў”, але сябры дэлегацыі настойваюць на “працягу працы ў адкрытай і празрыстай манэры ў гэтай галіне”.
Сярод іншых пазытыўных крокаў дэлегацыя адзначыла вызваленьне палітвязьняў, рэгістрацыю палітычных асацыяцый і мэдыяў і паляпшэньне кантактаў Беларусі з эўрапейскімі суседзямі.
Паводле прэсавай службы, “дэлегацыя была расчаравана паведамленьнямі пра тое, што некаторыя мэдыі як і раней сутыкаюцца са складанасьцямі”. Дэлегацыя адзначыла пазытыўны дыялёг з Эўразьвязам і выказала спадзяваньне, што супрацоўніцтва з ЭЗ працягнецца і стане больш зьмястоўным.