Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўжо не баіцца Масквы?


Ці можна лічыць прарывам у беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях сустрэчу 20 студзеня прэзыдэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Юшчанкі? Як Масква можа адрэагаваць на прынятыя ў Чарнігаве дэклярацыі і рашэньні? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Ігра Лялькоў.

Цыганкоў
: “Як можна ацаніць сустрэчу двух прэзыдэнтаў на фоне сёньняшняга палітычнага кантэксту, тыя тэмы, якія ўздымаліся ў Чарнігаве, рашэньні, якія там прымаліся? Ці можна назваць гэта прарывам?”

Лялькоў: “Прарыў – магчыма, было б занадта моцнае слова. Але гэта адзін з сур’ёзных крокаў на шляху да паляпшэньня палітычных адносінаў і ўсталяваньня нармальных эканамічных адносінаў. Таксама сустрэчу можна разглядаць у кантэксьце агульнага паляпшэньня адносінаў паміж Менскам і Захадам. Як вядома, Украіна на постсавецкай прасторы зьяўляецца адной з блізкіх да Захаду дзяржаваў. Таму сустрэча – гэта чарговы крок да паляпшэньня адносінаў з суседзямі і да таго, каб адарвацца ад аднабаковага прывязваньня замежнай палітыкі Беларусі да Расеі”

Цыганкоў: “Вы лічыце, што гэты агульны геапалітычны кантэкст быў важнейшым за ўласна беларуска-ўкраінскія адносіны? Ці можна сказаць, што Юшчанка на гэтай сустрэчы прадстаўляў ня толькі Ўкраіну, але і шырэй Захад?”

Лялькоў
: “Я думаю, што гэта падкрэсьліў і Лукашэнка ў адным з сваім выказваньняў, калі падзякаваў Украіне за яе пазыцыю на Захадзе наконт аднаўленьня кантактаў Беларусі і Захаду пасьля столькіх гадоў замаразкаў. Гэты геапалітычны кантэкст зьвязаны з будучай стратэгіяй “Усходняга партнэрства” і з стварэньнем Балта-Чарнаморскага энэргетычнага калідору, -- пра што, дарэчы, БНФ казаў з канца 80-х”.

Цыганкоў: “Раней сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны неаднаразова адкладваліся – над чым міжволі паўставаў цень Масквы. Лукашэнка не рашаўся на гэтыя сустрэчы, баючыся выклікаць незадавальненьне Расеі. Ці азначае спатканьне ў Чарнігаве, што Лукашэнка ўжо ня так баіцца рэакцыі Масквы, ці проста ў Расеі ў дадзеным выпадку няма ніякіх падставаў для нэгатыўнай рэакцыі?”

Лялькоў: “У першую чаргу ў Расеі цяпер нашмат меней магчымасьцяў уплыву – і на Беларусь, і на Ўкраіну. З пачаткам пэўнай “адлігі” паміж Беларусьсю і Захадам ступень залежнасьці ад Масквы – прынамсі, вонкава – зьніжаецца. У гэтым кантэксьце прыйшоў час для гэтай сустрэчы, якая раней неаднаразова адкладалася”

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG