Спадарыня Сом – Сябра сойму Партыі БНФ.
Яна скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага пэдінстытуту і філфак БДУ. Працуе выкладчыцай маляваньня і беларускай мовы ды літаратуры ў Полацкай сярэдняй школе №. 5.
Спадарыня Лера кажа, што першымі веснавымі днямі яе хвалюе ня Восьмае сакавіка, а лёс выхаванцаў, якія зусім хутка, 29 траўня, заканчваюць школу. Гэты выпуск – асаблівы. Ён падпаў пад адмысловы ўказ Лукашэнкі нумар 15, паводле якога дадзена адмашка адзіначасоваму пераходу беларускай сярэдняй адукацыі на адзінаццацігадовае навучаньне. Мінулым летам грамадзкасьць, вучняў, пэдагогаў пераконвалі, што тое адбудзецца спакойна, усё, маўляў, падрыхтавана для таго, каб дзеці, пэдагогі і бацькі ня мелі стрэсу
Як усё адбываецца насамрэч і што чакае сёлетніх школьных выпускнікоў?
Прэзыдэнцкая ўстаноўка: дзеці мусяць вучыць толькі першы і пяты параграфы, а ня зь першага па пяты цалкам!
Каб дзеці ды іхнія бацькі не паддаваліся паніцы праз тое, што сканчваць школу ды рыхтавацца да паступленьня ў ВНУ даводзіцца ў паскораным тэмпе, негалосна загадана ня ставіць нізкіх адзнак і не палохаць вучняў складанасьцямі на іспытах. Пра гэта распавяла Людміла Мікалаеўна, педагог-псыхоляг адной зь віцебскіх школ:
– У 11-х “штрыхах” атрымліваецца год за два. “Штрыхі” – гэта адзіныя клясы, якія вучацца па суботах. А гэта азначае праблемы зь перагрузкай. Аднак іх нібыта няма – усё скарочана. Бо так сказаў калісьці прэзыдэнт: дзеці мусяць вучыць толькі першы і пяты параграфы, а ня зь першага па пяты цалкам! З матэматыкі некаторыя тэмы проста выкінутыя, “Вайну і мір” праходзяць за чатыры гадзіны. Аднак іх пераконваюць, што гэта не праблема, і што праблем у іх увогуле няма. “Двоек” і “троек” цяпер ня ставяць, ацэнкі пачынаюцца практычна з чатырох балаў – каб дзеці былі пэўныя, што яны разумныя. Гэта называецца “стварыць сытуацыю посьпеху”, і вучні ў нас дужа спакойныя, дужа ў сабе ўпэўненыя.
Бацькі назіраюць, як іхныя дзеці адольваюць складанасьці школьнай рэформы, і бачаць сытуацыю зь іншага баку. Хвалюе іх ня толькі псыхалягічны стан дзіцяці, але й непасрэдна фізычнае здароўе. Спадарыня Натальля, маці дзевяціклясьніка Паўла, заклапочаная, да прыкладу, тым, што ейны сын праз недахопакуе падручнікаў вымушаны паўдня праводзіць за кампутарам. Бо кніжак за 10-ую клясу, па якіх цяпер вучацца і вучні 9-х, і вучні 9-х “штрых” клясаў, у школах не хапае.
кніжкі ў электронным варыянце: сфатаграфаваныя ды “адфоташопленыя” кніжныя старонкі....
– …Таму дзецям раздалі кніжкі ў электронным варыянце. Прычым гэта ня нейкая там новая вэрсія інтэрактыўных падручнікаў, а проста сфатаграфаваныя ды “адфоташопленыя” кніжныя старонкі. І шмат па якіх прадметах хатняе заданьне трэба рабіць вось па такіх падручніках, і з-за гэтага дзіця мусіць праводзіць больш часу за кампутарам, а гэта шкодна. Складана й тым, у каго кампутара дома няма: яны мусяць ці заставацца пасьля школы ў кабінэце інфарматыкі, ці хадзіць ды шукаць, дзе можна было б зрабіць хатняе заданьне, – гаворыць спадарыня Натальля.
Калі настаўнікі ды бацькі толькі абураюцца школьнай рэформай, то цяперашнім вучням даводзіцца ў гэтых складаных умовах неяк існаваць.
Прычым насуперак намаганьням школьных псыхолягаў, упэўненыя ў сабе далёка ня ўсе зь іх. Падчас гутарак пра школу ды далейшыя пэрспэктывы дзеці хутчэй выглядаюць зьбянтэжанымі, бо аніякага выбару чыноўнікі ад адукацыі ім не пакінулі. Пра плюсы ды мінусы пераходу на “адзінаццацігодку” 16-гадовы Антон з аршанскай школы №8 разважае з насьцярогай:
– З аднаго боку, на адзін год вучыцца меней – гэта хутчэй і лягчэй. У нас многія радуюцца гэтаму, не разумеючы, што далей будзе больш скаладана…
Пераход да “адзінаццацігодкі”: краіне тэрмінова патрэбна нізкакваліфікаваная працоўная сіла ...
Ад віцебскіх настаўнікаў давялося пачуць досыць нечаканае меркаваньне, што некалі “дванаццацігодку” уводзілі як сродак барацьбы з крыміналам ды п’янствам: маўляў, у 1990-я гады падлеткі зьдзяйсьнялі шмат правапарушэньняў ды злачынстваў, і таму іх вырашылі на лішні год “зачыніць” у школах. Пераход да “адзінаццацігодкі” ужо таксама мае ў настаўнікаў сваё тлумачэньне: краіне тэрмінова патрэбна нізкакваліфікаваная працоўная сіла, таму й робяцца падвойныя выпускі, зь якіх большасьць наўрад ці будзе здольная падрыхтавацца ды паступіць у ВНУ.
“Няма падручнікаў? Вось электронны іх варыянт!” Але адкуль ілюзія, што кампутарамі ў хатах забясьпечаныя ўсе вясковыя дзеці?
Скарачэньне школьнай праграмы, перагляд вывучаемых тэмаў і курсаў – напрыклад, фактычнае скасаваньне культуралягічна-мастацкака блёку – прывялі да неабходнасьці тэрміновага выпуску абноўленых падручнікаў. Як і чакалася, надрукаваць у неабходнай колькасьці іх не ўдалося: напачатку навучальнага году не хапала 30 працэнтаў падручнікаў ад агульнай неабходнай колькасьці. Зразумела, асабліва пацярпелі ад таго дэфіцыту выпускнікі – ім жа здаваць экзамэны, паступаць… Як хто выкручваецца і што губляе?
Настаўніца расейскай мовы і літаратуры адной з менскіх школ распавядае:
– На сёньня падручнікі 9-й клясы – на руках дзевятай клясы. А дзевятай-штрых іх не хапае. Гэта праблема прадметаў рускай літаратуры, беларускай літаратуры, беларускай і рускай мовы, ангельскай. У нас цяпер аднолькавая зь імі праблема. Паколькі дзеці атрымалі ў верасьні падручнікі на рукі, то іх жа цяпер у іх не забярэш! А дзявяты-штрых застаўся без падручнікаў.
Настаўнікам у зьвязку з праблемай рэкамэндуюць больш матэрыялу даваць на ўроках, а школьнікам – весьці падрабязныя канспэкты. Апроч таго, Міністэрства адукацыі бачыць вырашэньнем праблемы электронныя падручнікі. Па словах намесьніка міністра Казіміра Фарыно, "кожная ўстанова адукацыі мае выйсьце ў інтэрнэт. Калі ласка, заходзьце на сайты упраўленьняў абласных і раённых аддзелаў адукацыі”…
Спампаваць падручнікі сапраўды можна. Іншая справа, колькі пойдзе паперы і фарбы на раздрукоўку. А працаваць з электроннай вэрсіяй не для ўсіх звыкла і прымальна. Але пад дэвізам “іншага выйсьця няма” бацькі, настаўнікі і вучні спрабуюць выжываць ва ўмовах рэформы. Распавядае маці 10-клясніка з Магілеву Тацьцяна:
вывучаем хімію праз інтэрнэт…
– Гісторыі нам не хапіла, але яе мы ўжо адксэракапіявалі. І падручніка хіміі не хапіла. Учора спрабавалі ў Менску набыць у адукацыйных аддзелах, але не было, і прадаўцы сказалі, што ўжо ня будзе “Хіміі” для 10 клясы. Ну, калі ёсьць у дзіцяці ў хаце інтэрнэт, то праблема вырашальная. Мы, у прыватнасьці, вывучаем хімію праз інтэрнэт…
Нейкіх паляпшэньняў сытуацыі чакаць няма адкуль, таму ў большасьці школ успрымаюць сытуацыю па схеме “як ёсьць – так ёсьць”… Распавядае бібліятэкарка 76-й сярэдняй менскай школы:
– Ёсьць электронныя варыянты падручнікаў – і кляс-камплекты. Кляс-камплект – гэта адзін падручнік на парту. А хатняе заданьне, маецца на ўвазе, яны робяць, карыстаючыся электроннымі падручнікамі…
На форумах у інтэрнэце тым часам настаўнікі зь мястэчкаў задаюць пытаньне: адкуль ілюзія, што кампутарамі ў хатах забясьпечаныя ўсе вясковыя дзеці? А без кампутара – няма прымяненьня і электроннай вэрсіі. Раздрукоўка ж за свой кошт выклікае пытаньне: а за што яшчэ павінны плаціць бацькі, маючы нібыта бясплатную адукацыю? Да слова, штогод карыстаньне школьнымі падручнікамі даражэе. У верасьні вучні 8-9-й клясы заплацілі за іх каля 20 тысяч беларускіх рублёў.
Насуперак запэўніваньням чыноўнікаў бацькі ня вераць, што сёлетнія конкурсы пры паступленьні будуць малаадрознымі ад мінулагодніх
Мільён 103 тысячы школьнікаў сёньня ў Беларусі. Аднак высьветліць, колькі заканчваюць навучаньне – сталася хіба ці не дзяржаўнай тайнай. Ці не таму, што чыноўнікі баяцца разыходжаньняў паміж абяцаным – маўляў, конкурс у інстытуты, унівэрсытэты, каледжы застанецца на леташнім узроўні.
Толькі намесьнік начальніка Ўпраўленьня сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Валянціна Маеўская ўрэшце сказала:
– Сёлета выпускаецца 11 клясаў – 57 788 і 41 222. Усяго амаль 99 тысяч вучняў”.
– Гэта маецца на ўвазе разам : 11 клясы і 11 – штрых?
– Так.
–А ў параўнаньні зь мінулым годам?
– У 2008 годзе было каля 90 тысяч. Разьніца невялікая, тут трошкі болей.
Між тым ня так даўно адзін зь ініцыятараў рэформы адукацыі, тагачасны намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, а цяпер сэнатар Анатоль Рубінаў агучваў іншую лічбу – сёлета выпускнікоў-11-клясьнікаў будзе амаль 107 тысяч. Розьніца – больш за 17 тысяч выпускнікоў.
Бацька 17-гадовага Арцёма, спадар Уладзімер занепакоены:
– З паступленьнем, я думаю, будуць складанасьці ў сёлетніх абітурыентаў. Будзе вялікі наплыў. Таму што, зразумела, два выпускі накладаюцца. Кажуць, насамрэч будзе на 20 тысяч больш абітурыентаў, хаця гэтую лічбу абвяргае Міністэрства адукацыі. Вельмі трывожыць бацькоў, што колькасьць бюджэтных месцаў у вышэйшых навучальных установах не павялічваецца.
А вось што да базавай школы, тут нават афіцыйныя лічбы сьведчаць: выпускнікоў 9-х і 9-х штрых клясаў сёлета ўдвая больш.
– Базавая школа – тут вялікія зьмены. Два выпускі, таму з аднаго выпуску – 9-х штрых клясаў 109 503 вучні, а у звычайных 9-х – 119 061. Такім чынам, амаль 229 тысяч выпускнікоў базавай школы.
Нягледзячы на папярэднiя абяцаньнi ўладаў, агульная колькасьць бюджэтных месцаў у беларускiх ВНУ не павялiчыцца. Пра гэта заявiў мiнiстар адукацыi Аляксандр Радзькоў на паседжаньні калегіі Мінадукацыі, загаварыўшы зусiм іншымі словамi, чым тады, калi агiтаваў за хуткi і непадрыхтаваны пераход з 11-годкі: "Наша мэта – не павелiчэньне самой па сабе колькасьцi студэнтаў. Варта ўлiчыць, па-першае, магчымасьцi ВНУ, па-другое, патрэбнасьцi эканомiкi. Каб ВНУ магла набраць больш студэнтаў, неабходна пэўная колькасць выкладчыкаў, а таксама адпаведнае матэрыяльна-тэхнiчнае забеспячэньне. Мы павялiчваем колькасць месц у ВНУ тады, калi можам даць годную якасьць адукацыi".
Дзяржава ўзяла адназначны курс: бальшыня выпускнiкоў павiнна iстцi ў ПТВ.
Дзяржава ўзяла адназначны курс: бальшыня выпускнiкоў павiнна iстцi ў ПТВ. У вучылiшчах сёлета колькасьць месц абяцаюць павялiчыць на 50%. Спадар Уладзімер, бацька выпускніка, выказаў такое меркаваньне:
– Што тычыцца ПТВ, тут, я думаю, праблем ня будзе. Магчыма, гэта зьвязана зь дзяржаўным кірункам, абвешчаным афіцыйна, што трэба больш рабочых прафэсій краіне. А вось ці змогуць яны ўладкавацца на працу, гэта вялікае-вялікае пытаньне. Будзе яшчэ павялічвацца колькасьць беспрацоўных маладых людзей, што можа выклікаць сацыяльныя праблемы. У першую чаргу, можа абвастрыцца крымінальная сытуацыя. Сацыяльныя наступствы могуць быць самыя-самыя нэгатыўныя.