Парлямэнцкая асамблея АБСЭ – адна зь нямногіх міжнародных структураў, у якой Беларусь мае паўнавартаснае прадстаўніцтва. Менавіта пра гэта і казаў спадар Суарыш, калі адзначаў, што ПА АБСЭ стала супрацоўнічае з беларускімі калегамі. Ён таксама падкрэсьліў, што АБСЭ, пачынаючы з моманту стварэньня гэтай міжнароднай арганізацыі, заўжды старалася наладзіць супрацоўніцтва з усімі эўрапейскімі краінамі.
Кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка таксама казаў пра тое, што Беларусь зьяўляецца паўнапраўным сябрам АБСЭ. І таму ў Менску, паводле ягоных словаў, гэтую арганізацыю разглядаюць як “пляцоўку для канструктыўнага дыялёгу і абмену думкамі ў пытаньнях эўрапейскага супрацоўніцтва і бясьпекі”.
Сёньня ж дэлегацыя ПА АБСЭ сустрэнецца і зь кіраўніцтвам Савету Рэспублікі. У замежных парлямэнтароў заплянаваныя таксама сустрэчы ў міністэрствах інфармацыі і замежных спраў, з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў і апазыцыйных палітычных партыяў.
Галоўнае ж у праграме – сэмінар “Паляпшэньне клімату для замежных інвэстыцыяў” для дэпутатаў Нацыянальнага сходу Беларусі. Ён пройдзе ў сераду, 11 сакавіка. Яго арганізатары — Рабочая група ў справах Беларусі ПА АБСЭ і Нацыянальны сход Беларусі пры падтрымцы нямецкага Фонду імя Фрыдрыха Эбэрта. Пасьля завяршэньня сустрэчы з Уладзімерам Андрэйчанкам Жуан Суарыш сказаў: “Заўтра на сэмінары будуць і прадстаўнікі апазыцыі, якія не патрапілі ў парлямэнт”.