Яны бяруць удзел у сэмінары, на якім абмяркоўваецца пытаньне выкананьня беларускім урадам рэкамэндацый Міжнароднай арганізацыі працы.
Напярэдадні яны сустрэліся з прадстаўнкамі ўраду Беларусі і прафсаюзаў.
Нагадаем, у 2007 годзе за парушэньні правоў прафсаюзаў Беларусь была выключана з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцый Эўразьвязу. Для іх вяртаньня беларускія ўлады павінны выканаць 12 рэкамэндацый МАП. Яны павінны прадставіць незалежным прафсаюзам магчымасьць рэгістраваць свае першасныя арганізацыі, даць ім права працаваць на ўзроўні з афіцыйнымі прафсаюзамі, спыніць перасьлед грамадзянаў па прафсаюзнай прыналежнасьці і гэтак далей.
У сэмінары бяруць удзел прадстаўнікі ўладаў, Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі і дэмакратычных прафсаюзаў.
“Мы надаем вялікае значэньне сэмінару і лічым сам факт таго, што ён адбудзецца, вялікім крокам наперад у вырашэньні праблемы існаваньня прафсаюзаў у краіне”, - заявіў БелПАН лідэр Беларускай канфэдэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.
У 2003 годзе Адміністратыўная рада МАП пачала расьсьледаваньне аб парушэньні правоў прафсаюзаў у Беларусі па скарзе незалежных прафсаюзных аб'яднаньняў. У выніку Беларусь пяць разоў уносілася ў спэцпараграф Міжнароднай канфэдэрацыі працы як краіна, дзе парушаюцца правы прафсаюзаў.