Міністры заявілі пра неабходнасьць "удасканаленьня ўзаемадзеяньня трох краінаў па забесьпячэньні функцыянаваньня цягніка камбінаваных перавозак "Вікінг". Было падкрэсьлена, што рэалізацыя гэтага праэкту дасьць магчымасьць як удасканаліць транспартную сыстэму Балта-Чарнаморскай эканамічнай прасторы, гэтак і пашырыць геаграфію грузавых перавозак.
Міністар замежных спраў Украіны Уладзімір Агрызка заявіў пра гатоўнасьць сваёй краіны пастаўляць электраэнэргію ў Літву праз Беларусь, зазначыўшы, што рэалізацыя гэтага праекта ўжо знайшла падтрымку ў прэзыдэнтаў трох дзяржаў і прадугледжана Дарожнай мапай разьвіцьця стратэгічнага партнэрства паміж Украінай і Літоўскай Рэспублікай на 2009—2010 гады. З гэтай мэтай у Вільні прайшлі кансультацыі экспэртаў трох краінаў, падчас якіх абмяркоўваліся тэхнічныя і тэхналягічныя аспэкты рэалізацыі "гэтага ўзаемавыгаднага трохбаковага праекта".
Пагадненьне аб транзыце ўкраінскай электраэнэргіі ў Літву празь Беларусь можа быць падпісана ў траўні, паведаміў журналістам па выніках перамоў міністар замежных справаў Літвы Вігаўдас Ушацкас.
Кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў абмеркавалі таксама пытаньні практычнай рэалізацыі ініцыятывы "Усходняе партнэрства".
Падчас сустрэчы міністры наведалі Х Міжнародны Віленскі кніжны кірмаш, у якім бяруць удзел аўтары і выдаўцы з Беларусі і Украіны.