Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – Сусьветны дзень барацьбы з цэнзурай у інтэрнэце


Праваабарончая арганізацыя “Рэпарцёры бязь межаў” абвясьціла 12 сакавіка Сусьветным днём барацьбы з цэнзурай у інтэрнэце.


Паводле праваабаронцаў, шмат у якіх краінах існуюць сур’ёзныя абмежаваньні на функцыянаваньне інтэрнэт-прасторы, калі на дзяржаўным узроўні ажыцьцяўляецца забарона на доступ да асобных сайтаў альбо да ўсёй глябальнай сеткі. Сёньня будуць агучаныя вынікі маніторынгу стану свабоды ў інтэрнэце па ўсім сьвеце. Ці рэальна супрацьстаяць цэнзуры?

Па зьвестках арганізацыі “Рэпарцёры бязь межаў”, улады больш чым двух дзясяткаў краінаў у рознай ступені абмяжоўваць сваім грамадзянам доступ у сеціва. Некаторыя ўрады намагаюцца дэкляраваць “нязручныя” рэсурсы як сродак масавай інфармацыі з наступным кантролем. Сур’ёзнай праблемай -- дзяржаўная манаполія на падключэньне да інтэрнэту.

Сярод самых праблемных тэрыторый – Кітай, Іран, Пакістан, Куба, Віетнам, Паўночная Карэя, шэраг дзяржаваў Афрыкі і Азіі, дзе інтэрнэтам карыстаецца альбо кола абраных, альбо ўрады абавязваюць блякаваць няўгодныя сайты. Да чагосьці падобнага заклікаюць і ў суседняй Расеі.

Пры канцы 2008 году кіраўнік кампаніі “Руссофт” Валянцін Макараў прапанаваў ажыцьцяўляць доступ да замежных рэсурсаў праз “шлюз”, то бок, праз стварэньне агульнарасейскага фільтру на ўзор кітайскага. Нагоду да нэгатыву дае і Беларусь, дзе ў часе апазыцыйных акцый блякуюцца незалежныя інтэрнэт-сайты. Да таго ж, сёлета была спроба на заканадаўчым узроўні ўвесьці дзяржаўны нагляд над беларускім сэктарам інтэрнэту, прыраўняўшы яго да СМІ з абавязковай рэгістрацыяй.

Кіраўнік аналітычнай службы статыстычнага рэсурсу akavita.by Фёдар Караленка лічыць: пры ўсёй актуальнасьці праблемы наўрад ці 12 сакавіка стане паваротным момантам для рэжымаў, якія трапілі ў лік ворагаў інтэрнэту:

“У нас такіх пастаянных, глябальных праблемаў, як у тым жа Кітаі, няма. Але паколькі існуе такая праблема ў сусьветных маштабах, то гэта ўсё актуальна. Іншая справа, хто з кіраўніцтва праблемных краінаў будзе на гэта зьвяртаць увагу? Мяркую, яны і надалей будуць праводзіць зручную для сябе палітыку. Актуальнасьць для грамадзтва ёсьць, а вось ці будзе ад гэтага плён – пытаньне іншае. Сумняюся, што яны нават заўважаць штосьці. Гэтыя рэжымы ніколі не саромеліся сваёй палітыкі. І што б ім не казалі, яны ўсё роўна яе праводзілі”.

Напярэдадні праваабарончыя групы “Рэпарцёры бязь межаў” і “Міжнародная амністыя” зьвярнуліся на адрас карпарацый “Google”, “Yahoo!” ды іншых з заклікам не ўжываць цэнзуру ў адносінах пошукавых сыстэмаў прынамсі 12 сакавіка. Варта згадаць, што шэрагу кампаніям, уключна са згаданымі, а таксама “Microsoft” і “Cisco”, ужо давялося апраўдвацца перад Кангрэсам ЗША за ўдзел у так званай “Вялікай кітайскай сьцяне”. Ля амэрыканскай “сьцяны ганьбы” яны апынуліся за тое, што пагадзіліся з патрабаваньнем кіраўніцтва Кітаю фільтраваць вынікі запытаў пра падзеі у Тыбэце, Далай-ламу, супраціў на плошчы Цяньаньмэнь ды іншыя забароненыя ўладамі тэмы.

Спэцыяліст у галіне інтэрнэт-тэхналёгій Фёдар Караленка ня верыць, што зварот праваабаронцаў будзе мець асаблівы плён. Згаданыя ды іншыя карпарацыі перасьледуюць перадусім мэркантыльныя мэты, у якіх вельмі часта даводзіцца адмаўляцца нават ад раней дэкляраваных прынцыпаў:
сумняюся, што яны нават на адзін дзень адыдуць ад кітайскіх правілаў ...

“Безумоўна, яны будуць і далей перасьледаваць камэрцыйныя інтарэсы. Сам той факт, што палітыка “Google”, якая агучвалася як прынцыповая – ніякай цэнзуры, вынікі пошуку павінны быць такімі, якімі ёсьць – зьмянілася пасьля прыходу ў Кітай, гаворыць аб многім. Яны прыйшлі са зразумелай мэтай – захапіць вялізны рынак. І калі неўзабаве зьмянілі свайму ж прынцыпу, то зразумела, што зараз адкручваць назад ніхто нічога ня будзе. Іх проста выганяць з Кітаю, а ім гэта ня трэба. Магчыма, яны будуць адчуваць сябе ня надта ёмка, таму што здрадзілі прынцыпам, але сумняюся, што яны нават на адзін дзень адыдуць ад кітайскіх правілаў. Бо ўмовы ў Кітаі жорсткія”.

Паколькі інтэрнэт разьвіваўся паступова, ягоныя сапраўды бязьмежныя здольнасьці сталі відавочныя ня так даўно. Пасьля фармаваньня глябальнай сеткі некаторыя дзяржавы, перадусім зь недэмакратычнымі рэжымамі, пачалі ў меру здольнасьцяў супрацьстаяць не цэнзураванай прасторы. Але як цалкам адлучыць карыстальнікаў ад сеціва немагчыма тэхнічна, найбольш распаўсюджаным спосабам цэнзуры ў інтэрнэце стала шчыльная праца з правайдэрамі. Дастаткова скласьці сьпіс непажаданых інтэрнэт-адрасоў, як праблема блякаваньня рэсурсаў вырашаецца без асаблівых намаганьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG