Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгіёны: расейскія путы беларускага крызісу


На шэрагу прамысловых прадпрыемстваў у рэгіёнах Беларусі людзі губляюць працу альбо вымушаны пагаджацца на зьніжэньне заробкаў і пазаплянавыя адпачынкі.


МАГІЛЁЎ

Галоўны корпус Закрытага акцыянэрнага таварыства “Вясьнянка”
У Магілёве пасьля двухтыднёвага перапынку аднавіла працу швейная фабрыка “Вясьнянка”. Ці надоўга?

У сакавіку фабрыку чакаюць праблемы, зьвязаныя з пашырэньнем крызісных тэндэнцыяў у эканоміцы Расеі. Так лічыць кіраўніцтва магілёўскага прадпрыемства.

У крызіс зацягнула супрацоўніцтва з Расеяй
“Натуральна, мы залежым ад стану эканомікі ў Расеі, бо большая частка нашых заказчыкаў — Расея. Прадказаць на больш далёкі тэрмін, канечне, складана, аднак на сёньняшні дзень мы працуем. Большая частка нашай прадукцыі — гэта давальніцкія замовы”, — паведаміла прадстаўніца адміністрацыі фабрыкі “Вясьнянка”.

Паводле яе, цяпер на прадпрыемстве іншыя цяжкасьці — цякучасьць кадраў:

“У нас, як і ўва ўсёй лёгкай прамысловасьці й швейнай вытворчасьці, цякучасьць кадраў дужа вялікая. Мы чакаем новых працоўных. У нас цяпер нястача працоўнай сілы — швачак”.

Людзей не задавальняюць перадусім грошы. Сярэдні памер заробку кваліфікаванай швачкі не дацягвае да пяцісот тысяч рублёў.

На “Вясьнянцы” працуе каля дзьвюх тысяч чалавек.

МАЗЫР

У Мазыры задоўжыліся канікулы ў калектыву акцыянэрнага таварыства “Беларускабель”. За вымушаны прастой рабочыя атрымліваюць дзьве траціны заробку, а пэрспэктывы на сёлета застаюцца няпэўнымі.

Гаворыць адзін з працаўнікоў прадпрыемства:

“12 студзеня выйдзем і паслухаем, што скажа дырэктар. Становішча ў нас кепскае. Асноўны рынак збыту нашай прадукцыі — Расея. А яна ня надта хоча браць нашу прадукцыю і разьлічвацца за яе. Усе цяпер у напружаным стане“.

ААТ “Беларускабель страчвае рынкі збыту
На прадпрыемстве — звыш 1 тысячы чалавек. Намесьнік дырэктара Аляксандар Варанчук запэўнівае, што звальненьне тычылася толькі тых, хто дасягнуў пэнсійнага ўзросту. Зь іншымі — ня так усё проста:

“Ёсьць заканадаўства, ёсьць у людзей заключаныя кантракты. Каб звольніць каго-небудзь, павінны быць пэўныя ўмовы. Заканадаўства ж працуе — і ніхто ня дасьць яго парушаць”.

Як абараніць людзей ад крызісу, намесьнік дырэктара пакуль ня ведае:

“На сёньняшні дзень цяжка што-небудзь сказаць. Паколькі Расея й Украіна таксама знаходзяцца ў стадыі адпачынку. Па-мойму, усе цяпер адчуваюць пэўныя цяжкасьці — рынак жа зьменшыўся”.


ГАНЦАВІЧЫ


У Ганцавічах на Берасьцейшчыне спыняецца камбінат домабудаваньня. Рабочыя звальняюцца з заводу і шукаюць новай працы.

Завод, дзе вырабляюць сьцены для панэльных дамоў, цяпер больш прастойвае, чым працуе. Пра гэта кажа работніца прадпрыемства Тацьцяна Ярашэвіч:

Куды дзеліся інвэстыцыі, ніхто ня кажа
“У нас фактычна ўжо няма прадпрыемства. Вельмі мала людзей засталося працаваць. І хаця ўсе ведаюць, што грошы камбінат атрымаў, але куды яны дзеліся, ніхто ня кажа. У нас жа шмат начальства… А заробкаў, працы як не было, так і няма”.

Раней Ганцавіцкі КПД выконваў заказы мэліярацыйнага будаўніцтва. Тут мелі працу больш як 600 чалавек. Цяпер жа, як кажа супрацоўнік адміністрацыі юрыст Віталь Барташ, сыходзяць апошнія з прафэсіяналаў:

Ад крызісу зьбегла начальства
“Зараз амаль усе былыя нашыя працаўнікі пераходзяць у іншыя будаўнічыя арганізацыі. Альбо ў Маскве, у Пецярбургу, у Менску. Цяпер вось ПМК-14 нядрэнна падымаецца, атрымлівае заказы. Працэнтаў 20 нашых людзей адразу перайшлі туды”.

Ужо ва ўмовах крызісу Ганцавіцкі КПД пакінулі дырэктар і галоўны бухгальтар. А цяпер новае кіраўніцтва спрабуе атрымаць санкцыю на банкруцтва і тым самым сьпісаць даўгі. Аднак нават калі гэта адбудзецца, час страчаны, і аднавіць вытворчасьць праблематычна.

Віталь Барташ: “Панэлі ды іншыя жалезабэтонныя вырабы Пінск і Баранавічы завозяць зь Берасьця і Менску. Гэта вынік таго, што прадпрыемства было перададзенае ня ў тыя рукі. Няма ў Ганцавіцкім раёне спэцыялістаў, якія маглі б кіраваць КПД ці аказваць яму дапамогу”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG