Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Макей паабяцаў АБСЭ?


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей
Завяршыўся візыт у Менск дырэктара Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Янэза Ленарчыча. Прадметам яго перамоваў з афіцыйнымі ўладамі і грамадзянскай супольнасьцю была рэформа выбарчага працэсу ў Беларусі.

Падводзячы вынікі візыту, спадар Ленарчыч адзначыў, што кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей запэўніў яго “у гатоўнасьці і палітычнай волі беларускага ўраду правесьці выбарчую рэформу, аднак такі працэс будзе ня хуткім, паступовым”. Паводле спадара Ленарчыча, БДІПЧ дапаможа правесьці зьмены ў выбарчым заканадаўстве і правапрымяняльнай практыцы, каб Беларусь адпавядала сваім абавязаньням у рамках АБСЭ.

“Я таксама падкрэсьліў на перамовах вельмі важны момант, што ў гэты працэс выбарчай рэформы павінны быць уключаныя прадстаўнікі палітычных партый і грамадзянскай супольнасьці. Неабходна, каб тыя зьмены, якія будуць унесеныя ў выбарчае заканадаўства, мелі падтрымку ўсяго насельніцтва. І каб насельніцтва мела ўпэўненасьць у зьменах, неабходны яго ўдзел у гэтым працэсе”.

Янэз Ленарчыч
На пачатку лютага плянуецца сустрэча экспэртаў БДІПЧ і беларускага боку, на якой будуць вызначаныя канкрэтныя сфэры для рэформы выбарчага працэсу.

Прадстаўнікі апазыцыі пакуль не атрымалі памяшканьня для сходу ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за зьмены выбарчага заканадаўства. Янэз Ленарчыч адзначыў:

“Я думаю, што такі працэс будзе мець месца ў Беларусі, бо свабода асацыяцый, сходаў і выказваньняў вельмі важная. І я спадзяюся, што гэта будзе рэалізавана і такая ініцыятыва адбудзецца”.

Анатоль Лябедзька
Паводле лідэра АГП Анатоля Лябедзькі, сёньня за подпісам пяці прадстаўнікоў апазыцыі накіравана заяўка ў Менгарвыканкам аб правядзеньні 8 лютага сходу на пляцоўцы каля Акадэміі навук альбо ў адным з цэнтральных паркаў. Спадар Лябедзька пасьля сустрэчы зь Янэзам Ленарчычам адзначыў:

“Падчас учорашняй сустрэчы з Уладзімерам Макеем ён цікавіўся сытуацыяй, што грамадзяне Беларусі ня могуць рэалізаваць права на заканадаўчую ініцыятыву, правесьці сход ініцыятыўнай групы. Макей абяцаў далучыцца да гэтага пытаньня і паспрабаваць разабрацца. Спадар Ленарчыч заявіў, што ён не хацеў бы, каб бачылі, як ён танчыць з урадам у той час, калі грамадзяне Беларусі ня могуць сабрацца на сход”.

Адзін зь лідэраў Эўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч пасьля сустрэчы з дырэктарам БДІПЧ АБСЭ заявіў:

Мікола Статкевіч
“Безумоўна, АБСЭ, БДІПЧ у курсе, як праходзяць беларускія выбары, дзякуючы прафэсійнай працы папярэдняй місіі на чале з Арэнсам. Яны выдатна валодаюць сытуацыяй. Беларускія ўлады вучацца гуляць у дэмакратызацыю, замыльваць пытаньне, але пры гэтым паводзяць сябе зьнешне прыстойна. Кожны дробны крок па лібэралізацыі вельмі добра ўзважваецца на прадмет небясьпекі ўладзе. Бо мэта гульні — не дэмакратызацыя, не паляпшэньне становішча краіны. Мэта гульні — захаваньне ўлады. Толькі само беларускае грамадзтва можа вярнуць сабе права абіраць уладу”.

Сёньня спадар Ленарчыч сустрэўся з сустаршынямі палітрады аб’яднаных дэмсілаў і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці. У сустрэчы зь Янэзам Ленарчычам бралі ўдзел Аляксандар Мілінкевіч, Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Мікола Статкевіч, Анатоль Ляўковіч, Сяргей Калякін, Жанна Літвіна, Віктар Карняенка, Алесь Бяляцкі і іншыя асобы.

Таксама Янэз Ленарчыч сустрэўся з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімерам Макеем, міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, дырэктарам цэнтра заканатворчай дзейнасьці Міцкевічам і старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG