Гэта адбылося сёньня раніцай ў памяшканьні офіса фірмы “Ніка-таксі 22222”, а таксама ў кватэрах кіраўніцы фірмы Людмілы Парэмскай, Мікалая Аўтуховіча й Юры Лявонава. Лявонаў і Аўтуховіч былі затрыманыя.
Паводле словаў Людмілы Парэмскай, ператрусы праводзілі каля 30 супрацоўнікаў міліцыі, якія прыехалі некалькімі аўтамабілямі. Некаторыя, зь яе слоў, былі ў масках і з аўтаматамі.
Спадарыня Парэмская сказала, што шукалі зброю і наркотыкі ў кватэрах і офісе, нават правяралі агароды мінашукальнікамі.
Канфіскаваны кампутары з офіса, а таксама рэчы, якія належалі Мікалаю Аўтуховічу. Ператрусы працягваліся з паловы сёмай раніцы і амаль да 14–й гадзіны дня.
Нагадаю, што Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны 7 ліпеня 2006 году на тры гады й шэсьць месяцаў з канфіскацыяй маёмасьці за тое, што нібыта ўхіляўся ад нявыплаты падаткаў у бюджэт і гэтым самым нанёс вялікія страты дзяржаве.
Вінаватым Аўтуховіч сябе не прызнаў і лічыць, што прысуд насіў палітычны характар. Юры Лявонаў таксама быў асуджаны на тры гады і 5 месяцаў.
Летась напачатку году прадпрымальнікаў выпусьцілі з турмы і замянілі пакараньне на абмежаваньне волі. Срок пакараньня Лявонава й Аўтуховіча сканчаецца сёлета летам.
)