Летась 18 лютага парэшткі 26-гадовай Кацярыны былі выпадкова знойдзеныя ў адным з дамоў гораду Баарле-Насаў, дзе яна жыла разам з мужам Робэртам Янам Брокелем і дачкой Ніколь. Залітае будаўнічай фарбай цела было замуравана ў скрыню, а сама скрыня схавана ў дзіцячым пакоі пад ложкам дачкі.
Расьсьледаваньнем крымінальнай справы напачатку займаліся сьледчыя трох краін — Нідэрляндаў, Беларусі і Бэльгіі, бо дом Брокеля знаходзіўся якраз на галяндзка-бэльгійскай мяжы. На патрабаваньне сьледзтва 37-гадовы Робэрт Ян Брокель разам з 4-гадовай дачкой і сваёй новай сяброўкай вярнуўся з паездкі ў ЗША. Увесь час ён заяўляў пра сваю невінаватасьць. Тым ня менш, яго ўзялі пад варту, але праз тры месяцы выпусьцілі на волю, не знайшоўшы доказаў віны. Днямі журналісты ізноў вярнуліся да гэтай гісторыі.
Як заявіў учора прадстаўнік пракуратуры Марцін Пілар, галяндзкія экспэрты за гэты час ня здолелі высьветліць прычыны сьмерці беларускі.
“Падставаю, каб распачаць крымінальную справу супраць мужа, можа быць толькі доказ гвалтоўнай сьмерці беларускі. А ў гэтым уся складнасьць, тым больш калі ўлічыць умовы знаходжаньня цела”, — кажа Марцін Пілар. — “Нават тое, што рэшткі цела ў скрыні належаць менавіта гэтай беларускай жанчыне, давесьці было няпроста. І толькі сыліконавыя імплянтанты ў грудзях ды каронкі на зубах, а таксама аналіз ДНК дапамаглі ідэнтыфікаваць цела. Цяпер мы запрасілі да супрацоўніцтва ангельскіх ды швэйцарскіх судовых экспэртаў, на чые мэтодыкі вельмі разьлічваем. Чарговае расьсьледаваньне пачнецца ў наступны панядзелак”.
Прадстаўнікі пракуратуры, аднак, нічога ня кажуць пра магчымыя тэрміны гэтага расьсьледаваньня. Згодна з прэзумпцыяй невінаватасьці ўвесь гэты час — як найменей — муж Кацярыны будзе знаходзіцца на волі. На цяперашні момант сьледзтва і пракуратура маюць толькі ўскосныя доказы злачынства.
Паводле паказаньняў сяброў і сваякоў беларускі, сямейнае жыцьцё пары — а яны стварылі сям’ю ў 2004 годзе — не было ідэальным. Абое мелі пазашлюбныя сувязі. Кажуць, што ў Каці нібыта ў 2006 годзе зьявіўся блізкі сябар у Менску, а каханкай Робэрта Яна неўзабаве стала дачка яго працадаўцаў — уладальнікаў сеткі мясцовых бардэляў. Як вынікае з паказаньняў сясьцёр беларускі, Брокель нярэдка жорстка зьбіваў Кацю.
У красавіку 2007 Брокель зьвярнуўся ў паліцыю з заявай аб зьнікненьні жонкі. Сваёй дачцэ ды суседзям ён казаў іншае — што Кацярына зьехала ў Менск.