Заснавальніка часопісу Андрэя Дынька судзьдзя не дапусьціла на працэс.
Адвакат Павал Сапелка, які прадстаўляў рэдакцыю ў працэсе, заявіў, што рашэньне будзе абскарджанае ў абласным судзе.
Рэдактар часопісу Валер Булгакаў заявіў Свабодзе з гэтай нагоды:
“Гэта само па сабе папярэджаньне, што нягледзячы на эрозію лукашэнкаўскай сыстэмы, яе базавыя прынцыпы застаюцца непахіснымі. Нягледзячы на ўсю абсурднасьць абвінавачваньняў, змагацца з дзяржавай немагчыма, Normal 0 юрыдычныя зачэпкі заўсёды будуць знойдзеныя".
24 кастрычніка супрацоўніца берасьцейскай рэгіянальнай мытні Рэната Нядбаева палічыла, што зьвесткі, якія ўтрымліваюцца ў гэтым нумары часопіса ARCHE, “могуць нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”. 10 асобнікаў выданьня, знойдзеныя ў багажы гісторыка Алеся Пашкевіча, былі забраныя на экспэртызу.
Упраўленьне КДБ па Берасьцейскай вобласьці прызнала нумар часопісу экстрэмісцкім, прызнаўшы, што ў ім знаходзяцца зьвесткі, якія дыскрэдытуюць дзейнасьць органаў улады Беларусі.
КДБ з 1100 старонак часопісу экстрэмісцкімі прызнала 4 фразы: з тэксту заходніх палітолягаў, рэцэнзіі на фільм “Катынь”, матэрыялаў круглага стала аб выбуху 4 ліпеня ў Менску і аналізу парлямэнцкіх выбараў 2008 году. Ніякіх заклікаў да гвалтоўнай зьмены пануючага рэжыму экспэрты КДБ не адзначылі.
Паводле гэтага рашэньня суду, арыштаваныя асобнікі часопісу могуць быць зьнішчаныя.