Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавэс выйграў канстытуцыйны рэфэрэндум


Учора рэфэрэндум у Вэнэсуэле зьняў канстытуцыйныя абмежаваньні на колькасьць тэрмінаў ва ўладзе для тых афіцыйных асобаў, якія атрымліваюць свае пасады шляхам выбараў. Гэта значыць, што прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс можа выстаўляць сваю кандыдатуру і на прэзыдэнцкіх выбарах у 2012 годзе, калі сканчаецца яго другі прэзыдэнцкі тэрмін.

Уга Чавэс не хаваў радасьці пасьля абвяшчэньня вынікаў плебісцыту, у якім прапанову зьняць канстытуцыйныя абмежаваньні на працягласьць знаходжаньня ва ўладзе прэзыдэнта, губэрнатараў, мэраў, парлямэнтароў і мясцовых дэпутатаў падтрымалі 54 адсоткі выбаршчыкаў. Ён заявіў:

“Годнасьць патрыётаў перамагла тых, хто адпрэчвае патрыятызм. Перамагла настойлівасьць. Згадайма бацьку, Сімона Балівара, бацьку-вызваліцеля, калі ён сказаў: “Бог дае перамогу настойлівасьці”.

У настойлівасьці Чавэсу не адмовіш. У сьнежні 2007 году ён ужо прайграў падобны рэфэрэндум — тады 51 адсотак вэнэсуэльцаў галасавалі супраць канстытуцыйнай папраўкі, якая дазволіла б Чавэсу пераабірацца неабмежаваную колькасьць разоў.

Чавэс заявіў учора, што ён будзе балятавацца на наступных прэзыдэнцкіх выбарах, калі толькі “Бог і народ не заплянуюць нечага іншага”.

У рэфэрэндуме ўзялі ўдзел 67 адсоткаў вэнэсуэльцаў — аналітыкі мяркуюць, што гэта дае Чавэсу моцны мандат, каб працягваць сваю палітыку сацыялістычнай трансфармацыі Вэнэсуэлы.

Апазыцыя заявіла, што ня будзе аспрэчваць вынікаў рэфэрэндуму. Але, паводле апазыцыі, рэфэрэндум прайшоў несумленна, бо ў выбарчай кампаніі Чавэс задзейнічаў увесь адміністрацыйны рэсурс свайго ўраду.

Трэба аднак прызнаць, што прэзыдэнт Чавэс цешыцца сапраўднай папулярнасьцю сярод бяднейшых пластоў насельніцтва Вэнэсуэлы, перш за ўсё за ажыцьцяўленьне шэрагу сацыяльных праграмаў.

Але ў гэтым якраз і тоіцца вялізная небясьпека для яго ўлады.

Фінансаваньне бясплатнай вышэйшай адукацыі, сыстэмы аховы здароўя ці пабудовы жытла для бедных вэнэсуэльцаў адбываецца за кошт даходаў ад экспарту нафты. Усе гэтыя праграмы разьлічаныя ў вэнэсуэльскім бюджэце на сусьветную цану нафты 60 даляраў за барэль. А яна ўжо ўпала ніжэй за 40 даляраў за барэль і ў абставінах сусьветнага крызысу не зьбіраецца падымацца. Да таго ж, гадавая інфляцыя ў Вэнэсуэле перавысіла 30 адсоткаў. Эканамісты перасьцерагаюць Чавэса, што ў яго могуць хутка скончыцца грошы на ягоныя папулярныя, але дарагія праграмы. А тады і народная любоў можа аслабнуць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG