Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Франака Вячорку даставяць у суд


Намесьнік кіраўніка міліцыі Савецкага раёну Менску паведаміў старшыні моладзі БНФ Франаку Вячорку, што яму даручана даставіць Франака ў суд 26 студзеня. Гэта пры тым, што Франак сам падаў заяву са скаргай на дзеяньні вайскоўцаў і мэдыкаў падчас прызыўной кампаніі. Падставай стала ягонае гвалтоўнае затрыманьне ў шпіталі, каб у той жа дзень накіраваць у вайсковую частку. Суд прыпыніў прызыў актывіста да разгляду скаргі. Назіральнікі адзначаюць беспрэцэдэнтнасьць выпадку: заяўніка патрабуюць у суд, калі ад дня падачы заявы не прайшло й тыдня, прычым яму нават не даслалі позвы, а даручылі міліцыянтам даставіць яго на паседжаньне.

Франак Вячорка паведаміў “Свабодзе”, што яму патэлефанаваў не ўчастковы міліцыянт, што было б лягічна, а намесьнік кіраўніка міліцыі раёну, у якім пражывае каля двухсот тысяч чалавек.

16 студзеня Франака Вячорку гвалтоўна схапілі ў палаце шпіталя, дзе ён праходзіў мэдычнае абсьледаваньне, і прывезьлі ў ваенкамат. Там яму паведамілі, што праз пару гадзінаў адвязуць у вайсковую частку. На той момант Франак меў адтэрміноўку ад службы ў войску з-за апэрацыі на вачах і некаторых хранічных захворваньняў. Але прымусова праходзіў яшчэ адну камісію ў рэспубліканскім вайсковым шпіталі.

17 студзеня Франак Вячорка зьвярнуўся ў суд са скаргай на дзеяньні вайскоўцаў і мэдыкаў падчас прызыўной кампаніі. Моладзевы актывіст патрабаваў, каб вайсковыя камісіі захоўвалі прынцып роўнасьці ўсіх прызыўнікоў.

Суд Савецкага раёну Менску папярэдзіў ваенкамат, што да таго часу, пакуль ня будзе разгледжана скарга, прызыў Франка Вячоркі ў войска прыпыняецца.

Паколькі ў судах знаходзіцца шмат заяваў і спраў, то на практыцы звычайна справы прызначаюцца для разгляду не раней як за два тыдні ад той даты, калі яны трапілі ў суд.

Франак Вячорка лічыць, што паколькі прызыў будзе доўжыцца да 31 студзеня, улады будуць намагацца хутчэй вырашыць пытаньне ў судзе на карысьць вайскоўцаў, каб забраць яго ў войска. Франак заяўляе, што цяпер стала відавочнай палітычная матывацыя гэтай справы:

“Адвакат тэлефанаваў у суд, і там паведамілі, што дата яшчэ не прызначаная. Атрымліваецца, што міліцыянты ведаюць, калі будзе суд, а сам суд пра гэта яшчэ ня ведае. Я думаю, што перастараліся тут улады з мэтай “запрэгчы” мяне як мага хутчэй у войска.

Час іх падціскае — да канца прызыву застаецца пяць дзён. Таму яны й вырашылі ўсімі шляхамі фарсіраваць гэтыя падзеі.

Палітычны падтэкст цяпер ужо відавочны. У шпіталь мяне дастаўлялі супрацоўнікі службы бясьпекі прэзыдэнта, а ў суд мяне запрашае сам намесьнік кіраўніка раённай міліцыі, нават не сакратарка і не праз позву”.

Франак дагэтуль не атрымаў позвы ў суд. Намесьнік кіраўніка міліцыі Савецкага раёну паведаміў яму, што трэба быць у судзе 26 студзеня а 16 гадзіне. Цікава, што ў ваенкамаце вайскоўцы патрабавалі, каб менавіта а 16 гадзіне ён наведаў ваенкамат. Назіральнікі не выключаюць, што Франка адразу пасьля судовага разгляду павязуць у ваенкамат, а потым у вайсковую частку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG