СЛУХАЦЬ:
Летась Арцёма пакаралі двума гадамі абмежаваньня волі пасьля студзеньскіх акцый прадпрымальнікаў. Падчас адбыцьця пакараньня супраць яго распачалі новую крымінальную справу, абвінаваціўшы ў прычыненьні стратаў кампаніі “Velcom”. Арцём зьехаў ва Ўкраіну, а сёлета 13 лютага яго затрымалі на мяжы, калі ён вяртаўся ў Беларусь.
На судзе над Арцёмам Дубскім прысутнічала 45 чалавек. Сярод іх — вядомыя грамадзкія дзеячы, прадстаўнікі АБСЭ і амбасады ЗША, а таксама актывісты моладзевых арганізацый.
Арцёма Дубскага пакаралі абмежаваньнем волі ў “справе 14-ці”. Паводле прысуду ён мусіў адбываць пакараньне ў Асіповічах, па месцы жыхарства. 2 красавіка 2008 году Арцём разам са сваім знаёмым знайшлі недалёка ад вакзалу чужую сім-картку. Яны скарысталі яе, каб зайсьці ў інтэрнэт. У выніку кампанія “Velcom” накіравала ліст уладальніцы карткі, Юліі Васільевай, каб тая заплаціла 5 мільёнаў рублёў. Спадарыня Васільева зьвярнулася ў міліцыю.
Арцём пасьля допыту ў міліцыі зьехаў ва Ўкраіну.
Сёньня напрыканцы судовага працэсу Юлія Васільева падала заяву, што ня мае прэтэнзій да Арцёма, бо ягоная маці вярнула ёй грошы. Пацярпелая папрасіла спыніць справу.
Павал Севярынец: “Хлопцы зрабілі памылку, а КДБ і БТ выкарыстоўваюць гэта ў якасьці піяру супраць усёй апазыцыі. Гэтую інфармацыю мы не хаваем. Хлопцы аступіліся, і гэта відавочна. Але вельмі непрыемна назіраць, як пераўтварае гэта ўсё ў піяраўскае шоў гэтая прапагандысцкая машына”.
Мікола Статкевіч: “Маладыя людзі, якія апынуліся пад крымінальнай справай за дэманстрацыю, павінны быць вельмі асьцярожнымі. Таму што сярод іх яўных сяброў, я ўпэўнены, абавязкова зьявіцца нехта засланы. І калі гэтыя засланыя сябры прапануюць халяўныя паслугі, трэба быць вельмі асьцярожным”.
Судзьдзя Аляксандар Русак спыніў справу і вызваліў Арцёма з-пад варты. Паплечнікі Дубскага кінуліся віншаваць хлопца, але міліцыянты сказалі, што забіраюць Арцёма ў міліцыю, бо ягоны ад’езд за мяжу падчас адбыцьця пакараньня лічыцца злосным парушэньнем.
Арцём Дубскі сказаў некалькі словаў “Радыё Свабода”:
“Я мяркую, што прысуд быў больш-менш справядлівы. Хутчэй больш, чым менш. Хутчэй за ўсё, менавіта гэтага я й чакаў…
Ну, а цяпер мяне, я так разумею, павязуць у РУУС, каб узяць нейкія паказаньні. Я ўчора размаўляў з адным з супрацоўнікаў інспэкцыі. Цяпер, відаць, размова будзе працягнутая. Потым прымуць нейкае рашэньне: адпускаць пад падпіску ці не. Спадзяюся, што яно будзе абачлівае. Я нікуды ўцякаць не зьбіраюся”.
Усе пайшлі да будынку міліцыі, але там іх чакала заслона зь міліцыянтаў і людзей у цывільным. Каля будынку стаялі таксама вадамётныя машыны і ўзброеныя супрацоўнікі міліцыі з Дэпартамэнту аховы. Маладыя людзі разгарнулі расьцяжкі “Свабоду Арцёму Дубскаму!” і “Малады фронт”.
Міліцыянты паведамілі, што Арцём застаецца ў міліцыі, і дазволілі перадаць яму харчы і цёплыя рэчы.
Пасьля гэтага маладыя людзі калёнай з расьцяжкамі і бел-чырвона-белымі сьцягамі прайшлі калёнай да вакзалу і зьехалі ў Менск.
Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч: “Безумоўна, ілюзіяў наконт таго, што Арцёма вызваляць, у нас не было ніякіх. Мы ведаем, што ад 6 месяцаў да трох гадоў зьняволеньня пагражае нашаму сябру.
Мы бачым цяпер машыны вадамётныя, людзей у шлемах, з аўтаматамі, у бронекамізэльках. Гэта сьведчыць аб тым, што Арцём затрыманы надоўга, да наступнага судовага разбору. Што залежыць ад нас, то гэта, безумоўна, маральная, псыхалягічная падтрымка Арцёма. Мы будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, падтрымліваць яго акцыямі салідарнасьці“.
Арцём Дубскі да суду будзе ўтрымлівацца ў камэры сьледчага ізалятара. Яго абвінавачваюць паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэксу (парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня).