Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск: “Калі вы антэну паставіце, мы і вашу зрэжам”


Паводле зьвестак на 1 студзеня гэтага году, у Цэнтральным раёне Менску налічваліся 733 спадарожнікавыя антэны, але дазвол ёсьць на ўсталяваньне толькі 28.

СЛУХАЦЬ:


Астатнія 705 усталяваныя самавольна. Зрэзана жыльлёва-камунальнымі службамі 172 талеркі.

Майстар аднаго з ЖЭСаў Цэнтральнага раёну Менску расказала:

“На фасадзе будынку забаронена. Ёсьць рашэньне Менгарвыканкаму. Толькі на даху можна. Мы даем прадпісаньне, людзі ня зносяць, мы бярэм вышку, зразаем. Вось у мяне поўны склад іх. Калі вы паставіце, мы і вашу зрэжам”.

Калі вы паставіце, мы і вашу зрэжам.
Паводле прадстаўніцы ЖРЭА Цэнтральнага раёну Менску Марыны Касяк, калі ўладальнік адмаўляецца дэмантаваць талерку, то яго спрабуюць прымусіць гэта зрабіць, прыцягваючы да адміністратыўнай адказнасьці:

“ЖЭС павінен выдаць прадпісаньне заказным лістом. Яны ня менш за два разы павінны людзей праінфармаваць, каб выправілі выяўленыя парушэньні. То нельга дастаць гэтага гаспадара, то ён хаваецца, то не адчыняе дзьверы. Пратакол жа трэба скласьці на канкрэтную асобу. Праца вядзецца, і я ведаю, што ЖЭСы вядуць яе, як могуць”.

Жыльлёвыя ўстановы спасылаюцца на пастанову Савету міністраў № 1805 ад 31 сьнежня 2006 году. Паводле Марыны Касяк, гэты дакумэнт адносіць спадарожнікавую антэну да інжынэрнага абсталяваньня. І каб яе паставіць, трэба распрацоўваць праектную дакумэнтацыю.

“Менская гарадзкая жыльлёвая гаспадарка” прадпісвае, што талерка не павінна парушаць архітэктурны воблік Менску і стан жыльлёвых памяшканьняў. І калі архітэктар ня дасьць дазволу, то далей у ЖЭС ужо ня варта і зьвяртацца.

На фасадзе гэта ўсталяваць у прынцыпе нельга.
“На фасадзе гэта ўсталяваць у прынцыпе нельга. Было ўказана ў свой час жыльлёвым аб’яднаньням правесьці працу, абсьледаваць, і калі няма дазволаў, то іх трэба дэмантаваць. І павінны былі быць прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці. А на даху, калі ёсьць праектная дакумэнтацыя, то ніхто не забараняе іх усталёўваць”.

Аднак Марына Касяк адзначае, што выразна распрацаваных дакумэнтаў адносна ўсталяваньня ці дэмантажу талерак дагэтуль не існуе.

Тым часам у інтэрнэце можна знайсьці асобаў, якія маюць ліцэнзію і ўсталёўваюць талеркі. Адзін зь іх, Пётар, патлумачыў:

“Дазвол патрэбны, калі вы знаходзіцеся на праспэкце Незалежнасьці. На Незалежнасьці — толькі на даху. А калі антэна будзе ўсталёўвацца асобна на бальконе, то ніякіх пытаньняў няма. У некаторых месцах трэба ўзгадняць, калі ў цэнтральных частках вокны выходзяць на праезную частку, якая прыраўноўваецца да праспэкту. А так ніякіх пытаньняў няма”.

Улады ня хочуць, каб людзі глядзелі “Белсат”.
Паводле юрыста Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, гэтыя праблемы з талеркамі ўзьніклі з-за таго, што ўлады ня хочуць, каб людзі глядзелі “Белсат”:

“Тое, што зараз гэтыя праблемы з талеркамі пачалі ўзьнікаць, у першую чаргу зьвязана не з турботамі пра горадабудаўніцтва, а якраз з прыёмам тэлеканалаў, якія ўлады ня хочуць, каб іх свабодна глядзелі людзі”.

Як распавялі ў ЖРЭА Цэнтральнага раёну, адзін дыплямат з Таджыкістану мае дзьве талеркі, і іх, натуральна, ня зрэзалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG