Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі рубель пацягне за сабою і беларускі


Курс расейскага рубля адносна амэрыканскага даляра дасягнуў гістарычнага мінімуму. Ніколі раней у сучаснай Расеі адзін даляр не каштаваў так дорага — больш за 32 рублі паводле афіцыйнага курсу і 35 рублёў у абменьніках. Ці паўплывае падзеньне расейскага рубля на курс беларускага?

Ад пачатку новага году беларускі рубель прывязаны ня толькі да даляра, як было раней, а да кошыка валют. У кошыку — даляр, эўра і расейскі рубель.

Леанід Заіка
Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка лічыць: падзеньне расейскага рубля пацягне за сабою і рубель беларускі:

“Пасьля гэтай дэвальвацыі расейскага рубля ў нас таксама аўтаматычна павінна адбыцца дэвальвацыя. То бок даляр будзе каштаваць дзесьці 2700-2800 беларускіх рублёў. Калі гэтага ня зробім, дык экспарт у Расею будзе менш выгадным”.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса, лічыць: уключэньне расейскага рубля ў кошык валют — памылка:

“Расейскі рубель — нестабільны. І ён дрэнная якар-валюта. Таму і ўключаць яго ў кошык не было патрэбы. Атрымліваецца, што Беларусь арыентаваная не на стабільнасьць, а на пэўныя палітычныя мэты.

Кошт расейскага рубля і далей будзе зьніжацца. Нафтавы рай для Расеі скончыўся, прыток валюты зьменшыцца. Расейскі рубель будзе таньнець. І на беларускі рубель гэта будзе ўплываць нэгатыўна. І мы будзем знаходзіцца пад рызыкай і далейшай дэвальвацыі беларускага рубля. А гэта не забясьпечыць нам стабільнасьці“.

Леанід Заіка тлумачыць: цяпер экспарт беларускіх тавараў у Расею становіцца менш выгадным, а імпарт адтуль, наадварот, прыбытковым. Але разьлікі на тое, што там можна купіць нешта таньней і на гэтым разжыцца, марныя:

“Кожны бок зацікаўлены ўсё ж больш прадаваць, чым купляць. Тут як на ўласным досьведзе: калі шмат купіш, а нічога не прадасі, то будзеш сядзець з кіслым тварам. Вырабілі і прадалі — гэта добра. А калі проста купілі, дык за што потым грошы атрымліваць? Таму галоўнае — экспарт. Экспарт вырашае ўсё”.

Яраслаў Раманчук падзяляе думку калегі:

“У нас кантракты з Расеяй па газе і нафце — а гэта галоўныя для Беларусі пазыцыі — у далярах. Таму падзеньне расейскага рубля мала што значыць. Дэвальвацыя беларускага рубля азначае, што каб купіць адну і тую ж колькасьць нафты альбо газу, трэба альбо больш даляраў купіць, альбо больш рублёў атрымаць унутры краіны. Таму можна гнацца за нейкімі кароткатэрміновымі выгадамі, але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, стратэгічна нам вельмі важна атрымаць стабільную валюту. І тут трэба казаць не пра тое, як сёньня купіць, а заўтра перапрадаць. А каб зрабіць наш рубель стабільным і каб інфляцыя была 3% на год, а не 15%”.

Расейскія экспэрты не выключаюць, што да канца зімы кошт аднаго даляра дарасьце да 40 рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG