Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдасца дэмакратызаваць беларускія выбары?


Каб абмеркаваць праблему дэмакратызацыі выбарчага працэсу, Беларусь наведаў дырэктар БДІПЧ АБСЭ сп. Ленарчыч. Ці сапраўды беларускае выбарчае заканадаўства дрэннае і яго трэба мяняць? Якія зьмены прапануе ўнесьці ў Выбарчы кодэкс аб’яднаная апазыцыя? Ці пагодзяцца на іх улады?

Normal 0

Удзельнікі: юрыст Сяргей Альфер і каардынатар назіраньня за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў Уладзімер Лабковіч.
Ці дрэннае беларускае выбарчае заканадаўства?

Валер Карбалевіч
: “Адно з патрабаваньняў ЭЗ да беларускіх уладаў — дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства. Гэтая праблема застарэлая. Апазыцыя таксама шмат разоў вылучала такое патрабаваньне, але безвынікова. Можна спадзявацца, што цяпер нарэшце справа зрушыцца зь мёртвай кропкі. Дзеля гэтага ў Менск прыехаў зь візытам дырэктар БДІПЧ АБСЭ сп. Ленарчыч.
Прадстаўнікі ўладаў, у прыватнасьці старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі сп-ня Ярмошына, сьцьвярджаюць, што беларускае выбарчае заканадаўства адпавядае эўрапейскім стандартам. Некаторыя незалежныя экспэрты таксама кажуць, што ў дэмакратычнай краіне на падставе Выбарчага кодэксу Беларусі можна было б правесьці дэмакратычныя выбары. Дык ці сапраўды беларускае выбарчае заканадаўства дрэннае і яго трэба мяняць?”
Сяргей Альфер: “Выбарчы кодэкс Беларусі не адпавядае міжнародна-прававым нормам. Але па ім можна было б правесьці дэмакратычныя выбары, напрыклад, у Вялікай Брытаніі, дзе таксама існуе мажарытарная выбарчая сыстэма.
Праблема ў тым, што палажэньні беларускага выбарчага заканадаўства неканкрэтныя. Гэта дазваляе ўладам рабіць маніпуляцыі падчас выбараў. Таму для пераходнай краіны Выбарчы кодэкс зьяўляецца дрэнным”.
Уладзімер Лабковіч: “Праблема нашых выбараў ня ў Выбарчым кодэксе, а ў практыцы яго прымяненьня. Такая практыка, якая ў нас склалася, пры любым кодэксе прывядзе да маніпуляцый і фальсыфікацый. Напрыклад, у Азэрбайджане Выбарчы кодэкс шмат якімі экспэртамі лічыцца адным з найлепшых. Але гэта не перашкаджае азэрбайджанскім уладам праводзіць недэмакратычныя выбары.
Сапраўды, наш Выбарчы кодэкс недакладны, і гэта дазваляе ўладам рабіць маніпуляцыі. І сапраўды, паводле гэтага кодэксу можна правесьці нармальныя выбары пры добрай волі тых, хто іх праводзіць. Таму яны і не прызнаюцца АБСЭ”.
Прапановы апазыцыі
Карбалевіч: “Якія зьмены прапануе ўнесьці ў Выбарчы кодэкс аб’яднаная апазыцыя?”
Альфер: “Зьмены ў выбарчым заканадаўстве прапанавалі зрабіць эўрапейскія структуры. Але іх прапановы ня вельмі канкрэтныя. Нашая група па распрацоўцы зьменаў у Выбарчы кодэкс, створаная АДС, падрыхтавала праект, які базуецца на гэтых прапановах.
Мы прапанавалі ўнесьці зьмены ў 17 артыкулаў Выбарчага кодэксу, у закон аб масавых мерапрыемствах, у закон аб Цэнтральнай выбарчай камісіі і ў Грамадзянска-працэсуальны кодэкс.
Найперш мы прапануем зьмены ў працэс вылучэньня прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. У першую чаргу ў гэтыя камісіі павінны ўключацца прадстаўнікі партый, і толькі потым, калі застануцца вакантныя месцы, уключаць іншых суб’ектаў выбарчага працэсу: прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў, працоўных калектываў, грамадзян.
Таксама мы прапануем адмяніць патрабаваньне, што вылучаць прадстаўнікоў у камісіі можа толькі партыя, якая мае на тэрыторыі выбарчай акругі арганізацыйную структуру. Мы прапануем пашырыць правы назіральнікаў, яны павінны мець магчымасьць рэальна назіраць за выбарчым працэсам.
Працэдура галасаваньня
Альфер: “Зьмяняецца працэдура датэрміновага галасаваньня. Выбаршчык, які хоча прагаласаваць датэрмінова, павінен прадставіць дакумэнт, які пацьвярджае, што чалавек у дзень выбараў ня можа быць на тэрыторыі свайго выбарчага ўчастку. І галасаваць датэрмінова можна толькі на адным участку акругі альбо адным на раён.
Тое ж самае тычыцца галасаваньня па месцы знаходжаньня выбаршчыка. Ён павінен напісаць заяву з тлумачэньнем, чаму ён ня можа прыйсьці на ўчастак.
Падлік галасоў павінен праводзіцца галосна. Адзін зь сябраў выбарчай камісіі бярэ бюлетэнь, услых чытае прозьвішча кандыдата, паказвае астатнім сябрам камісіі і кладзе ў асобны стос. Пасьля падпісаньня копія пратаколу даецца назіральнікам. Таксама мяняецца працэдура абскарджваньня.
Датэрміновае галасаваньне

Лабковіч:
“Зьвярнуў бы ўвагу на тры галоўныя моманты. Найперш патрэбен абавязковы допуск сябраў партый у камісіі. Па-другое, празрыстасьць галасаваньня, у тым ліку датэрміновага. Па-трэцяе, пашырэньне правоў назіральнікаў. Таму што простая прысутнасьць назіральнікаў на выбарчым участку, як цяпер адбываецца, — гэта не назіраньне”.
Карбалевіч: “А чаму не паставіць пытаньне ўвогуле пра адмену датэрміновага галасаваньня? Таму што калі яно застанецца, то ўлады знойдуць магчымасьць усё рабіць, як і цяпер”.
Альфер: “Па-першае, датэрміновае галасаваньне існуе ў большасьці дэмакратычных краін. Па-другое, ня веру, што ўлады пойдуць на адмену гэтага галасаваньня. Таму трэба зыходзіць з рэальнасьці”.
Прадстаўніцтва партый у выбарчых камісіях
Карбалевіч: “На якія зьмены могуць пагадзіцца ўлады, а на якія — не? Вось, напрыклад, улады пагодзяцца на стварэньне выбарчых камісій зь сябраў партый. Пры гэтым улады створаць штучна свае партыі, ператвораць у партыю тую ж арганізацыю “Белая Русь”, і ў камісіях будуць адны прыхільнікі ўлады. І ў той жа час яны ня будуць парушаць дэмакратызаваны Выбарчы кодэкс”.
Лабковіч: “Мы прадугледзелі такую магчымасьць. Усе партыі павінны знаходзіцца ў роўных умовах. Закон павінен гарантаваць, што адзін прадстаўнік любой партыі, які вылучаны, павінен быць уключаны ў камісію. Мы нават не патрабуем для апазыцыі большасьці, права вэта ці кантрольнага пакету галасоў. Але я сумняваюся, што ўлады пагодзяцца выкарыстоўваць такі прынцып пры фармаваньні ўчастковых выбарчых камісій”.
Карбалевіч: “Улады могуць пайсьці на такі ход. Яны штучна створаць шмат партый, іх агульная колькасьць вырасьце да 40—50, а потым скажуць: ня могуць камісіі быць такімі шматколькаснымі, мы ня можам прадстаўнікоў усіх партый уключаць туды, трэба адбіраць. А па якім прынцыпе яны будуць адбіраць, здагадацца ня цяжка. Можа, трэба было б законам гарантаваць месца апазыцыі ў камісіях?”
Альфер: “Такога ня будзе. Бо прэзыдэнт баіцца палітычных партый і таму ня дасьць загаду стварыць 20—50 фантомных партый. Вось у Малдове закон патрабуе, каб апазыцыя мела большасьць у выбарчых камісіях, уключаючы і цэнтральную камісію.
Я бачу тут іншую праблему ў рэалізацыі гэтай ідэі. У беларускіх партый няма столькі сяброў і прыхільнікаў, каб “закрыць” усе выбарчыя камісіі.
Гэты варыянт Выбарчага кодэксу павінен дзейнічаць на пераходны пэрыяд. Пасьля таго як у парлямэнце зьявяцца фракцыі, выбарчыя камісіі будуць фармавацца з партый, якія прадстаўлены ў парлямэнце”.
Лабковіч: “У беларускім заканадаўстве няма юрыдычнага тэрміну “апазыцыя”. Спачатку павінна зьявіцца сыстэмная апазыцыя. А потым можна будзе заканадаўча гарантаваць яе месца ў выбарчых камісіях”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG