Улёткі найбольш распаўсюджваліся ў тых месцах, дзе жывуць актывісты: у Астраўцы і Варнянах. На іх зьмешчаныя сымбалі партыі АГП, а таксама падаецца хатні адрас Івана Крука, актывіста партыі й грамадзкай ініцыятывы супраць будаўніцтва АЭС.
Пазначаны на ўлётках і выдавец — ім нібыта зьяўляецца Анастасія Дзергачова. Гэта дачка смаргонскага праваабаронцы Алеся Дзергачова, які выдае грамадзкі бюлетэнь “Смаргонскі грак”. Дарэчы, абражальныя ўлёткі на Алеся Дзергачова зь лягатыпам “Смаргонскага грака” зьявіліся і ў Смаргоні.
Вось што кажа наконт гэтага старшыня ініцыятывы “Астравецкая атамная — гэта злачынства” Мікола Ўласевіч, чый подпіс сфабрыкаваны пад улёткай.
“Па-першае, гэта бруд. Іх пісаў чалавек, які павінен быць у палаце № 6 у псыхічным шпіталі. А хто іх напісаў? Напэўна, нашыя апанэнты. Яны ведаюць, на чыім баку праўда, таму не дазваляюць нам праводзіць пікеты, друкавацца ў газэце, не дазваляюць сустракацца зь людзьмі. А бруд льюць, каб аддзяліць людзей ад нас, каб мы страцілі ў іх давер”.
Мікола Ўласевіч жыве ў вёсцы Варняны. Пытаюся, як вяскоўцы адрэагавалі на ўлёткі.
“Да прыкладу, суседка мая сказала, што дурням няма чаго рабіць. Вось такі быў яе камэнтар”.
Былы палітвязень Іван Крук, як і Мікола Ўласевіч, чалавек пэнсійнага ўзросту. Пабачыўшы ўлёткі, ён сказаў наступнае:
“Я хачу сказаць, што ўлётка яўна гнюсная, зробленая з мэтай скарыць нас і нашых прыхільнікаў, абліць нас брудам. Але мы ўсё роўна пойдзем да канца”.
Іван Крук і Мікола Ўласевіч напісалі заяву ў пракуратуру раёна.
Алесь Дзергачоў распавядае, што ў Смаргоні супраць яго выдалі некалькі ўлётак агіднага зьместу зь лягатыпам ягонага бюлетэня.
“Я лічу, што гэта сплянаваная акцыя. Гэта можна назваць проста глупствам — хіба могуць быць такія мэтады барацьбы з іншадумствам? Я лічу, што гэта ўладамі арганізаваная акцыя”.
Сёньня ж стала вядома, што астравецкія актывісты атрымалі чарговую адмову з райвыканкаму на правядзеньне сустрэчы з грамадзкасьцю ў залі кінатэатра. Сустрэча плянавалася на 17 студзеня.
Актывісты меркавалі запрасіць навукоўцаў зь Менску і з-за мяжы, каб наладзіць дыскусію аб мэтазгоднасьці будаўніцтва АЭС.